Приглашаем на ярмарку в Свислочь!

15:34 / 13.08.2013
Паважаныя сябры і госці нашага горада!
24 жніўня 2013 года ў 12 гадзін на гарадской плошчы адбудзецца “Свіслацкі кірмаш” – рэгіянальнае свята ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю.
Кірмашы ў нашым мястэчку маюць даўнюю гісторыю і славутыя традыцыі. Упершыню кірмаш адбыўся ў 1792 годзе, дзякуючы тагачаснаму ўладальніку Свіслачы – графу Вінцэнту Тышкевічу, пры якім горад дасягнуў свайго росквіту.

Працягваўся кірмаш цэлы месяц: з 25 жніўня па 25 верасня. Шмат чаго цікавага і непаўторнага можна было ўбачыць на “Свіслацкім кірмашы”. Тут працаваў славуты тышкевіцкі тэатр. Прыязджалі артысты з замежжа, з розных еўрапейскіх школ, прафесійныя артысты драматычных, оперных і балетных труп. Быў закладзены звярынец.
Па свайму грашоваму абароту свіслацкі кірмаш займаў адно з першых месц у Беларусі. Сюды звозілі свой тавар купцы з усіх куточкаў зямлі. Вялікім попытам карысталіся вырабы свіслацкіх гарбароў, карэтнікаў, сталяроў, токараў і ганчароў.
Традыцыі культурнага жыцця Свіслачы ў святочныя таргі, без сумнення, можна занесці ў скарбніцу сусветнай кірмашовай культуры, якая існуе на Свіслаччыне і сёння. Бо тут жывуць, адраджаюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне адвечныя традыцыйныя рамёствы.
24 жніўня мы запрашаем усіх свіслачан і гасцей нашага горада зазірнуць у мінулае і пабываць на адроджаным Свіслацкім кірмашы! На галоўнай пляцоўцы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё з удзелам творчых калектываў Літвы, Латвіі, Польшчы, сталічных артыстаў, якія ад шчырага сэрца запросяць вас на сапраўдны “Баль да Тышкевіча”. Працягнуць праграму лепшыя мастацкія калектывы Гродзеншчыны!
Упрыгожыць кірмашовую плошчу “Горад майстроў”, а непаўторныя вырабы майстроў-рамеснікаў прынясуць вам сапраўдную асалоду і задавальненне!
На пляцоўцы “Шляхецкі праменад” адбудзецца канцэрт класічнай музыкі, выстава карцін лепшых мастакоў Гродзенскай вобласці. Кветкавая фея запросіць усіх жадаючых у цудоўны свет кветак на конкурс-выставу паміж арганізацыямі нашага горада і з удзелам свіслачан “Кветкавая феерыя” і ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў.
Самыя ўдзячныя ўдзельнікі свята – гэта дзеці. Таму на нашым кірмашы гэтай удзячнай аўдыторыі прысвечана цікавая дзіцячая пляцоўка! На працягу дня будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны (горкі, батуты, машынкі), гандлёвыя рады для дзяцей, конкурсы, гульні, забавы. На сцэне вы зможаце ўбачыць канцэрт дзіцячай творчасці, выступленні лялечнага тэатра, тэатра “Батлейка” і тэатра роставых лялек.
На гульнёвай пляцоўцы будуць прадстаўлены лепшыя гульнёва- забаўляльныя праграмы народных тэатраў гульні Гродзеншчыны, атракцыёны, гульні, якія былі характэрны для кірмашоў 18-19 вякоў гарантуюць добрыя ўражанні і цудоўны настрой. Усіх удзельнікаў, а асабліва пераможцаў, чакаюць заслужаныя прызы і ўзнагароды!
Візітнай карткай Свіслацкага Успенскага кірмашу стануць 5 корчмаў, якія гасцінна адчыняць свае дзверы перад гасцямі свята. Тут вы з вялікім задавальненнем зможаце пачаставацца стравамі яўрэйскай, польскай і роднай беларускай кухні! На кірмашы будзе арганізаваны шырокі гандаль харчовымі і прамысловымі таварамі – на любы густ!
Увечары ўсіх жадаючых мы запрашаем паглядзець фільм пра Свіслацкі край, дакрануцца да яго гісторыі і разам паганарыцца нашымі таленавітымі землякамі, якія здымаліся ў гэтым фільме!
Цырк, балаган, вулічныя акрабаты, клоуны – усё гэта неад’емная частка кірмашу. І наша свята не выключэнне! Таму ўсіх жадаючых мы запрашаем паглядзець яркае, непаўторнае тэатральна – вогненнае шоу, якое разам са святочнай дыскатэкай завершыць Свіслацкі Успенскі Кірмаш!
Дарагія сябры! Зазірніце да нас на свята! Не пашкадуеце!
Адродзім гістарычны кірмаш разам!!!


Даведкі па тэлефонах: (801513) 33482 – раённы метадычны цэнтр,70258 – раённы Дом культуры.


Аргкамітэт.