Рок-фест в Гудогае "Достучаться до небес"

14:41 / 03.09.2012
2

КАЛІ ТАБЕ СУМНА, калі колеры твайго наваколля страцілі былую яркасць, а галасы сяброў пачужэлі, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі, і можа стацца, яго гаючыя гукі ачысцяць тваё сэрца ад іржы штодзёншчыны.
КАЛІ ТАБЕ АДЗІНОКА, калі тваё жытло неўпрыкмет для цябе стала незаселеным востравам, завітай у Гудагай на фестываль хрысціянскай музыкі, і вясёлы натоўп зацягне цябе ў вір агністага танца, з’яднае з людзьмі, вызваліць з добраахвотнага палону.
КАЛІ ТЫ СЯРЭДНІ ВА ЎСІМ, проста цёплы, і ні лёд, ні полымя табе невядомы, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі, і агонь агульнай веры раздуе ў табе прыкрыты попелам абыякавасці жаратак Божай іскры, які і ў табе ёсць несумненна.
КАЛІ ТЫ ЧАМУСЬЦІ РАЗВУЧЫЎСЯ МАЛІЦЦА, і тваім вуснам не па сілах стала размаўляць з Богам, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі і паспрабуй падхапіць яго песні. Убачыш – у цябе атрымаецца. Вусны ўспомняць словы малітвы і шчасліва прамовяць…
КАЛІ ТАБЕ ДОБРА, калі сэрца тваё палае любоўю да Бога і людзей, створаных па Яго падабенству, завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі і далучы свой голас да сонму іншых, ухвалі Нябеснага Айца песняй і танцам, якія – таксама малітва. І падзяка. І просьба. І проста радасць ад шчаслівай магчымасці жыць.


