"Мисс Островчанкой-2012" стала Ксения Шлыкович

15:59 / 07.08.2012

У мінулую нядзелю ў кінаканцэртнай зале “Астравец” было па-сапраўднаму горача: пяць спакуслівых, грацыёзных, вытанчаных і таленавітых дзяўчат змагаліся за права насіць тытул “Міс Астраўчанка-2012”.



Гэты конкурс праходзіць у нашым раёне трэці раз, аднак ён займеў ужо шмат прыхільнікаў і можа па праве лічыцца адным з самых масавых, яркіх і запамінальных шоу. Сёлета яго арганізатарам выступіў раённы аддзел культуры, а непасрэдным куратарам была метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Святлана Сцефановіч. Удзел у конкурсе прынялі пяць прыгажунь Астравеччыны: Марыя Еўтушэнка, Ксенія Шлыковіч, Агнэса Мілэйша, Вольга Сянюць і Вікторыя Гарбачэўская.



Кінаканцэртная зала ў гэты вечар была амаль што запоўнена і, як гэта ні парадаксальна, у пераважнай большасці жанчынамі. Відаць, не цікавяцца нашы мужчыны прывыбнымі дзяўчатамі. Хаця пахварэць тут было за каго – адна ўдзельніца прыгажэйшая за другую.
А ўпэўніцца ў гэтым можна было ўжо падчас першага конкурсу пад загадкавай назвай “Стыль твайго горада”. Вядучыя Павел Букель, Аляксандр Лях, Святлана Алёхна і Святлана Сцефановіч прапанавалі прыгажуням стварыць вобраз, які б найбольш ярка адлюстроўваў стыль іх жыцця. І вось надышоў хвалюючы момант – на сцэне з’яўляюцца сапраўдныя топ-мадэлі. Высокія абцасы, модныя сукенкі, упэўненая паходка і абаяльныя ўсмешкі – здаецца, яны ўсё жыццё хадзілі па подыуме.
Аднак члены журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Уладзіслава Ластоўскага, дырэктара ПУП “Планета Тэхна” Аляксея Багдзюна, метадыста па харэаграфічным жанры Наталлі Шукяловіч і “Міс Астраўчанкі-2010” Маргарыты Магадзя (перамагла ў конкурсе яна пад дзявочым прозвішчам Рук) ацэньвалі не толькі знешнюю, але і ўнутраную прыгажосць удзельніц.



А больш падрабязна пра кожную з іх можна было даведацца падчас наступнага конкурсу – “Самапрэзентацыя”. Канешне, расказваць пра сябе вельмі складана. Тут важна не надта нахвальваць сябе, каб не стварыць уражанне самаўлюблёнай асобы, аднак і быць залішне сціплай таксама не варта, бо застанешся незаўважанай. І дзяўчаты цудоўна справіліся з заданнем, хоць схаваць хваляванне ім было не проста.
Першай выступала Вольга Сянюць, якая прызналася, што з’яўляецца вельмі камунікабельнай, эмацыянальнай і жыццярадаснай дзяўчынай. Зараз яна вучыцца ў БНТУ на эканаміста-менеджара. Вольга вельмі любіць сваю сям’ю і сяброў, якіх у яе не так шмат – затое ім можна даверыць любыя сакрэты. А эталонам жаночай прыгажосці для Вольгі з’яўляецца Пенелопа Крус.
Ксенія Шлыковіч – студэнтка БДЭУ, вывучае фінансы і крэдыт. Яна любіць жыццё і блізкіх людзей і верыць: усё, што ні здараецца – да лепшага. Расказ удзельніцы пра сябе дапоўніла цікавае мультымедыя з фотаздымкамі, якія ярка адлюстроўвалі яе характар і захапленні. Ксенія – абаяльная, сонечная, рамантычная, часам – упартая і капрызная. Яна любіць маму, сваіх сяброў і шакалад, а яшчэ – гатаваць, спяваць, шопінг і актыўны лад жыцця.
Марыя Еўтушэнка ўразіла сваёй шчырасцю і натуральнасцю. На беларускай мове, вельмі пранікнёна расказала дзяўчына пра сваё дзяцінства, пра родную вёсачку Варняны. Але час, калі “деревья были большими”, скончыўся – і Марыя ўступіла ў дарослае жыццё. Зараз яна вучыцца ў БНТУ на эканаміста-менеджара, любіць падарожнічаць, захапляецца фатаграфіяй, не баіцца яркіх убораў і жыве па прынцыпе: “Усё будзе добра!”
Агнэса Мілэйша з задорам расказала пра сваё актыўнае жыццё. Агнэса з дзяцінства не прывыкла сядзець на адным месцы – заняткі ў школе, урокі музыкі, курсы польскай мовы, танцы. Сёння яе жыццё стала яшчэ больш яркім і насычаным – яна студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта і праз некалькі гадоў ажыццявіцца яе мара: яна стане настаўніцай замежнай мовы. Агнэса лічыць, што трэба атрымліваць асалоду ад кожнага моманту жыцця. А эталонам жаночай прыгажосці для дзяўчыны з’яўляецца мама. Вельмі выйгрышным глядзелася відэа, якое Агнэса пад канец прадэманстравала гледачам: пра дзяўчыну расказвалі яе сябры. Сапраўды, важна не толькі тое, што ты думаеш пра сябе, а і тое, што пра цябе кажуць твае блізкія.
Вікторыю Гарбачэўскую, напэўна, ведае кожны, хто наведвае канцэрты і іншыя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў нашым раёне. Уладальніца цудоўнага голасу, яна заўсёды радуе гледачоў сваімі выступленнямі. Сваё захапленне – а яна спявае на сцэне з шасці гадоў – Вікторыя вырашыла пераўтварыць у прафесію. Зараз дзяўчына з’яўляецца студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пасля заканчэння якога хоча вярнуцца працаваць на Астравеччыну. Дарэчы, у Вікторыі падчас конкурсаў была цудоўная група падтрымкі. Сяброўкі раздрукавалі на вялікім плакаце яе фотаздымак, і пры кожным выхадзе на сцэну дзяўчына бачыла ў зале сваё адлюстраванне.


