Рождённая на небесах любовь живёт вечно

14:18 / 14.02.2017
Колпаки история любвиЗ чаго пачынаецца каханне?

З першага погляду глыбокіх, шэра-блакітных, бы нябёсы перад навальніцай, дзявочых вачэй. Са здрадніцкай чырвані, якая разліваецца па твары юнака пры сустрэчы з каханай. З нарастаючай пульсацыі сэрца, якое птушкай імкнецца вырвацца з грудзей. І тады хочацца расправіць крылы і паляцець насустрач каляроваму свету.

Каханне ўзмацняецца нараджэннем першынца. Не раз абпальваецца спрэчкамі і непаразуменнямі, якія здараюцца ў кожным сямейным жыцці, – і ўрэшце  –  робіцца больш моцным і сталым.

Яно сцерпіць усё на свеце: хваробы, нягоды і цяжкасці – і ніколі не памрэ, не загіне ў віхуры абрыдлай штодзённасці, калі яно – КАХАННЕ – патрэбна абодвум…

Колпаки история любви1Народжанае на нябёсах каханне жыве вечна...


У варнянскім касцёле святога Юрыя панаваў паўзмрок. Валянціна Феліксаўна і Іван Станіслававіч Калпакі стаялі ў кленчніках перад алтаром гэтак жа, як і пяцьдзясят гадоў назад. Самыя блізкія людзі – дзеці і ўнукі – прыйшлі падтрымаць бацькоў і ўпершыню ў жыцці стаць сведкамі незвычайнай падзеі – аднаўлення шлюбных абяцанняў сваіх мамы і таты.

Здавалася, гадзіннік часу даў зваротны ход. Іван і Валянціна ізноў сталі тымі ж, якімі былі паўстагоддзя назад: маладымі, імклівымі, а галоўнае – шчаслівымі. На яе твары разгладзіліся глыбокія маршчынкі, а ён, заўсёды такі дзелавіты і сур’ёзны, пяшчотна ўсміхаўся, калі ксёндз папрасіў іх – тройчы бабулю і дзядулю дарослых унукаў – абмяняцца пярсцёнкамі і сказаць тыя ж словы, якія яны прамовілі перад Богам адзін аднаму пяцьдзясят гадоў назад у марозны завейны дзень. Для ўсіх пачынаўся Новы 1967 год, а для іх гэта быў першы дзень доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця.

Усё вярнулася на кругі свае: быццам і не было гэтых гадоў, напоўненых радасцямі і пакутамі, цяжкай працай і вясёлымі сустрэчамі, горкімі слязьмі і шчаслівымі ўсмешкамі.

Яна


Колпаки история любви2Валянціна нарадзілася ў Старым Звярынцы, ці, як казалі даўней, у Дубнішках. Зараз гэты хутар ужо не адшукаеш на карце Астравеччыны, а раней тут у дзесяці хатках, да якіх з усіх бакоў туліліся лясы, жылі людзі: кахалі, працавалі, нараджалі дзяцей...

– Жылі мы небагата. У сям’і было сем душ: мама, тата, я, чатыры браты і сястра. Цяжка працавалі. Хлопцы хадзілі ў калгас на работу, а мы, дзяўчаты, – дапамагалі маме па гас­падарцы, – успамінае Валянціна Феліксаўна. – Раней быў не толькі Стары, але і Новы Звярынец. Такія лясы навокал! А дзічыны колькі вадзілася – напэўна, таму звярынцам і назвалі наш хутар. Тата з іншымі мужчынамі высякаў дрэвы, потым карчаваў вялізныя пні, каб зямлі больш было. Відаць, надарваўся ад цяжкай працы – злёг, а ў 1954 го­дзе памёр. Мама засталася адна. Цяжка нам прыйшлося без кармільца.