Другі фестываль хрысціянскай музыкі “Дастукацца да нябёсаў”, які мы сталі чакаць з той хвіліны, калі адгучаў апошні акорд першага, адбыўся ў Гудагаі ў мінулую суботу. На сцэне імправізаванага амфітэатра, пабудаванага пры касцёле Наведання Найсвяцейшай Панны Марыі. У непасрэднай блізкасці ад Яе цудатворнага абраза, укаранаванага папскімі каронамі.
Ён пачаўся з урачыстай імшы, прадаўжэннем якой стала Крыжовая дарога.
Кальварыя па-гудагайску… Пагоркі і долы, камяні і карэнні, бездарожжа і крыжы стацый, якія заўсёды чакаюць… Па крутых рэльефных заломах гудагайскага Крыжовага шляху няпроста ісці і з пустымі рукамі, а калі за спінай у цябе боўтаецца рукзак з цёплым швэдрам і непрамакаемым плашчом, а ў руках – складны парасон, адлегласць прыкметна расцягваецца.
Павінна была расцягнуцца. Калі б ты ішоў адзін. Але нас было шмат, і мы былі як адно – ішлі ўслед за крыжом, маліліся і спявалі, кленчылі там, дзе Хрыстус падаў, дзе размаўляў з жанчынамі і выціраў свой твар хусцінай Веранікі, дзе быў распяты і дзе памёр…
Нашы плашчы так і прабоўталіся за плячыма, і парасоны не распрамілі крылы – дажджу не здарылася. Тыя, хто прыехаў на фестываль здалёк, расказвалі: дождж заканчваецца за Ашмянамі і пачынаецца ля Міхалішак – густы і споры. А ў Гудагаі не ўпала ні кроплі, хоць зарніцы маланак раз-пораз расцвечвалі неба. Ды па-іншаму і быць не магло: Гудагай жа Шкаплерная сталіца Беларусі. А Шкаплер – самы непранікальны з вядомых чалавецтву покрываў…
…На свежапаголенай траве мякка, як на пярыне. Кава, якой за цалкам сімвалічны кошт можна пачаставацца ў “кормячай” палатцы, духмяная да замарачэння. А смак хот-догаў найдасканалейшы з магчымых (асабліва пасля чатырох кіламетраў Кальварыі). Жыццё, ты умееш быць добрым!
А вакол сцэны ўжо кіпяць жарсці. “Раз-раз-раз”, – адзін за другім выпрабоўваюць апаратуру гурты-удзельнікі фестывалю, узгадняюць гучанне з гукааператарам, які на сваім суперсучасным пульце “запамінае” іх пажаданні, каб потым, калі гурт выйдзе на сцэну, дакладна іх выканаць. Асвятляльнік у чарговы раз правярае складанае сеціва электра-гаспадаркі…
Гонар адкрыцця фестывалю выпаў на долю групы “Небасхіл” з Мінска. Іх песні – неаддымны атрыбут маладзёжных пілігрымак, таму глядацкая падтанцоўка аказалася на вышыні. А выхад на сцэну гурта “Paracletos” з Кобрына гледачы сустрэлі дружным скандзіраваннем: “Пока папа дома…” Старонняму – дзіўна, а параклетасцы зразумелі і сваю праграму пачалі са шлягера менавіта з такой назвай.
Дарэчы, выступленне гэтай групы на першым фестывалі не слаба шакіравала публіку – непадрыхтаваныя да цяжкага року астраўчане, мякка кажучы, разгубіліся… “Зараз будзе “жэсць”, – папярэджваю сваіх спадарожнікаў – і памыляюся: на гэты раз група прапанавала аматарам сваёй творчасці, так бы мовіць, эстрадны варыянт року. І “Пока папа дома”, і “С неба – водопады…” і іншыя песні “Paracletos” пайшлі на біс.
Пасля выступлення такіх профі аматарам з Маладзечна, маладзёжнай групе пад кіраўніцтвам братоў капуцынаў, можна было б стушавацца, а яны… Яны “запальвалі” “па-даросламу”. Песні ў выкананні маладых людзей з Маладзечна здзіўлялі глыбінёй сваіх тэкстаў, а танцы, якія яны развучвалі з гледачамі, не пакінулі раўнадушнымі і самую ўзроставую публіку – скакалі ўсе!
“Tesaurus”, наступная група з Мінска – цёмны “конік” для непадрыхтаваных гледачоў, а ў тых, хто цікавіцца хрысціянскай рок-музыкай гэты гурт – адзін з самых-самых. Артыстычнасць – на мяжы зашкальвання. Выкананне – прафесійнае. Энергетыка – не ўстаяць, не танцуючы. Брава, брава, брава, “Tesaurus”!!!
