Праздник деревни Лоша

13:00 / 03.08.2012

На свяце вёскі, якое адбылося нядаўна ў Лошы, сабралася амаль уся акруга. Арганізатары нават не чакалі такой масавасці. Тут прысутнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці – студэнты будатрада з Брэста, што працуюць на будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Яны, дарэчы, былі не пасіўнымі гледачамі, а прымалі актыўны ўдзел у конкурсах, спартыўных спаборніцтвах.


Цікавую канцэртную праграму падрыхтавалі работнікі культуры Гудагайскага СДК сумесна з загадчыкам Лошскай бібліятэкі-клуба Анджэлай Чаславаўнай Кукаловіч.


Для жадаючых павысіць свой адрэналін былі арганізаваны атракцыёны,  дзейнічала бяспройгрышная латарэя “Кола ўдачы”.


У час канцэрта на сцэну паміж нумарамі запрашалі лепшых вясковых працаўнікоў і пад гарачыя апладысменты прысутных уручалі памятныя сувеніры ад СВК “Гудагай”. Сярод адзначаных былі Ядвіга Ігнацьеўна Антановіч і Часлаў Іванавіч Граблеўскі, прозвішчы якіх занесены ў раённую кнігу “Памяць” – у свой час за працоўныя заслугі яны былі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы ІІІ ступені.


Пасля гульнёва-забаўляльнай праграмы арганізатары свята падвялі вынікі конкурсу на лепшае падвор’е. І тут не абышлося без нечаканасці. Усе тры фіналісткі дружна аддалі свае ўзнагароды самай пажылой жанчыне вёскі Габрыэле Крысцінаўне Пілецкай, сцвярджаючы, што менавіта яе двор – самы лепшы ў вёсцы па чысціні і парадку.


І яшчэ адзін сюрпрыз чакаў публіку. У конкурсе “Смаката”, у якім прымалі ўдзел 6 гаспадынь, перамогу атрымала вучаніца 7 класа Ангеліна Антановіч. Па меркаванні кампетэнтнага журы, у яе атрымалася самая смачная і арыгінальна ўпрыгожаная салата. Вось што значыць падысці да сваёй справы з творчай фантазіяй.


Напрыканцы свята адбыліся традыцыйныя спартыўныя спаборніцтвы, якія правёў суддзя Васілій Уладзіміравіч Марцішэўскі. У перацягванні каната памераліся сіламі каманда вяскоўцаў “Сваякі” і каманда студэнтаў з Брэста “Будатрад”. Пасля непрацяглай барацьбы “сваякі” “па-джэнтльменску” саступілі сапернікам.


Па падняцці гіры не было роўных ураджэнцу Лошы Дзмітрыю Грамбоўскаму, а прысесці з бервяном удалося больш за ўсіх студэнту з Брэста Аляксандру Міхцюку – 99 разоў.


А пасля свята моладзь адправілася на дыскатэку, роўных якой, па словах відавочцаў, тут не было даўно.



Іван ПЕТРЫК.