Валянціне моцна падабалася школьная навука. На ўроках, пакуль астатнія вучні старанна выводзілі ў сшытках літары, дзяўчынка раз-пораз употайкі паглядвала на настаўніцу і марыла быць падобнай да яе: ра­зумнай, добрай і прыгожай. Але гэтай мары не наканавана было ажыццявіцца.

Пасля заканчэння «чаты­рохгодкі» ў Лынкішках дзеці хадзілі ў Валэйкішскую школу. Маці, заўсёды такая добрая і мяккая, не пусціла Валю вучыцца далей – пяць кіламетраў пешшу праз непралазны гу­шчар трэба было ісці з хутара да школы. Не дапамаглі ні слёзы, ні дзіцячыя просьбы.

– Распісвацца ўмееш – хо­піць, – сказала маці, як адрэзала. – Няма чаго мне тут перажываць! На зямлі адна навука спатрэбіцца – працаваць.

І дзяўчынка працавала на роўных з дарослымі: даіла кароў, карміла свіней, а калі падрасла, то і ўвогуле выходзіла на работу ў калгас замест маці.

– Гэта зараз моладзь ледзь не кожныя выхадныя на танцы бяжыць, – узгадвае Валянціна Феліксаўна. – А мы збіраліся толькі раз у месяц. У Захарышкі за тры кіламетры хадзілі, у Лынкішкі, а то і ў Кастрова.

Менавіта на танцах юнакі і дзяўчаты прыглядваліся адзін да аднаго – так склалася не адна сям’я.

Але каханне чакала Валянціну ў іншым месцы...

Ён


Колпаки история любви3Іван нарадзіўся ў Хралах. Акрамя яго, у бацькоў было яшчэ двое дзяцей.

–  Жылі, як і ўсе ў той час: не багата, але і не бедна. Працавалі, шмат жывёлы трымалі, –  успамінае сваё дзяцінства Іван Станіслававіч. – Вучыўся я ў варнянскай школе. Пасля сёмага класа паступіў у Ашмянскае СПТВ. Пасля яго заканчэння перада мной адкрывалася толькі адна дарога – калгас... Дый дзе, як не на зямлі, працаваць вясковаму хлопцу?  Мне, маладому спецыялісту, даверылі трактар МТЗ-2, пазней перасеў у кабіну МТЗ-50. Работа ў калгасе для трактарыста заўсёды знойдзецца: то бульбу трэба абагнаць, то поле заараць – усяго не пералічыш.

Успаміны Івана Станіслававіча – зрэшты, як і большасці мужчын, канкрэтныя, напоўненыя датамі і падзеямі, пазбаўленыя ўласцівых жанчынам эмоцый і сантыментаў. Вось толькі калі размова заходзіць пра жонку, пра іх першую сустрэчу вочы Івана Станіслававіча напаўняюцца бляскам і ён пя­шчотна глядзіць на сваю любую і родную Валю.

Яны


Невядома, ці сустрэліся б калі-небудзь Валянціна і Іван, каб дзяўчына ў цёплы верас­нёўскі дзень не выйшла на работу замест маці. І што – выпадковасць ці сам лёс – звяло маладых людзей?

– Раней у калгасах давалі зерне, – расказвае Валянціна Феліксаўна. – У гэты дзень я падмяняла маму ў Лынкішках, а Іван на трактары прывёз малаціць збажыну.

– Глянуў я на Валю і падумаў: мая будзе! – працягвае Іван Станіслававіч. А што – прыгожая, спрытная, працавітая. Цуд, а не дзяўчына!

Гэта было каханне з першага погляду. Зярнятка ўзаемнасці пусціла кволыя парасткі ў маладых сэрцах – а закаласіцца яму было наканавана значна пазней.

– Хутка пасля знаёмства з Валяй мяне прызвалі ў армію. Як зараз помню: гэта было 24 лістапада 1963 года. Служыў у горадзе Тэрны, што на Украіне, – успамінае мужчына. – Многія хлопцы дахаты хацелі, а я марыў толькі пра сустрэчу з Валянцінай. Так у душу запала, што не расказаць!

