Тыдзень postfactum: “Еўрабачанне” па-беларуску

13:25 / 22.02.2012

На мінулым тыдні, у Дзень Святога Валянціна, адбыўся фінал тэлевізійнага музычнага праекта “Еўрафэст”, на якім быў вызначаны ўдзельнік конкурсу песні “Еўрабачанне” ад Беларусі.
На гэты раз прадстаўляць нашу краіну будзе маладая спявачка Алёна Ланская.
Праўда, музычным святам названы праект не завяршыўся і азнаменаваўся гучным скандалам.


Прычынай да яго стала нязгода шэрага ўдзельнікаў “Еўрафэста” з вынікамі конкурсу і абвінавачванні арганізатараў у падстасоўцы вынікаў галасавання тэлегледачоў.
Дайшло да таго, што выканаўцы адмовіліся атрымліваць прызы, а лідар групы “Litesound”, якая заняла другое месца, падчас агучвання канчатковых вынікаў у роспачы нават разбіў шклянку.
Увогуле, скандалы з’яўляюцца неадымным атрыбутам “Еўрабачання”, і наша краіна ў гэтым сэнсе не выключэнне. Іншая справа, што паўсюль успрымаюць песенны конкурс як шоу – і толькі ў нас да яго рыхтуюцца, як да сталінградскай бітвы. Таму, напэўна, і праявы скандалу вызначаюцца нейкай асаблівай жорсткасцю і цынізмам. І гэта ў талерантных беларусаў!
“Проста агідна”, “жудасна”, “убоства” – гэта самы мяккія ацэнкі выступлення пераможцы з боку шматлікіх тубыльцаў інтэрнэт-прасторы. Не абышлі яны сваёй увагай фігуру маладой дзяўчыны, асаблівасці макіяжу, а таксама яе англійскую мову. Быццам кожны другі з нас вызначаецца оксфардскім вымаўленнем!
Хіба ж гэта прыстойна?
Спявачка Алёна Ланская, безумоўна, адметная і таленавітая. Аспрэчваць гэта неразумна, хоць аб густах і не спрачаюцца. Іншая справа, што для “Еўрабачання” яна – не фармат.
Як, на мой погляд, і ўсе астатнія прэтэндэнты.
Песенны конкурс Еўрапейскага вяшчальнага саюза Беларусь намагаецца ўзяць штурмам з 2004 года. Толькі вось вынікі пакуль вельмі сціплыя.
Больш-менш дастойна прадставіў нашу краіну толькі Дзмітрый Калдун, які ў 2007 годзе ўзняўся ў фінале на шостую прыступку.
Усе астатнія ўдзельнікі ад Беларусі, за выключэннем яшчэ групы “3+2”, не прабіваліся нават у фінал, задавальняючыся месцам у другой дзясятцы паўфіналу.
“Еўрабачанне”, канешне, даўно заслужыла славу конкурсу непрадказальнага, аднак, асмелюся спрагназаваць, што хутчэй за ўсё далей паўфінала Беларусь не пройдзе і ў гэтым годзе. Прычым незалежна ад таго, паедзе на конкурс Алёна Ланская ці нехта з тых, хто прайграў ёй у нацыянальным конкурсе.
Прычына ў тым, што, па вялікаму рахунку, ні адна з песень, якую прапанавалі на суд гледачоў прэтэндэнты на “Еўрабачанне”, не кранула, не запомнілася, як кажа моладзь, “не торкнула”.
Усе сённяшнія размовы аб паддтасоўках – апраўданні “на карысць бедных”. Слабыя спробы патлумачыць уласнае няўдалае выступленне.
На жаль, арганізатары нацыянальнага конкурсу ў Беларусі з года ў год наступаюць на адны і тыя ж граблі, намагаючыся прадставіць еўрапейскаму гледачу геніяльнае музычнае тварэнне ў такім жа геніяльным выкананні. А яно там трэба?
Спешчаны разнастайнымі музычнымі формамі еўрапеец, сядзячы па той бок тэлевізійнага экрана з чыпсамі і бляшанкай піва ў руках, менш за ўсё жадае “замарочвацца” роздумамі аб шыраце славянскай душы і меладызме беларускай песні. Яму найперш патрэбна шоу, эпатаж, пэўная правакацыя, навізна. Нешта такое, чаго ён і сам яшчэ не бачыў – а бачыў ён усё ці амаль усё.
Таму, да прыкладу, мужычок, які выйдзе на сцэну з немудрагелістай песенькай у “сямейніках” на голае цела і шкарпэтках, будзе мець нашмат больш шанцаў прыцягнуць увагу еўрапейскага гледача, чым маладая дзяўчына ў вячэрняй сукенцы, з адметным голасам і русай касой. На сцэне “Еўрабачання” патрэбен хуліган, а не тургенеўская дзяўчынка.
Наш жа конкурс сабраў некалькі нацыянальных эстрадных “імператрыц” ды пару-тройку клонаў Дзімы Білана.
З такім “арыгінальным” наборам разлічваць на поспех не прыходзіцца.


Эдуард СВІРЫД.