В Островце прошел молодежный фестиваль в стиле Rap

18:29 / 11.11.2012
2

27 кастрычніка кінаканцэртная зала “Астравец” пераўтварылася ў цэнтр рэп-тусоўкі. Тут праходзіў фестываль маладзёжных культур у стылі Rap.


Яго арганізатарам выступіў астраўчанін, студэнт другога курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Арцём Кавецкі.
Ідэя арганізаваць маладзёжны фестываль на сваёй радзіме ўзнікла ў Арцёма даўно. А да дзеянняў яго падштурхнулі маладыя рэперы Астраўца, якія выказалі жаданне прыняць удзел у вечарынцы ў стылі рэп і пазнаёміць аматараў хіп-хопу са сваёй творчасцю.
У рамках фестывалю быў арганізаваны конкурс мясцовых рэп-вынакаўцаў. Заяўкі на ўдзел падалі 5 маладых людзей – Улад Сцепаняк, Максім Якімовіч, Дзіма Чапукойць, Саша Сакалоўскі і Арцём Несцераў. Вядучым быў запрошаны Алег Гейба – адзін з першых заснавальнікаў рэп-накірунку ў Астраўцы.
Конкурс праходзіў у два этапы. На суд журы і гасцей выканаўцы прадставілі па два трэкі ўласнага сачынення. Ацэньваліся выканаўчае майстэрства, сцэнічны вобраз, якасць гучання. І ў выніку былі аб’яўлены лепшыя.
На трэцім месцы аказаўся Максім Якімовіч, сярэбраным прызёрам стаў Арцём Несцераў, а перамогу ў конкурсе атрымаў Улад Сцепаняк. Аднак маладых канкурсантаў ацэньвалі не толькі члены журы, а і гледачы, якія прыйшлі падтрымаць выканаўцаў. Прыз глядацкіх сімпатый быў прысуджаны Дзіму Чапукойцю.
Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі. Акрамя таго, бронзаваму прызёру Максіму Якімовічу прадастаўляецца фотасесія. Арцём Несцераў зможа зняць свой музычны кліп на відэастудыі D&L у Астраўцы. А пераможца конкурсу Улад Сцепаняк атрымаў права зрабіць запіс свайго трэка на студыі 3-R Studio Pro.D у Мінску.
«Цвіком» праграмы стала выступленне гасцей фестывалю – спецыяльна запрошаных на свята рэпераў “са стажам” з Астраўца і Смаргоні. Гледачы горача іх сустракалі – выхад кожнага рэп-выканаўцы суправаджаўся шквалам апладысментаў.
–Фестываль стаў добрай нагодай для маладых рэп-выканаўцаў праявіць сябе, разняволіцца, бо сцэна дадае ўпэўненасці ў сабе, – гаворыць арганізатар фестывалю Арцём Кавецкі. – І па водгуках гледачоў, усім вельмі спадабалася вечарынка: моладзь выказвала пажаданне, каб на Астравеччыне больш праводзілася такіх яркіх і вясёлых мерапрыемстваў. Дарэчы, ужо пасля Новага года плануецца правесці падобны фестываль, толькі ўжо без конкурснай праграмы. На яго будуць запрошаны рэперы з розных гарадоў.


------------------------
Вольга ШОЎКУН.