8 студзеня "Грамніцы" абудзяць Астравеччыну

11:39 / 06.01.2012

Грамніцы – абрадавае беларускае свята, якое адзначаецца ў сярэдзіне лютага і, згодна з народным павер’ем, сімвалізуе абуджэнне зямлі ад зімовага сну. Аднак у жыхароў Астравеччыны ёсць шанс павітаць вясну ўжо 8 студзеня, калі на сцэну Міхалішкаўскага дома культуры, а затым кінаканцэртнай залы “Астравец” выйдзе фальклорны калектыў “Грамніцы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.


За выключэннем прафесіяналаў, шырокай музычнай грамадскасці нашай краіны імя ансамбля пакуль вядома не вельмі добра. Яно і зразумела – сёння больш запатрабаванымі з’яўляюцца не прафесійныя калектывы, а выканаўцы з прывабнымі тварыкамі і немудрагелістымі песенькамі.
“Грамніцы”, з пункта гледжання шоу-бізнесу – праект не камерцыйны.
Удзельнікі ансамбля — прадстаўнікі новага пакалення творчай моладзі Беларусі, якія ў сваёй творчасці звяртаюцца да вечнага, традыцыйнага, таго, што не падпарадкавана ўплыву моды, пераменлівым запатрабаванням спажывецкага грамадства. Маладых людзей аб’яднала ў “Грамніцах” любоў да нацыянальнай мастацкай спадчыны, імкненне спазнаць, засвоіць і перадаць гледачам культуру сваёй зямлі, данесці да ўсіх прыгажосць і багацце беларускага песеннага фальклору. У гэтым – галоўны сэнс дзейнасці ансамбля.
Канцэртная праграма калектыву складаецца не з кампазіцый-аднадневак, а з аўтэнтычных каляндарна і сямейна-абрадавых твораў розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама лепшых узораў пазаабрадавага песенна-танцавальнага фальклора і царкоўных гімнаў.
Разам з тым, удзельнікі ансамбля не адмаўляюцца і ад сучасных інтэрпрэтацый старадаўніх народных песен. Як адзначаюць музычныя крытыкі, апошнія праграмы “Грамніц” вызначаюцца “мультыстылістычным характарам, спробамі пошуку новага гучання ў спалучэнні характэрнай для беларускага песеннага фальклора спецыфічнай манеры выканання і аранжыровак у сучасным стылі”.
У складзе ансамбля студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта. Нягледзячы на малады ўзрост большасці ўдзельнікаў, усе яны прафесіяналы з вялікім вопытам выступленняў на сцэне. “Грамніцы” – удзельнікі і лаўрэаты шматлікіх міжнародных фестываляў і конкурсаў. У тым ліку ў Карэі, Бельгіі, Польшчы, Швецыі, Швейцарыі, Італіі.
Разам з зоркамі беларускай эстрады, музыканты ансамбля прадстаўлялі Беларусь на сцэне Крамлёўскага палаца падчас святкавання 10-годдзя ўтварэння Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.
Цяпер геаграфія выступленняў “Грамніц” папоўніцца і Астравеччынай. Адкуль такая ўвага да нашага раёна? Справа ў тым, што ў ліку ўдзельнікаў калектыву адразу дзве нашы зямлячкі!
Адна з іх – Алёна Нарэйка, былая салістка вядомай у раёне фальклорнай групы “Міхалінка” і сённяшняя студэнтка ўніверсітэта культуры і мастацтва. Два гады таму аб гэтай цудоўнай дзяўчыне і выдатнай спявачцы расказала наша газета.
Некалькі месяцаў назад да Алёны далучылася яшчэ адна “выпускніца” “Міхалінкі” Таццяна Рукойць. Намаганнямі дзяўчат і стала магчымым выступленне калектыву на Астравеччыне.
На сцэну ў Міхалішках і Астраўцы выйдуць амаль 30 музыкантаў, якія ў суправаджэнні “жывой” народнай музыкі, прадставяць гледачам сваю новую канцэртную праграму. Будуць у ёй як унікальныя ўзоры народнай творчасці, так і добра вядомыя, любімыя ўсімі песні. Ну і, канешне, у поўнай адпаведнасці з календаром, не абыдзецца без тэатралізаванай пастаноўкі каляднага свята.
Вечарам 8 студзеня ў 17 гадзін “Грамніцы” абяцаюць развеяць сум маркотнай зімы!


Эдуард ІВАНАЎ.