Островецкий журналист на награждении лучших работников культуры страны в Несвиже

20:40 / 15.10.2012

У Нясвіжскім палацы ў сераду на самым высокім узроўні адбылося віншаванне і ўзнагароджанне лепшых работнікаў культуры краіны.


Журналісты маюць дачыненне да ўсіх прафесій – у большай ці меншай ступені. Я не маю на ўвазе той факт, што журналістыка як ніякая іншая сфера дзейнасці не патрабуе абавязковай спецыяльнай адукацыі – кожны, хто мае што сказаць людзям і ведае, як гэта зрабіць, можа працаваць у рэдакцыі. Але няма прафесіі ці роду заняткаў, аб прадстаўніках якой не пісалі б журналісты – і таму час ад часу мы вымушаны прымерваць то каску будаўніка, то белы халат медработніка, то ўказку настаўніка…
І ўсё ж, на мой погляд, культработнікі найбольш блізкія журналістам. І не толькі таму, што і адным, і другім, каб нечага дасягнуць у сваёй справе, мала старанна і настойліва працаваць – для гэтага найперш патрэбна, каб Бог у цемечка пацалаваў, інакш нічога не атрымаецца…
Але ёсць у нас яшчэ адна, вельмі празаічная, на першы погляд, кропка судакранання: мы ўваходзім у адзін галіновы прафсаюз работнікаў культуры. І таму разам ладзім канферэнцыі, ездзім у “культпаездкі” ў тэатры і выстаўляем, калі спатрэбіцца, агульную каманду на турыстычны злёт.
Дзякуючы гэтай “прафсаюзнай” акалічнасці мне і пашчасціла стаць удзельнікам святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню работнікаў культуры, якое адбывалася ў мінулую сераду ў Нясвіжы, у нядаўна адкрытым паля рэстаўрацыі для наведвальнікаў радзівілаўскім палацы.
Шчыра кажучы, да культработнікаў я заўсёды адчуваю асаблівую павагу і пашану – як да кожнага талента, які віртуозна робіць тое, на што я не здатная… І на гэтым ушанаванні лепшых работнікаў культуры краіны – ад салістаў філармоній і артыстаў цырка да музейных работнікаў і бібліятэкараў – адчувала сябе крыху ніякавата. Але ж раз запрасілі – трэба радавацца!
Тым больш, што радавацца было чаму. Мерапрыемства пачалося з экскурсіі па палацы – пасля рэстаўрацыі, мне здаецца, ён стаў яшчэ больш шыкоўным. Вось толькі, на жаль, усё гэта – багаты, шыкоўны, раскошны – амаль суцэльны “навадзел”… Хоць, зрэшты, ведаючы, што давялося перажыць палацу, трэба дзякаваць Богу, што ён увогуле існуе, што яго не напаткаў лёс Крэўскага ці Гальшанскага братоў… Тым больш, што нешта ж засталося і ад тых часоў – напрыклад, некалькі з больш як двухсот печак, якія ў тыя часы ацяплялі замак – ужо самі па сабе яны – творы мастацтва, і пры пэўнай долі ўражання даюць уяўленне аб тым, якім было ўбранства палаца…
Урачыстую цырымонію віншавання распачаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў. Ён агучыў перад запрошанымі на цырымонію словы віншавання, якія з нагоды прафесійнага свята адрасаваў работнікам культуры Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка – і дабавіў да іх шмат уласных цёплых слоў. Мастацкаму кіраўніку аркестра народных інструментаў магілёўскай філармоніі Мікалаю Алданаву, калектывам Веткаўскага музея, Беларускага дзяржаўнага цырка, Гродзенскага ансамбля “Белыя росы” Аляксандр Радзькоў уручыў Ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта. І для кожнага ўзнагароджанага знайшоў некалькі шчырых слоў прызнання і захаплення.
Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты Міністэрства культуры лепшыя работнікі культуры атрымалі з рук міністра Паўла Латушкі – хоць пры гэтым кіраўнік галіны адзначыў, што ўзнагароды заслугоўваюць усе шэсць з паловай тысяч культработнікаў, якія шчыра і самаахвярна працуюць на ніве культуры.
На пасяджэнні былі ўручаны пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатам прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, якая штогод прысуджаецца ў некалькіх намінацыях. З пачуццём гонару за родную газету і ўсю нашу Астравеччыну я прымала з рук намесніка міністра культуры Тадэвуша Стружэцкага пасведчанне лаўрэата ў намінацыі “Літаратура, журналістыка, крытыка” – гэта чарговая высокая ўзнагарода ўсяго калектыву газеты “Астравецкая праўда”.
А своеасаблівым музычным падарункам для ўсіх, хто быў запрошаны ў гэты дзень у Нясвіжскі палац, стаў цудоўны канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў Маладзечанскага вучылішча мастацтваў.


--------------------
Ніна РЫБІК.