“Подых духа”… Многія з прысутных на фестывалі чакалі выступлення менавіта гэтай групы, у якую аб’ядналіся сучасныя і былыя навучэнцы Пінскай духоўнай семінарыі. І яны не падкачалі – выступленне “Подыху…” было шчырым і эмацыянальным, хвалявала і супакойвала, прабачала і запрашала ісці далей. А перад фінальнай песняй свайго выступлення музыканты прызналіся, што выступаюць разам у апошні раз… “И если будет трудно нам…, дай всем нам свою силу, Аллилуя” – гэтая песня была апошняй. Алілуя-Алілуя! – спявалі разам з музыкантамі гледачы. “Узнясіце рукі да неба, – звярнуўся да нас саліст і гітарыст групы, адзінаасобны арганізатар фестывалю айцец-кармяліт Павел Рудзьман. – Бачыце, як блізка наш Айцец? Заплюшчыце, калі ласка, вочы і давайце праспяваем прыпеў яшчэ раз… А цяпер акапэльна, без музыкі”… Калі мы даспявалі прыпеў і расплюшчылі вочы, музыкантаў ужо не было на сцэне – “Подых духа” развітаўся са сваімі прыхільнікамі без слёз...
“Crusade” – таксама вядомая для астравецкай публікі група. Яна выступала на першым фестывалі. “Зоркавыя войны”, “Паляцім…”, “А Бог стаіць пад дажджом” – гэтыя і многія іншыя песні крусэйдаўцаў даўно паспелі стаць шлягерамі. Сярод астравецкай публікі – у тым ліку. На гэты раз музыканты ўключылі ў свой канцэрт многа новых песень. А яшчэ яны прывезлі разам з сабой на фестываль рэпера Вісму, які свае тэксты піша на выснове тэкстаў Евангелля… Вісма прыйшоўся даспадобы гледачам, асабліва маладым – яго адпусцілі са сцэны не адразу. Хоць публіцы і не цярпелася хутчэй “дарвацца” да выступлення асноўнага саставу групы “Crusade”, а яно – заўсёды свята…
Завяршаў выступленне гурт “Ushuaia”. Так, той самы. Знакаміты. Пераможца мінулагодняга Маскоўскага міжнароднага конкурсу рэлігійнай песні “Свет жыцця”. Удзельнік многіх іншых міжнародных фестываляў. Прафесійная рок-група, у якой ёсць свае гукааператар, грымёр і многае іншае. Вядома, узровень іх выканання пераўзышоў усе магчымыя чаканні. Хоць іх выступленне пачалося ў дзве гадзіны ночы, а закончылася ўжо пасля трох…
…Наступны дзень пачаўся з імшы.
А потым зноў былі выступленні – на гэты раз свае музычныя таленты дэманстравалі аматарскія гурты з розных парафій Беларусі. Новую песню “Достучусь до небес”, напісаную спецыяльна да фестывалю, паказаў на сцэне Гудагайскага амфітэатра і самадзейны кампазітар з Астраўца Аляксандр Якіменка.
…Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі закончыўся, і толькі айцы-кармяліты ведаюць, колькі сіл давялося патраціць на яго арганізацыю. Дамовіцца з калектывамі, дабыць гукавую і асвятляльную (дарэчы, экстра-класа!) апаратуру. Устанавіць яе і настроіць. Гукам і святлом загадвалі прафесіянальныя аператары з Брэста Андрэй і Сяргей Галенюкі.
А яшчэ трэба было арганізаваць харчаванне і побыт пілігрымаў, якія прыехалі з Мінска, Брэста, Кобрына, Пінска, Баранавіч (гэтыя дабіраліся да Гудагая аўтастопам!), з Гродна, Іўя, Ліды, Оршы, Маладзечна, Нарачы, Вільні, Ашмян… Для пілігрымаў за кляштарам быў разбіты палатачны гарадок, а ў самай вялікай палатцы, якую прадаставілі на час ваеннаслужачыя Гудагайскага пагранатрада, размясцілася кухня. Мяснымі прадуктамі кармялітаў падтрымаў Ашмянскі мясакамбінат, а ўсё астатняе (малако, гародніну, яйкі…) сабралі парафіяне. Шэф-повар у гудагайскіх фэстаў нязменны – Тэрэса Прыбыльская, а памочнікамі ў яе – палова парафіі.
…Некалькі месяцаў прыгатаванняў да фестывалю… Пра іх цяжкасці браты-кармяліты ўжо забыліся, а вось тая атмасфера радаснай малітвы, шчырасці ў размове з Богам, якімі на працягу двух дзён праменіў музычны фестываль “Дастукацца да нябёсаў”, засталіся. У сэрцах святароў, і ў сэрцах бязмерна ўдзячнай паствы з усіх куткоў Беларусі…


КАЛІ ТЫ ХОЧАШ, каб тваё жыццё атрымала новы, сапраўдны накірунак свайго руху… Каб твая вера ўзмацнілася і стала крылатай… Каб любоў перамагла ўвесь негатыў, які роіцца вакол цябе штодня… Проста завітай на Гудагайскі фестываль хрысціянскай музыкі. Які праз год адбудзецца ў жніўні ўжо ў трэці раз.


--------------------
Ганна ЧАКУР.