25-летие создания Союза поляков в Беларуси в Островце отметили концертом хора "Польское эхо Островца"

13:00 / 23.11.2014
Вялікі канцэрт хору “Польскае рэха Астраўца”, прысвечаны 25-годдзю ўтварэння Саюза палякаў на Беларусі, прайшоў у мінулую суботу ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.


Так супала, што напярэдадні, у пятніцу, Гродзенскую вобласць з рабочым візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, і падчас нарады з актывам вобласці Кіраўнік дзяржавы, апроч іншых, закрануў і так званае “нацыянальнае пытанне”. “Вы павінны запомніць, што гродзенскія палякі – гэта нашы палякі, – падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч. – Гэта ваша зямля, і батракамі, нават там, дзе жывуць вашы суайчыннікі, вы не будзеце. Вы будзеце гаспадарамі – але на гэтай, на сваёй зямлі.”

Гэтыя словы Кіраўніка дзяржавы працытаваў, віншуючы палякаў Астравеччыны з юбілеем утварэння іх нацыянальнай суполкі, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла. А Мікалай Пацярухін, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, коратка нагадаў аб тым, што робіцца ў вобласці для таго, каб палякі маглі вывучаць, захоўваць і прапагандаваць сваю мову, гісторыю і культуру.

Яркім, прыгожым, маляўнічым, спеўным пацвярджэннем гэтых слоў стаў амаль двухгадзінны канцэрт “Польскага рэха Астраўца”. Удзельнікі калектыву – мясцовыя, астравецкія людзі, і нават не ўсе яны – палякі па нацыянальнасці, але ў душы кожнага жыве любоў да песні: польскай, беларускай, украінскай, якая і аб’яднала іх у гэтым калектыве з багатай гісторыяй і шматлікімі дасягненнямі пад кіраўніцтвам Алены Такарчук.

“Польскаму рэху Астраўца” гадоў, праўда, крыху менш, чым “Саюзу палякаў на Беларусі” – у сваім выступленні сённяшні кіраўнік раённага аддзела Саюза, нястомная і няўрымслівая Тарэса Мароз коратка нагадала этапы станаўлення і раённага аддзела, і самога хору, які з’яўляецца “паўнамоцным прадстаўніком” Астравецкіх палякаў у вобласці, рэспубліцы і нават за мяжой. Удзельнікі хору – нязменныя і традыцыйныя госці ўсіх свят: без іх удзелу цяжка, практычна немагчыма ўявіць і Гродзенскі фестываль Нацыянальных культур, і конкурс “Песні памежжа” (дарэчы сказаць, на чарговы яго этап артысты зараз збіраюцца ў Літву), і гродзенскае свята Казюкаў, і слонімскі “Паланэз”, і штогадовыя мерапрыемствы на Аўгустоўскім канале, і раённыя канцэрты.

Гісторыю свайго станаўлення хор “Польскае рэха Астраўца” паказаў і ў песні, і ў касцюмах. Напачатку канцэрта жанчыны выйшлі на сцэну ў сціплых белых блузках і чорных спадніцах, з чырвонымі шалікамі – так, як некалі пачыналі. І песні заспявалі тыя самыя, якія ў іх рэпертуары з першага выступлення і да гэтага часу і без якіх не абыходзіцца, напэўна, ніводная спеўная вечарына з удзелам палякаў: “Шла дзевечка да лесечка”, “Расцвіталі понкі белых руж”…

Але сваімі песнямі, актыўным удзелам ва ўсіх магчымых мерапрыемствах і падзеях артысты “Польскага рэха Астраўца”, што называецца, “паважаць сябе прымусілі” – і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выдзеліў удзельнікам хору шыкоўныя касцюмы – такія маглі б зрабіць гонар любому калектыву: у іх артысты выступілі ў сярэдзіне канцэрта.

А на заключнае аддзяленне яны выйшлі ў абноўках: нядаўна калектыў “Польскага рэха Астраўца” атрымаў яшчэ і “зімовы варыянт” касцюмаў: прыгожыя футравыя накідкі і шапачкі. Цяпер ужо і сапраўды – і ў пір, і ў мір, і ў добрыя людзі!

Але не дзеля дэманстрацыі сваіх колішніх і новых артыстычных убораў падымаліся на сцэну ўдзельнікі канцэрта. Галоўнымі героямі свята былі, канешне ж, песні – нездарма ж на працягу ўсяго канцэрта вісеў на сцэне яго дэвіз на польскай мове “Песня – гэта наша ўсё”.

Песні гучалі розныя: беларускія, украінскія, рускія. Але найперш і найбольш, вядома ж, польскія. Артысты выконвалі іх хорам і сольна, дуэтамі і вакальнымі групамі… Песні бралі гледачоў за душу, вярталі ў пару бязвоблачнага юнацтва, выціскалі няпрошаную слязу, прымушалі іх смяяцца, падпяваць і прытанцоўваць…

Ну і, вядома ж, якое свята, тым больш прымеркаванае да такога значнага юбілею, без гасцей і без падарункаў?

Госці прыехалі шматлікія і ганаровыя: увесь склад савета Саюза палякаў на Беларусі на чале са старшынёй Мечыславам Лысым – менавіта ў Астраўцы прайшло юбілейнае пасяджэнне вышэйшага органа кіравання гэтага грамадскага фарміравання, на якое з’ехаліся прадстаўнікі з усёй рэспублікі. Спадар Мечыслаў Лысы шчыра прывітаў артыстаў “Польскага рэха Астраўца”, амаль кожнага з якіх ведае ў твар. Не абышлося без узнагарод і падарункаў: Ганаровы дыплом быў уручаны кіраўніку раённага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Тарэсе Мароз і тэлефонны апарат – для будучага ўласнага дома раённага аддзела, пра які ўсе палякі Астраўца пакуль толькі мараць. Такі ж Ганаровы дыплом быў уручаны і намесніку старшыні райвыканкама Віктару Свілу – за яго асабісты вялікі ўклад у развіццё польскай культуры на Астравеччыне.

А Віктар Збігневіч, у сваю чаргу, уручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта ўсё той жа Тарэсе Мароз і Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў – музычнаму кіраўніку хору “Польскае рэха Астраўца” Алене Такарчук і салісту Віктару Невяроўскаму, а ноутбук – усяму творчаму калектыву: хочацца спадзявацца, што ён дапаможа хору ў яго далейшым развіцці і ўдасканаленні.

З віншаваннямі-падарункамі і запрашэннем наведваць музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ды шчырымі песнямі прыехалі павіншаваць калег і сяброў суседзі са смаргонскага Залесся.

А галоўным падарункам для ўдзельнікаў хору, як для любога артыста, сталі, вядома ж, гарачыя апладысменты гледачоў, іх воклічы “Брава!” і “Біс” – і кветкі…


-------------------

Ніна РЫБІК.