Чэрлідынг – гэта арганізаваная група падтрымкі спартыўных каманд. Менавіта такую назву насіў трэці конкурс. Тут ужо канкурсанткам трэба было праявіць свае танцавальныя здольнасці. У аднолькавых касцюмчыках з пампонамі ў руках дзяўчаты сінхронна вытанцоўвалі на сцэне. Іх смела можна было браць на алімпіяду ў Лондан у якасці групы падтрымкі нашай зборнай. Адным словам, малайцы!


Гледачы застылі ў чаканні новага конкурсу. І тут мужчынскай палове залы прыйшлося не соладка. “Падніміце сківіцы з падлогі!”, – заклікаюць іх вядучыя, калі на сцэну ўзняліся ўдзельніцы ў купальных касцюмах. Вытачаныя фігуры, какетлівыя паходкі, спакуслівыя позіркі – авацыі ў зале не сціхаюць, што яшчэ больш падзадорвае ўдзельніц. Дэфіле ў купальніках прайшло на “ўра”.



Дарэчы, пакуль дзяўчаты пераапранаюцца, гледачам не даводзіцца сумаваць. Іх забаўляюць музычнымі і танцавальнымі нумарамі Анастасія Лукша, Анастасія Клімашэўская, танцавальны калектыў “Нон-стоп” і спецыяльна запрошанае на праект са сталіцы шоу барабаншчыкаў “Гульні блін”.


“Эпоха дыска” – пад такой назвай праходзіў наступны конкурс. Удзельніцы растварыліся ў гарачых рытмах музыкі дыска, апрануўшы на сябе стыляжныя ўборы яркіх колераў. Сцэна пераўтварылася ў танцпляцоўку, а нашы ўдзельніцы – у сапраўдных зорак эстрады 80-х. Падтрымаў дзяўчат у гэтым конкурсе Павел Букель, які ў кучаравым парыку цудоўна ўпісаўся ў эпоху дыска.



Аднак надышоў час паглыбіцца ва ўнутраны свет прыгажунь і даведацца, якая ў іх філасофія жыцця. Дарэчы, так і называўся наступны конкурс, падчас якога члены журы мелі магчымасць задаць цікавячыя іх пытанні канкурсанткам. Спачатку дзяўчат папрасілі ўявіць, што іх імя знаходзіцца ў кнізе рэкордаў Гінэса і адказаць, за якія дасягненні яны б маглі туды трапіць. “За самы хуткі тэмп мовы”, – скорагаворкай пратараторыла Ксенія Шлыковіч. “За самае хуткае паяданне тартоў”, – аблізнулася Вольга Сянюць. “А я б пабывала ва ўсіх краінах свету”, – летуценна сказала Агнэса Мілэйша. “За мой артыстызм”, – палічыла Вікторыя Гарбачэўская. “А я буду самай вясёлай дзяўчынай на свеце”, – усміхнулася Марыя Еўтушэнка. Другое пытанне насіла больш філасофскі характар: “Калі б усе людзі свету слухалі вас, што б вы ім сказалі?” Удзельніцы думалі ў адным накірунку і жадалі важных і галоўных рэчаў: каб людзі былі шчырымі і добрымі, каб любілі і паважалі адзін аднаго, і каб кожны пражыў яркае, насычанае жыццё.


