Каляда хадзiла – радасць дарыла

15:52 / 18.01.2012

Старадаўні абрад калядавання адрадзіла фальклорная група цэнтральнай раённай бальніцы, якой кіруе Анастасія Клімашэўская.


Нашы людзі ўжо крыху прызабылі, як даўней у калядныя вечары па хатах хадзілі калядоўшчыкі: пераапранутыя “цыганы” з каляднай зоркай, з песнямі, прыказкамі і прымаўкамі віншавалі гаспадароў, жадалі шчаслівага, удалага, багатага новага года – а ўзамен гаспадары частавалі іх рознымі прысмакамі, бо інакш, лічылася, пажаданні не збудуцца. Фальклорная група, куды ўваходзяць супрацоўнікі розных сфер цэнтральнай раённай бальніцы, якая, да слова сказаць, нядаўна стала лаўрэатам абласнога конкурсу і фестывалю “Песні памежжа”, вырашыла адрадзіць старадаўні абрад. І не проста паказаць яго на сцэне, а “панесці ў народ”.
Напярэдадні старога новага года калядоўшчыкі з бальніцы завіталі ў некаторыя арганізацыі Астраўца — у прыватнасці, на пошту, дзе прама ў зале абслугоўвання павіншавалі супрацоўнікаў і кліентаў. Гаспадар з каляднай зоркай, увішная чырванашчокая гаспадыня, гарэзлівая козачка, таўсматы мядзведзь, вясёлыя цыганы паказалі цэлае каляднае прадстаўленне: спявалі народныя абрадавыя песні, успомнілі старадаўнія народныя прыказкі ды прымаўкі, жадалі людзям ладу ды шчасця ў новым годзе – ды ўсё так складна, дасціпна, з гумарам ды тактам. Грацыёзная козачка, наскакаўшыся ля ёлкі, падала, як нежывая, — і пакуль яе не прыводзілі ў прытомнасць шчодрыя сялянскія пачастункі, ніяк не магла падняцца. Мядзведзь, пэўна, нядаўна, збег са Смаргонскай мядзвежай акадэміі, бо, ледзь паварочваючыся, паказваў і як бабы цеста месяць, і як дзеўкі на вячоркі збіраюцца, і як п’яны мужык дахаты ідзе… А цыганы сваімі вясёлымі песнямі ды танцамі нікога ў зале не пакінулі без усмешкі, кожнаму нагадалі, якое вясёлае свята набліжаецца і як ярка, з гумарам і радасна святкавалі яго нашы продкі…
Спачатку людзі паглядвалі на вясёлых калядоўшчыкаў з пэўным недаверам. А потым самі пускаліся ў скокі.
І ўсе, да каго завіталі ў той дзень калядоўшчыкі, сустрэлі новалецце на старому стылю ў добрым настроі і з радаснай усмешкай – а гэта дае надзею, што такім яно для іх і будзе.


Ніна ПАЛЕСКАЯ, фота аўтара.