Культурный отдых в Островце и районе

20:15 / 20.07.2012
1

Скажыце, чым вы займаецеся ў нядзелю пасля абеду? Думаю, большасць адкажа: “Гляджу тэлевізар” ці “Адпачываю на канапе”.



А між тым усё лета кожную нядзелю ў лесапаркавай зоне “Астраўца” арганізоўваюцца канцэртныя праграмы для жыхароў горада і раёна. Каб больш падрабязна даведацца, якія мерапрыемствы ўжо прайшлі, і што яшчэ чакае нас у апошнія летнія месяцы, мы звярнуліся да дырэктара раённага матадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Анастасіі Клімашэўскай.


– Раскажыце, хто арганізоўвае канцэрты, якія  кожную нядзелю праходзяць у  лесапарку?


– Кожны тыдзень у нядзелю ў летнім амфітэатры ў лесапаркавай зоне Астраўца праходзяць канцэрты сельскіх Дамоў культуры. Уваход на канцэртныя праграмы бясплатны. Шэраг канцэртаў ужо прайшлі, але наперадзе аматараў музыкі і танцаў у выкананні мясцовых артыстаў чакаюць  выступленні Варонскага, Гервятскага, Рымдзюнскага, Мальскага, Рытанскага, Кямелішкаўскага і Альхоўскага сельскіх Дамоў культуры. Пачынаюцца яны ў дзве гадзіны дня – час зручны, здаецца, для ўсіх. Таму, чаму б не прыйсці і не пазнаёміцца з творчасцю нашых землякоў?! Запрашаем!


– Тады падзяліцеся сакрэтам,   што цікавага чакае нас у гэтыя выхадныя?


– Гэта зусім не сакрэт. У нядзелю мы чакаем гасцей. 22 ліпеня ў Астравец прыязджае вакальная група “CAMERATA”. Канцэрт пройдзе ў амфітэатры ў лесапаркавай зоне,  пачнецца ён у 18.30. Дарэчы,  уваход таксама будзе бясплатны. Праўда, у выпадку дажджу астраўчан, гасцей горада і ўсіх жыхароў раёна мы будзем чакаць у кінаканцэртнай зале “Астравец”.


– Цудоўна, што падобныя канцэрты арганізоўваюцца ў горадзе. А што аддзел культуры  прапануе жыхарам вёсак?


– У вёсцы культурнае жыццё таксама віруе. Акрамя традыцыйных канцэртаў, прысвечаных дзяржаўным і каляндарным святам, папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца святы вёсак. Яны ўжо прайшлі ў Міхалішках, Падольцах і Рытані.  У адных вёсках канцэрты праходзяць з удзелам мясцовых артыстаў, у іншых – з запрашэннем  артыстаў з суседніх раёнаў і нават вобласці. Напрыклад, у Міхалішках, Падольцах і Гервятах былі арганізаваны выступленні артыстаў Гродзенскай абласной філармоніі. Акрамя свят вёсак, праходзяць гульнявыя праграмы для дзяцей і забаўляльныя – для дарослых. Як правіла, на іх збіраюцца жыхары ўсёй вёскі, якія з’яўляюцца не толькі слухачамі, але і самі актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх конкурсах і спаборніцтвах.


– А што ў планах на бліжэйшую будучыню?


– Плануем у горадзе па суботах арганізоўваць мерапрыемствы для дзяцей і моладзі, праводзіць дыскатэкі на адкрытай пляцоўцы. А ў нядзелю і надалей будзем арганізоўваць канцэртныя праграмы для ўсіх жыхароў горада і раёна.


Думаю, што не адкрыю вялікага сакрэту, калі скажу, што 29 ліпеня ў кінаканцэртнай зале “Астравец” пройдзе раённы  конкурс “Міс Астраўчанка-2012”. На гэтае мерапрыемства мы запрасілі артыстаў з Мінска, таму ўваход на яго будзе платны. Але той, хто прыйдзе, не пашкадуе. Відовішча будзе захапляльнае!


Да таго ж ужо сёння ва ўсіх чытачоў раённай газеты і наведвальнікаў сайта “Астравецкай праўды” ёсць цудоўная магчымасць выбраць дзяўчыну, якой будзе прысуджаны тытул “Міс глядацкіх сімпатый”. Прагаласаваць за адну з удзельніц можна на сайце газеты “Астравецкая праўда” – ostrovets.by.


Карыстаючыся магчымасцю, запрашаем усіх прыйсці 29 ліпеня на конкурс і выбраць “Міс Астраўчанку-2012”.


– Дзякуй за гутарку! І поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях!



Алена ЯРАШЭВІЧ.