Падчас творчага конкурсу ўдзельніцы прадэманстравалі гледачам свае таленты. Ксенія Шлыковіч магла б здымацца ў фільме “Стылягі”. Апранутыя ў яркія ўборы, Ксенія са сваім сябрам станцавалі энергічны танец бугі-вугі. Выступленне суправаджалася акрабатычнымі элементамі – рабяты прадэманстравалі выдатныя харэаграфічныя здольнасці і не на жарт запалілі залу.
Жартаўлівы верш пра сонечную будучыню расказала Агнэса Мілэйша. Яна запэўніла, што ў будучым хвароб зусім не будзе, аднак будуць дзейнічаць аптэкі шчасця, дзе будуць прадавацца вітаміны супраць хлусні, для жанчын – “антыгаварын”, парашкі для лёгкіх родаў і нават пакаральнік сэрца, ад якога любы прыгажун адразу прапануе руку і сэрца.
Вольга Сянюць у вобразе парыжанкі выканала танец пад французскую песню “Viser la lune”. Атрымалася ў яе гэта вельмі душэўна і замілавальна.
Сучасны танец падарыла публіцы і Марыя Еўтушэнка. Экспрэсія, драйв, эмацыянальнасць – усё прысутнічала ў яе выступленні. Мяркую, што на дыскатэках ад Марыі немагчыма адвесці вачэй.
Пра талент Вікторыі Гарбачэўскай ведаюць многія, таму яе выступленне не стала сюрпрызам – яна парадавала гледачоў сваёй песняй. Моцны голас, упэўненыя паводзіны – адразу бачна, што на сцэне прафесіянал.



І апошнім конкурсам стала дэфіле ў вячэрніх сукенках. Цудоўна, што канкурсанткі ўмеюць так пераўвасабляцца. З вясёлых, какетлівых і задорных дзяўчынак яны пераўтварыліся ў сапраўдных лэдзі. Роўныя спінкі, сціплыя ўсмешкі, плаўныя паходкі – так высакародна трымалася хіба што Наташа Растова на сваім першым балі. Як жа пашчасціла ці яшчэ пашчасціць іх выбраннікам: канкурсанткі – усе як адна! – сапраўдныя прыгажуні.


Завяршыліся выпрабаванні для ўдзельніц конкурсу. Журы адпраўляецца ў таемны пакой, каб падлічыць балы і вынесці канчатковы вердыкт: хто ж стане Міс Астраўчанкай-2012? І вось пяць прыгажунь узнімаюцца на сцэну – для іх наступае самы хвалюючы момант.





Тытул “Міс стыль” і сертыфікат на суму 700 тысяч рублёў (спонсар ПУП “Планета Тэхна”) атрымала Вольга Сянюць.


Званне “Міс талент” і 900 тысяч рублёў (спонсар – Астравецкі райвыканкам) – у Вікторыі Гарбачэўскай.







Другой Віцэ-міс стала Агнэса Мілэйша – яна атрымала ў падарунак 1 мільён рублёў (спонсар – “Ашмянскі мясакамбінат”).







І вось застаецца толькі дзве прэтэндэнткі – дзяўчаты не могуць схаваць хвалявання. Паўза зацягваецца…



Першай Віцэ-міс становіцца Марыя Еўтушэнка – ёй дастаецца сертыфікат на суму 1 470 000 рублёў.







А ганаровы тытул “Міс Астраўчанка-2012” і сертыфікат на суму 2 300 000 рублёў атрымала Ксенія Шлыковіч (спонсар двух галоўных прызоў – Астравецкі райвыканкам). Карону прыгажуні перадала “Міс-Астраўчанка-2012” Маргарыта Магадзя.







Аднак на гэтым прызы не заканчваюцца – сёлетняе шоу аказалася шчодрым на падарункі. Прадстаўніца магазіна “Рамонак” уручыла дысконтную карту на 5-працэнтную скідку ў іх магазіне Вользе Сянюць. Ад магазіна “Мілена” і арганізатараў конкурсу ўсе дзяўчаты атрымалі наборы касметыкі.
Акрамя таго, на сайце “Астравецкай праўды” праходзіла галасаванне за ўдзельніц конкурсу, па выніках якога была вызначана “Міс глядацкіх сімпатый”. Ёй стала Агнэса Мілэйша, якая набрала 744 галасы. Яна атрымала ў падарунак абанемент на 2 персоны на наведванне дыскатэкі “Галактыка”. Яшчэ адным спонсарам праекта стаў цырульніцкі салон “Валерыя”, майстры якога дапамагалі ўдзельніцам і вядучым конкурсу з прычоскамі. Падзякавалі вядучыя і фатографу праекта Юрыю Горыду, дзякуючы якому ўдзельніцы будуць праглядаць фотаздымкі, паказваць іх родным і сябрам і яшчэ доўга ўспамінаць аб гэтым яркім і запамінальным шоу.


А мы, гледачы, хацелі б падзякаваць арганізатарам гэтага цудоўнага конкурсу і папрасіць, каб яно было не апошнім. А ўвогуле ёсць прапанова яго пашырыць. Да прыкладу, правесці конкурс “Містэр Астраўчанін”. А што? Было б цікава…


Вольга ШОЎКУН.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.