Фестиваль народной песни "Песня памежжа" в Островце

13:58 / 18.09.2012

Душа кожнага з народаў свету жыве ў песні. Слухаеш украінскі фальклор – і ўяўленне малюе бяскрайні стэп, свежапабеленыя хаткі ў квітнеючым вішнёвым садзе, дзяўчат ды парубкаў на гульбішчах – вясёлых, гуллівых, спеўных. У рускіх народных песнях прысутнічае своеасаблівая крайнасць: калі ўжо весяліцца – дык да забыцця, калі гараваць – дык да магільнага каменя. У грузінскіх – жарсці, фантан эмоцый, якія бурляць, падобна вулканічнай лаве. Літоўскі фальклор асабіста для мяне крыху манатонны, адасоблены, пазбаўлены відавочных эмоцый – затое ў ім выразна чуецца старажытнасць, вытокі якой варта шукаць хіба што ў дэльфійскіх гімнах. Польскі – меладычны, вельмі розны – вясёлы і сумны, але з прыкметным прысмакам фанабэрыі, з прэтэнзіяй на выключнасць. А ў беларускіх матывах дамінуе жальба. Густая, настоеная на многіх стагоддзях бяспраўнага падпарадкавання іншым народам, дамінавання іншых культур…





Рэгіянальны фестываль “Песня памежжа” прыцягвае да сябе якраз гэтай унікальнай напластаванасцю розных культур, непаўторным фальклорным кактэйлем, магчымасцю, не пакідаючы глядацкай залы, пабываць у розных краінах.


У сувязі з правядзеннем трэцяга этапу “Паўночнага вектара” ў Астраўцы “Песню памежжа” было вырашана ўключыць у праграму раённага свята і правесці на сцэне летняга амфітэатра. Сцэна






прыгожая, апаратура надзейная, лаўкі для гледачоў зручныя. Вось толькі гледачоў на гэты раз было не вельмі шмат – дабрацца да амфітэатра скрозь лабірынт выстаў, відовішчаў, выступленняў, дэманстрацый сучаснай апаратуры, вырабаў, тэхналогій і г.д. большасць гараджан і гасцей райцэнтра змаглі хіба што бліжэй да вечара. Аднак ад гэтага жарсцей на сцэне не паменшала – кожны з артыстаў імкнуўся адпрацаваць па максімуму.






Адметная асаблівасць сёлетняга фестывалю – нешматлікасць калектываў-удзельнікаў.

У “Песні памежжа” прынялі ўдзел народны калектыў народнай песні і танца “Вечарынка”, які існуе пры Жодзішкаўскім Доме культуры (Смаргонскі раён), ансамбль польскай песні “Польскае рэха Астраўца” (Астравецкае аддзяленне Саюза палякаў на Беларусі), народны мужчынскі ансамбль Путрышкаўскага цэнтра культуры (Гродзенскі раён), жаночы вакальны ансамбль “Гуосце” з Вільнюса (Літва).


Рэгіянальны фестываль “Песня памежжа” з самага свайго пачатку высока падняў планку выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў – на яго сцэне выступаюць хоць і самадзейныя, але высокакласныя артысты.


Гэтае правіла дзейнічала і сёлета: выступленне кожнага з пералічаных калектываў было самабытным, яркім, святочным.
Асабіста мяне “купілі” путрышкаўцы (кіраўнік Валерый Міхайлавіч Кручкоў). У фестывалі прыняла ўдзел мужчынская частка гэтага народнага калектыву, і хлопцы, так бы мовіць, “далі чаду”. Калі ўжо ішоў (у першай конкурснай песні) іх кум да кумы, дык пра гэта ведала добрая палова “Паўночнага вектару” – шумна, фарсіста, з шляхетным ганарком. А вось казак на пабыўку (другая песня) вяртаўся вельмі меладычна, вытрымана, шматгалосна. Пра тое,






што быў ён нежанатым, путрышкаўскія жанацікі расказвалі слухачам амаль шэптам, не без прымесі мужчынскай супярэчлівай зайздрасці. А вось калі беднаму казаку, якога падвяла рака, давялося ажаніцца – грымнулі пра гэта весела і задорна…
Паланэзам распачалі сваё выступленне ўдзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца” (кіраўнік – Алена Такарчук). Калектыў – і гэта нельга не



заўважыць – не стаіць на месцы, ён знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых формаў выканання. У апошні час шмат увагі тут надаецца харэаграфічнаму суправаджэнню песень – многія з іх, па сутнасці, сталі міні-спектаклямі, што ў спалучэнні з прыгожымі сцэнічнымі касцюмамі перарастае ў сапраўднае шоу і суправаджаецца бурнымі апладысментамі ўдзячных гледачоў.
Не расчараваў, не збіўся з зададзенай папярэднімі калектывамі вышыні і народны калектыў народнай песні і танца “Вечарынка” з Жодзішак. Пад іх “Чырвоную каліну” ажывіліся і самыя сумныя, а пад “Гуляе казак” апладзіраваць пачалі ўсе. Задзірыста, вогненна, з посвістам і прыгожа пастаўленымі танцавальнымі ўстаўкамі. І касцюмы! Шыракаполыя спадніцы з карункавымі фартушкамі ў віхуры танца надзьмуваліся, нібы ветразі…


