Подарили праздник мамам

15:00 / 22.10.2014
Песня для матулі


Артысты з Кямелішкаўскага СДК і Рытанскага СДК аб’ядналі свае творчыя здольнасці, і запрасілі на сваё мерапрыемства артыстаў з Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, Паўла Букеля, Руслана Юргелянца, Анастасію Пілецкую.

Выступленні прайшлі ў аграгарадках Рытань і Кямелішкі. Канцэртная праграма, якая называлася “Самая мілая, родная, любімая!” нікога з прысутных не пакінула абыякавым. Слёзы на вачах у гледачоў блішчэлі падчас выступлення Руслана Юргелянца з песняй ”Мама”. Словы пяшчоты і падзякі сваім матулям песняй выказалі маленькія, таленавітыя Даша Раван і Вікторыя Дэнюш.

Са сцэны Кямелішкаўскага СДК гучалі віншаванні матулям ад народнага ансамбля народнай песні “Кемяліна”.

14 кастрычніка канцэртная праграма “Мама – першае слова” адбылася ў Астравецкім доме культуры “Галактыка”. У канцэрце прымалі ўдзел дзеці, якія наведваюць вакальны гурток “Allegro”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца малады спецыяліст Дзіяна Ляшчэўская. Усяго за адзін месяц яна змагла падрыхтаваць дзяцей, арганізаваць іх і зацікавіць – і канцэрт прайшоў на адным дыханні. У ім прымалі ўдзел дзеці малодшай группы, дуэт К. Літвін і К. Дзярнейка, а таксама выконваліся сольныя нумары, якія гучалі з вуснаў будучых зорачак В. Дарашкевіч, К. Вайцяхоўскай, В. Бей, Д. Саладуха, Я. Мікліс, А. Аліхвер, В. Смаляк, Е. Гушча. У фінале выступіла В. Даўляш і ўсе ўдзельнікі канцэрта з песняй “Маленькія зорачкі”.

Вядучыя В. Касцюк і А. Галузіна падарылі сваё цяпло матулям віншаваннямі і пажаданнямі.


-----------------------------------------------------

І. Мілешка , в.а. дырэктара РМЦНТ.


Пад Пакровам Багародзіцы


Дзень маці супадае з вялікім рэлігійным святам – Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Паводле тлумачэнняў праваслаўнай царквы, Пакровы – пакрывала Божай Маці, якая абараніла людзей ад бяды…

Напярэдадні свята ва ўтульнай актавай зале Гервяцкай сярэдняй школы сабраліся жанчыны – маці і бабулі. Іх увазе была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя “Матуліна любоў бясконцая”. Вядучыя праграмы Ганна Дзерван і Дар’я Кабернік удала дэкламавалі вершы, прысвечаныя маці.

Сапраўдным упрыгожаннем свята стала выступленне вучняў Гервяцкай сярэдняй школы і Гервяцкага філіяла Астравецкай школы мастацтваў Рэнаты Субач, Эрыкі Гудзінскай, вакальнай групы ў складзе Анастасіі Дамуць, Анастасіі Ядзевіч, Яны Шаблаўскене.

Кранала душу выступленне выкладчыкаў музыкі Алены Сцефановіч і Людмілы Анікевіч. У іх выкананні прагучаў інструментальны нумар “Цыганский микс”.

Са словамі віншавання да жанчын звярнулася старшыня Гервяцкага сельвыканкама Люцыя Лях.

Народная мудрасць сцвярджае: “Бацька фарміруе розум, а маці лашчыць цела, душу”. Мужчына імкнецца прадоўжыць сябе ў справах рук і розуму, у імені і прозвішчы дзіцяці, а жанчына дае жыццё новаму чалавеку, вучыць адрозніваць дабро ад зла. Ёсць такая місія на зямлі, якая цалкам належыць жанчыне, – стаяць ля калыскі, змагацца з любымі напасцямі, ахоўваць агеньчык новага жыцця, уводзіць маленькага чалавека ў свет і дапамагаць яму рабіць першыя крокі. І гэта місія – быць маці.


-------------------------------

Людміла ПАЗЛЕВІЧ, бібліятэкар Гервяцкай бібліятэкі – Цэнтра нацыянальных культур.


Маме клопат патрэбен таксама


Напярэдадні Дня маці артысты Міхалішкаўскага і Падольскага сельскіх Дамоў культуры падарылі святочны канцэрт сваім аднавяскоўцам: матулям, бабулям, дзяўчатам і дзяўчынкам (у іх жа таксама некалі будуць дзеці!).

У кожнага чалавека – хворага і здаровага, шчаслівага і засмучанага, маленькага і сталага – ёсць мама. Толькі яна прымае дзіця безумоўна, таму што яе любоў межаў не ведае.

Менавіта мамам і іх любові, якой сваё дзіця сагравае кожная жанчына, была прысвечана святочная праграма “Цяпло матулінага сэрца”. А выконваць песні, чытаць вершы і танцаваць работнікам культуры дапамагалі Віка Шылько, Габрыэла Капуста, Дзіяна Валадзько, Святлана Хамякова, Вераніка Сідарава і Марыя Казлоўская.

У гэты дзень артысты выступалі на “ўра”, таму што ад душы ішлі словы, а з сэрца лілася музыка. Як паказала мерапрыемства, удвайне лепш атрымліваецца і віншаваць, і танцаваць, і спяваць, калі арысты аб’ядноўвацца пакаленнямі і калектывамі!


-------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.