На Островетчине прошел поэтический слэм

12:00 / 20.07.2012

Гм-м-м… А што такое слэм? Не ведаеш? Як? Нават ты? Што ж, тады застаецца пастукацца ў брамку да дзядзькі інтэрнэта…



“Слэм” – дзеянні публікі на музычных канцэртах, падчас якіх людзі піхаюцца і ўразаюцца адзін у аднаго”, – адказаў гэты ўсёзнайка.  Ага, значыць, паэтычны слэм – гэта калі піхаюцца і ўразаюцца адзін у аднаго паэты.


– Піхаюцца, – напярэдадні імпрэзы згадзіўся з набытымі мною ведамі яе вядучы, беларускі паэт Андрэй Хадановіч. – Але ў фігуральным сэнсе.


Беражонага бог беражэ, вырашаю для сябе і на  ўсялякі выпадак сядаю на трэцюю ад Каймінскай сцэны лаўку – калі хто-небудзь з фігуральна піхаючыхся паэтаў раптам зрыкашэціць, удар прыме на сябе першая…


Паэтаў будзе сямёра – спіс іх прозвішчаў вялікімі, блізарукімі літарамі надзейна занатаваны ў маім нататніку: Глеб Лабадзенка, Анатоль Івашчанка, Павел Капанскі, Марыя Пушкіна, Усевалад Сцебурака, Віталь Рыжкоў і Цімур Хоміч. Толькі двое з іх дасягнулі трыццаці гадоў – усе астатнія яшчэ смакуюць другі дзясятак уласнага ўзросту.


Паэтаў будзе сямёра… Мелася быць дзесяць, але яны толькі ў чацвер вярнуліся са слэму, які праходзіў на Украіне, і ў дарозе трое захварэлі.


Паэтаў будзе сямёра…


– У сённяшнім слэме прымуць удзел восем паэтаў, – абвяшчае са сцэны Андрэй Хадановіч.


–???


–У апошні момант Астравеччына выставіла свайго кандыдата, – тлумачыць ён.


Але каго? Старанна ўглядаюся ў публіку, спрабуючы вызначыць: хто адважыўся процістаць сталічным “зубрам”? Людміла Кухарэвіч? Добрая паэтэса, але ж яна не збіралася выступаць – прыехала паслухаць маладых. Міраслава Якіменка? Яна будзе ўдзельнічаць у пасляслэмавым канцэрце…


Між тым вядучы, вытрымаўшы інтрыгуючую паўзу, нарэшце аб’яўляе імя першага слэміста Астравеччыны:


–Ваня Васілеўскі.


І паколькі першапачаткова было вырашана, што выступаць паэты будуць у алфавітным парадку іх прозвішчаў, гонар (і адказнасць) адкрыць слэм кладзецца менавіта на Ваніны плечы.


Уражаны ўсе, а найбольш прысутная на свяце паэзіі настаўніца Вані Алена Памецька.


– Ваня піша добрыя вершы, – кажа яна. – Але ніколі не чытае іх сам – у разе патрэбы яго вершы дэкламуе Ванін брат.


…Я не ведаю, якія жарсці бушавалі (ці бушавалі наогул?) у сэрцы хлопчыка – на сцэну ён падняўся абсалютна спакойным і свае творы прачытаў упэўнена і прыгожа. Дарэчы, вельмі добрыя вершы. Асабліва з улікам юнага ўзросту Вані.


Суддзі выставілі астравецкаму паэту добрыя адзнакі: пяцёркі і чацвёркі. І тут трэба спыніцца на судзействе…


На слэме, аказваецца, трацейнічаюць самі слухачы. Арганізатары імпрэзы загадзя падрыхтоўваюць пяць камплектаў адзнак (ацэньваюць па пяцібальнай сістэме) і раздаюць іх публіцы. І той, у чые рукі волей лёсу трапіў такі камплект, павінен слухаць выступленні асабліва ўважліва, каб потым аб’ектыўна выставіць суб’ектыўную ацэнку ў дзвюх намінацыях: “за змест вершаў” і “за артыстызм падчас іх чытання”.


Змест вершаў… Прызнацца, глыбіня “слэмаўскага” зместу моцна ўразіла. Разумею, што мэтр Хадановіч не мог дазволіць сабе прывезці слабую каманду, але на такі высокі ўзровень паэзіі яе аматары з Астравеччыны нават не спадзяваліся. Лірычны Івашчанка, парадаксальны Хоміч, філігранны Капанскі, звышназіральны Рыжкоў…


Вось так, калі ўзяць агулам… Маладосць – гэта заўсёды бунтарства, радыкальны погляд на рэчаіснасць. А калі гэты погляд праецыруецца на свет яшчэ і скрозь прызму паэзіі… Паэты ж, прынамсі, сапраўдныя, заўсёды ў апазіцыі. Да грамадства? Не толькі. Да існавання наогул.


Добра, што камплект судзейскіх адзнак не трапіў мне ў рукі – кожнаму з паэтаў я б выставіла круглыя “пяцёркі”. Таму што ўсе яны былі розныя. Самае галоўнае – шчырыя. Той высокай шчырасцю, якая нараджаецца ў непрыдуманых, а адчутых вершах.