А вось жаночы вакальны ансамбль “Гуосце” прадэманстраваў цалкам іншыя спевы – іх выкананне было акадэмічным і акапэльным. Што, дарэчы, ніколькі не сапсавала ўражання. Нават наадварот – чыстыя галасы дзяўчат плылі над верхавінамі сосен малінавымі званочкамі, радуючы і сэрцы слухачоў, і нябёсы…


Другая частка фестывалю – конкурс салістаў – на гэты раз была прадстаўлена выключна прадстаўніцамі прыгожай часткі чалавецтва.


Удзел у ім прынялі Алена Сальмановіч (Граўжышскі Дом культуры Ашмянскага раёна), Ганна Чабатуль (Валэйкавіцкі Дом фальклору, Смаргонскі раён), Анастасія Клімашэўская (Астравец), Таццяна Прыма (Іўеўскі Дом культуры), Святлана Піменава (Гервяцкая дзіцячая музычная школа), Агнешка Маісевіч (г. Вільнюс).
І вось тут журы давялося несалодка – як можна было выбраць з гэтай цудоўнай шасцёркі лепшага выканаўцу? Усе былі “супер”. Хоць, вядома, у кожнай салісткі быў свой стыль, свая манера, свая ступень шчырасці. Абаяльная Алена Сальмановіч выбрала спакойную лірычную песню “Мы з тых мясцін Прынеманскага краю”, але ўпрыгожыла яе цудоўнымі напеўнымі пераходамі. Ганна Чабатуль народную песню “Вол бушуе – вясну чуе” і выканала па-народнаму шырока, вольна, шчыра. Аўтэнтыкай асаблівай сілы парадавала і слухачоў, і журы Анастасія Клімашэўская: пад акампанемент самабытнай дуды яна выканала старажытную песню-галашэнне. Анастасія спявала сапраўды па-народнаму, наўмысна “заглушаючы” канчаткі фраз, абрываючы іх на паўгуку, як гэта рабілі і робяць сапраўдныя захавальніцы фальклору – жанчыны з “глыбінкі”. Цудоўным галасавым дыяпазонам і высокай эмацыянальнасцю парадавала Святлана Піменава. “Каб я тое знала…” – з гэтай песней на конкурсе выступіла “Міс Грацыя” Іўя Таццяна Прыма. Акапэльнае выкананне, бездакорнае валоданне сакрэтамі вакальнага мастацтва. Хоць, як для мяне, не хапіла Таццяне шырыні і шчырасці. Голас і манера выканання акадэмічныя, а песня народная – несупадзенне, якое нельга не адчуць. Агнешка Маісевіч з Вільнюса памылку сваёй папярэдніцы не паўтарыла – слухачам яна падарыла класічную песню ў акадэмічным выкананні, чыстым і бездакорным.


Пасля працяглага абмеркавання журы, у складзе якога на конкурсе працавалі прадстаўнік абласнога аддзела культуры Алег Міхайлавіч Комар (старшыня журы), а таксама выкладчыцы раённай школы мастацтваў, спявачкі Данута Міхайлаўна Блашкевіч і Ірына Анатольеўна Волчак, аб’явілі вынікі.






Пераможцамі рэгіянальнага фестывалю “Песня памежжа”-2012 стаў народны калектыў народнай песні і танца “Вечарынка” Жодзішкаўскага Дома культуры (Смаргонскі раён). “Серабро” прысуджана спявачкам жаночага вакальнага ансамбля “Гуосце” з Вільнюса (Літва). На трэцюю прыступку фестывальнага п’едэстала ўзняліся разам ансамбль польскай песні “Польскае рэха Астраўца” і народны мужчынскі ансамбль Путрышкаўскага цэнтра культуры.
У конкурсе салістаў Гран-пры заваявала Анастасія Клімашэўская (Астравец). Першае месца заняла Святлана Піменава з Гервят, другое – Алена Сальмановіч (Граўжышкі), трэцяе – Агнешка Маісевіч (Вільнюс). Памятным падарункам з матывацыяй “За ўдзел у фестывалі” была адзначана і Ганна Чабатуль з Валэйкавічаў.
Усе пераможцы “Песні памежжа” былі ўзнагароджаны каштоўнамі прызамі. А мы, гледачы, – добрым настроем і шчаслівай магчымасцю паслухаць “жывую”, без набіўшай аскоміну “фанеры”, музыку.


----------------------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота аўтара і Івана ПЕТРЫКА.