Як у Гудагаі зіму праводзілі

15:43 / 25.02.2012

Зіма і марозы сёлета так надакучылі вучням і настаўнікам Гудагайскай школы, што яны вырашылі аднавіць старадаўні абрад Масленіца.


У мінулую суботу сабраліся ўсе разам, каб прагнаць зіму. Праўда, зіма ў той дзень добра падрыхтавалася і не жадала саступаць. Але нават 20-ці градусны мароз не напалохаў дзяцей і дарослых – яны выйшлі на вуліцу з песнямі, танцамі і вясёлымі прыпеўкамі.
Вясёлыя гукі народных мелодый напоўнілі марозную раніцу. На дапамогу песням прыйшоў мароз, які прымусіў дзяцей і дарослых кінуцца ў скокі. А якая Масленіца без бліноў з гарачым чаем, завараным на духмяных травах? Водар бліноў, аладак, піражкоў і духмянага печыва прыманьвалі прахожых здалёку.
Здаўна лічылася, што чалавек, які сумна правёў масленічны тыдзень, не будзе мець поспеху на працягу ўсяго года. Таму школьнікі вырашылі павесяліцца на славу. Не забыліся яны і пра сваіх суседзяў – ваеннаслужачых аддзела пагранічнай службы “Гудагай”, якія з задавальненнем прынялі запрашэнне правесці Масленіцу разам са школьнікамі. Былі тут кулачныя баі, біццё падушкамі і венікамі, кіданне сняжкоў і 16-кілаграмовай гіры, перацягванне каната і жартоўныя конкурсы.
А самым любімым заняткам дзяцей і дарослых стала катанне на санях. Упрыгожаны конік з ранку чакаў “пасажыраў” – і іх было нямала. Пакатацца на коніку вырашылі не толькі дзеці, але і дарослыя, і нават воіны-пагранічнікі.
І як на сапраўднай Масленіцы, спецыяльна было змайстравана пудзіла. Як толькі школьнікі сабраліся каля яго, з-за хмарак выглянула сонейка, і пудзіла ўспыхнула яркім полымем. Дружным карагодам дзеці і настаўнікі правялі зіму і сустрэлі блізкую ўжо вясну.
Да пабачэння зіма! Масленіца прыйшла! Значыць, і вясна не за гарамі!


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.