Чудесные порывы души Светланы Батюлевой

15:00 / 30.08.2012

Удзячную справу задумалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі – знаёміць сваіх чытачоў з творчасцю землякоў. Дзеля гэтага наладжваюць творчыя сустрэчы, выдаюць чыста сімвалічным накладам – тры-пяць асобнікаў – іх творы. Не сакрэт, кожнаму, хто спрабуе свае сілы ў літаратуры, хочацца мець друкаваны зборнік уласных твораў. Але прабіцца ў саліднае дзяржаўнае выдавецтва, ды і ў прыватнае таксама, няпроста і каштуе немалых грошай. А ўкладзены і раздрукаваны бібліятэкарамі на камп’ютары зборнік – вось ён, калі ласка. Яго можна перадаць у спадчыну дзецям і ўнукам, падарыць сябрам... Адзін экзэмпляр абавязкова застаецца ў бібліятэцы – значыць, становіцца даступным для чытачоў зараз і ў будучым. Разумна.


Нядаўняя паэтычная вечарына прысвячалася творчасці Святланы Бацюлевай. Распачала яе ўступным словам і сардэчна правяла дырэктар бібліятэкі Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава.
Былі на гэтай імпрэзе нечаканыя адкрыцці. Прынамсі, “раёнка” і яе літаратурнае аб’яднанне “Астравецкай зямлі галасы” залучылі на газетныя старонкі і ў свае шэрагі новага сябра і сур’ёзную паэтэсу адносна нядаўна – у 2008 годзе, калі з нагоды 540-годдзя горада рыхтаваўся да друку літаратурны альманах, назва якога стала пазней назвай літаратурнай суполкі. Вершы Святланы Бацюлевай уразілі глыбокім філасофскім сэнсам, дакладнымі, жывымі, кранальнымі вобразамі, яскравай паэтычнай мовай. “Чаму вы дагэтуль не друкаваліся?” – дапытваліся мы ў Святланы Пятроўны, а яна толькі сціпла ўсміхалася. А тут высветлілася, што аўтарка – не навічок у паэзіі, піша вершы даўно, яшчэ са студэнцкай пары. І друкавалася!
На паэтычны бенефіс Святланы Бацюлевай сабраліся шчырыя прыхільнікі яе творчасці – найперш, вядома, сям”я: муж Анатоль Анатольевіч, дачка Наталля з унукам Сашкам. Але нямала было і чытачоў бібліятэкі, якім захацелася даведацца пра аўтарку цудоўных вершаў крыху больш. Таму і папрасілі гераіню дня расказаць пра сябе. Святлана Пятроўна згадала родную вёску ў Шчучынскім раёне, дзе яна маленькай дзяўчынкай любіла гуляць па вуліцы, разглядваць і вывучаць кожны дом, фантазіраваць. Бацькі былі настаўнікамі, тата – яшчэ і дырэктарам, таму кватэра іх была пры школе, аддзеленая дзвярыма, што зачыняліся са школьнага боку на кручок. І калі тата або мама забываліся накінуць гэты кручок, маленькая Света ціхенька прабіралася ў калідор, заглядвала ў класы, на перапынках гуляла з дзецьмі. Да тае пары, пакуль бацькі яе не вылоўлівалі і не адпраўлялі назад за дзверы. Потым быў пераезд у Шчучын, новая школа, куды Святлана прыйшла ўжо вучаніцай і адкуль выйшла з цвёрда акрэсленым намерам стаць настаўніцай. Гродзенскі педінстытут (зараз дзяржаўны ўнівесітэт імя Янкі Купалы) гасцінна расчыніў дзверы перад выдатніцай-абітурыенткай і атрымаў дапытлівую, актыўную, працавітую, да таго ж рамантычную студэнтку. На філалагічным факультэце не магло не аказацца паэтаў, таму неўзабаве ўзнік літаратурны часопіс, рэдагаваць які сябры па пяры даверылі Святлане Байгот (дзявочае прозвішча). Рэдакцыя “Гродзенскай праўды”, куды дзяўчына часам дасылала свае вершы, запрасіла яе ў сваё літаратурнае аб’яднанне.
На першым курсе яна сустрэла сваё каханне – фізіка з душой лірыка Анатоля Бацюлева. Прыгожы і з першага погляду непадступна-сур’ёзны хлопец выдатна іграў на гітары, выконваў бардаўскія песні і быў тайным прыхільнікам таленту Святланы. Каханне дало моцны імпульс творчасці, і вершы паліліся з душы шчодрым струменем...
Студэнцкія гады запомніліся незабыўнымі сустрэчамі з вядомымі паэтамі Андрэем Вазнясенскім, Робертам Раждзественскім, Эдуардам Асадавым. Кумірам студэнцкага пакалення 70 – пачатку 80-х гадоў быў, вядома, Уладзімір Высоцкі. А для сям’і Бацюлевых застаецца ім і сёння.
Настаўнічаць маладыя педагогі прыехалі ў Астравец. Напружаная праца ў школе, сямейныя абавязкі, выхаванне дачушкі надоўга забралі лішкі вольнага часу, і Святлана Пятроўна адклала ў бок запаветны нататнік. А калі часам нараджаўся верш, хавала яго ціхенька ў шуфляду пісьмовага стала.
Імпульсам да аднаўлення творчага працэсу, па словах самой Святланы Пятроўны, стала наведванне выставы карцін Бірутэ Куцкайтэ, што праходзіла ў Астраўцы. Непаўторныя вобразы з жывапісных палотнаў мастачкі моцна ўразілі чулую паэтычную душу Святланы Пятроўны, навеялі светлыя ўспаміны дзяцінства. Неяк адразу нарадзіўся верш “Свет Бірутэ”. А за ім – і іншыя. З падачы сяброў паэтэса адважылася абнародаваць свае творы на падобнай імпрэзе ў раённай бібліятэцы. Слухачы сустрэлі іх з вялікай прыхільнасцю, а газета “Астравецкая праўда” запрасіла да актыўнага творчага супрацоўніцтва. І зараз вершы Святланы Бацюлевай пастаянна з’яўляюцца ў “Літаратурнай старонцы”. Змешчаны яны і ў калектыўным зборніку “Астравецкай зямлі галасы”.
Некалькі невядомых старонак паэтычнай біяграфіі Святланы Пятроўны прагарталі яе калегі і шчырыя сяброўкі – настаўніца гімназіі №1 Галіна Віктараўна Внуковіч і “сястра па пяры” Таццяна Мечыславаўна Граблеўская. Сваё захапленне паэзіяй бенефіцыянткі і сардэчныя пажаданні плёну ў далейшай творчасці выказалі галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда” і кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы” Ніна Аляксееўна Рыбік, удзельніца гэтай суполкі Людміла Іванаўна Кухарэвіч, актыўная чытачка бібліятэкі Данута Францаўна Чарнушэвіч – чалавек тонкай спяваючай натуры, чулы да прыгожага слова. Апрача традыцыйных кветак і сувеніраў, кошыка яблыкаў і груш ад Станіслава Курылы, было многа вершаваных прысвячэнняў. А самадзейны спявак і кампазітар Аляксандр Якіменка выканаў сваю песню “Ветэраны”, напісаную на словы С. Бацюлевай.
Аўтарская сустрэча вылілася ў сапраўднае паэтычнае свята, на якім спаўна параявіліся душы ўзнёслыя парывы.



-----------------------------------------------

Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.