Ненарматыўная лексіка? Прысутнічала, вядома – маладым, падобна, без яе напоўніцу і не выказацца. Але была яна неяк дарэчы і не асабліва карабаціла. Тым больш, што паэты, прамаўляючы “падазронае” слоўца, адстараняліся ад мікрафона. І самыя рызыкоўныя месцы (я потым праверыла гэта па напісаных тэкстах) перад пачаткам слэму яны прадбачліва замянілі на больш легкатраўныя.


Зрэшты, паэзія каштоўная не словамі, а ўздзеяннем. Эмоцыямі, якія яна выклікае. Ад вершаў, што ў мінулую суботу гучалі на беразе Кайміны, перахоплівала дыханне. І за багаццем вобразаў і пачуццяў, якімі так шчодра дзяліліся са слухачамі паэты, момант іх спаборніцтва паміж сабой адыходзіў на другі план.


Хоць слэм – гэта ўсё ж спаборніцтва. Пасля першага круга (кожны паэт чытаў свае творы на працягу выдзеленых яму трох хвілін, гледачы выстаўлялі адзнакі) у фінал выйшлі Глеб Лабадзенка і Віталь Рыжкоў. А на трэцяе месца прэтэндавалі адразу трое паэтаў: Цімур Хоміч, Усевалад Сцебурака і Анатоль Івашчанка, якія набралі аднолькавую суму балаў. У другім крузе яны высвятлялі адносіны паміж сабой. І трэба было бачыць, як хваляваліся!


На гэты раз пераможцу гледачы выбіралі апладысментамі – самыя моцныя прагучалі пасля выступлення Усевалада Сцебуракі. Ён і стаў трэцім фіналістам.


А потым быў фінал. І кардонныя адзнакі перайшлі ў рукі новых суддзяў-гледачоў. І феерверк паэтычных эмоцый забіў з асаблівай сілай. І, здавалася, ні пераможцаў, ні пераможаных на гэтым свяце быць не можа…


Пасля стараннага падліку балаў пераможцам слэму на Астравеччыне стаў Усевалад Сцебурака, якому быў уручаны трохлітровы слоік мёду і прыгожы гліняны глячок (каб было куды мёд наліваць). Другое месца гледачы прысудзілі Віталю Рыжкову (два літры мёду і гляк меншых памераў), трэцяе – Глебу Лабадзенка (літр мёду і вялізная лыжка). Усе астатнія ўдзельнікі паэтычнага слэму, які яны тут жа “ахрысцілі” “мядовым”, таксама атрымалі памятныя сувеніры.


Конкурс завяршыўся, а значыць, надышоў час наступнага. Справа ў тым, што перад пачаткам слэму яго вядучы паэт Андрэй Хадановіч прапанаваў усім прысутным паспрабаваць свае сілы ў бурымэ – напісаць вершыкі з выкарыстаннем зададзеных рыфмаў: ножык-вожык, ровар-бровар. Бурымэшнікаў на беразе Кайміны аказалася на дзіва шмат – мэтр атрымаў з паўтара дзясятка варыянтаў. Лепшым слухачы (апладысментамі) прызналі:


Я заточваю свой ножык


І псую суседу ровар,


Каб не ставіў гадскі вожык


У маім гародзе бровар.


Аўтарам гэтага чатырохрадкоўя аказаўся… Віталь Рыжкоў.


Прызам быў адзначаны таксама бурымэшны твор прысутнага на слэме жыхара Маладзечна Валерыя Трацяка, які напісаў:


Каймінскі нецвярозы вожык


Парэзаў сала, выцер ножык


І сеў на польскі яшчэ ровар,


І пакаціў у лес, на бровар.


А пасля таго, як усе конкурсы завяршыліся, і апошні прыз трапіў у рукі свайго гаспадара, на сцэну Каймінскага “карабля” выйшлі самадзейныя артысты Страчанскага Дома культуры, і весялосць успыхнула з новай сілай.


А на горцы папыхкваў шашлычным дымком райспажыўтаварыскі мангал, і спакушалі багатым асартыментам прысмакаў прылаўкі раённага прадпрыемства грамадскага харчавання. Салаўя ж байкамі не кормяць – нішто чалавечае паэтам не чужое. Гледачам і слухачам – тым больш.


Свята працягвалася ледзь не да самога вечара. А ўспаміны аб ім будуць жыць да наступнага года – ходзяць упартыя чуткі, што прысутны на слэме начальнік аддзела культуры Сяргей Лявонцьевіч Сяўко задумаў зрабіць яго штогадовым. І гэта проста цудоўная задумка!


Застаецца дадаць: ініцыятарамі правядзення “Мядовага слэму” выступілі ўдзельнікі клуба “Вільняр” (Алесь Юркойць энд Компані), неацэнную практычную дапамогу ў яго арганізацыі аказалі Астравецкі райвыканкам і яго аддзел культуры, райспажыўтаварыства, Спондаўскае лясніцтва, Страчанскі Дом культуры.



Ганна ЧАКУР.

Фота Ганны БАБІЦКАЙ.