Цэлы год Іван жыў доўгачаканым водпускам і сустрэчай з каханай. Калі прыехаў дадому, з парогу агаломшыў бацькоў нечаканай заявай: «Жанюся!».

Валянціну і Івана распісалі ў мясцовым сельсавеце – а праз некалькі дзён маладая жонка засталася адна.

–  Два гады чакала Івана. Сапраўднае вяселле справілі, калі ён вярнуўся з арміі. З мамай пешшу пайшлі ў Лаварышкі, накуплялі розных прысмакаў і назад ажно да Валэйкішак на спіне неслі гэтыя вандзэлкі. А там ужо на санях даехалі дадому, –  успамінае Валянціна Феліксаўна. – Такіх страваў, як зараз, на сталах не было. Каўбасы, мяса варанае, халоднае, селядзец, пірагі – вось і ўвесь вясельны стол. Гаспадынь таксама не запрашалі. Праўда, маміна сястра за дзень прыйшла да нас дапамагаць гатаваць. Але раней вяселле гулялі ледзьве не цэлы тыдзень.

1 студзеня 1967 года вясельную грузавую машыну да касцёла святога Анджэя Баболі ў Градаўшчызну суправаджаў бульдозер – каб выратаваць яе са снежных абдымкаў. Маладыя паспелі ў час у касцёл і перад Богам пакляліся быць разам на ўсё жыццё.

Дадзеныя перад Богам пяцьдзясят гадоў назад абяцанні жыць у радасці і горы, падтрымліваць адзін аднаго і выхоўваць у веры дзетак Іван і Валянціна выканалі. Мужчына ўсё жыццё адпрацаваў у сельскай гаспадарцы, а жанчына – у доме інвалідаў, што месціўся ў былым панскім маёнтку ў Дубніках. Разам яны выгадавалі двух дзяцей: дачку Ірыну, якая зараз жыве ў Вільнюсе, і сына Івана, дачакаліся ўнукаў…

Колпаки история любви4Жоўты дагледжаны дамок у Хралах з ранняй вясны да поз­няй восені патанае ў кветках. У нядзелю Валянціна звычайна зразае самыя буйныя і прыгожыя краскі, Іван заводзіць машыну – і яны едуць у Варняны, каб у касцёле святога Юрыя ў чарговы раз падзякаваць Богу за сына і дачку, добрых нявестку і зяця, унукаў Ілону, Яўгена, Дарыка, урэшце – за каханне, якое стала залатым.

Некалькі слоў пра галоўнае

– Які сакрэт вашага сямейнага даўга­лецця?

Яна: Зараз такі час, што толькі жыць і жыць. Саступайце адзін аднаму, пры­слу­хоў­вайцеся – і нават думкі не дапускайце пра развод.

Ён: Бог даў галаву не для таго, каб шапку насіць, а каб думаць.

– Што такое каханне?

Яна: Цяпер я ўжо не ведаю. (Усміхаецца). Напэўна, адно жыццё на дваіх: прачынацца і засынаць, працаваць і ў касцёл хадзіць – звычка быць паўсюль разам. Здараецца, што і зазлуюся на яго, ці ён скажа нешта не так – і гэта таксама каханне.

Ён: Калі кахаеш чалавека, то шкадуеш яго, стараешся іншы раз падумаць перад тым, як слова сказаць ці нешта зрабіць...  Аддаеш яму цалкам усю душу.

– Якая па характары ваша другая палавінка?

Яна: Мой Іван розны. Галоўнае – добры, за гэта, напэўна, і пакахала.

Ён: Нармальная жанчына!

Яна (удакладняючы): Залатая, можна сказаць! Ці не так?

Ён: Толькі з залатой жанчынай можна было справіць залатое вяселле. Выпіць яна ніколі не любіла, дзеці былі дагледжаныя, у хаце – лад і парадак. Словам, гаспадыня. Пра што больш было марыць?


Текст: