Сустракалі Новы год...

14:17 / 28.12.2011
...у Вароне

У гэтыя снежаньскія дні школьных канікулаў цікава і весела праходзяць ранішнікі ў садзіках, балы-маскарады ў школах, навагоднія прадстаўленні ў клубах, на якіх Дзед Мароз і Снягурка падчас розных гульняў і карагодаў з дзецьмі каля ёлкі-прыгажуні раздаюць ім навагоднія падарункі.


Традыцыйная навагодняя забаўляльна-гульнёвая вечарына з вясёлым карнавалам, маскарадам, танцамі і розыгрышамі прайшла ў Варонскім СДК, на якую былі запрошаны дзеці і бацькі-працаўнікі СВК «Варняны».
Захапляльнае музычнае відовішча для сельскіх жыхароў падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці пад кіраўніцтвам дырэктара Дома культуры А.Р. Тункевіч.
Юнакі і дзяўчаты, апранутыя ў касцюмы казачных герояў, разам з Дзедам Марозам і Снягуркай, паказалі сапраўды дзіўныя магчымасці свайго таленту. Не толькі дзетвара, але і бацькі былі захоплены вясёлым дзействам, якое доўжылася больш за гадзіну, і, здаецца, праляцела, як адно імгненне.
А яшчэ здзівіла тое, што на карнавале прысутнічала вельмі шмат дзяцей дашкольнага ўзросту. Калі дзеткі нараджаюцца – значыць вёска будзе жыць і развівацца.


Іван ПЕТРЫК, фота аўтара.



...і ў Астраўцы

Навагодняя конкурсная праграма для дзяцей, арганізатарамі якой сталі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі і выхаванцы тэатральнага гуртка цэнтра пазашкольнай работы пад кіраўніцтвам Т.А. Кісель, прайшла ў Астравецкай дзіцячай бібліятэцы.


Школьнікі з СШ №1 і гімназіі №1, а таксама самыя актыўныя чытачы дзіцячай літаратуры сабраліся ў чытальнай зале бібліятэкі, каб разам адсвяткаваць сустрэчу Новага года.
Пачалося ўсё з цікавых гульняў і загадак. А прадоўжылася цудоўным прадстаўленнем “Навагоднія прыгоды Брэменскіх музыкантаў”.
Галоўная гераіня Атаманша, з роляй якой цудоўна справілася Яна Грэйць, з двума разбойнікамі, Кацяй Дыско і Юляй Гаваноўскай, вырашылі забраць мяшок з падарункамі і сапсаваць свята дзетвары.
Дзеду Марозу (Дзіму Катовічу) і Снягурачцы (Лізе Клімчэня) давялося прайсці праз некалькі выпрабаванняў, каб свята атрымалася. Дапамагалі ім у гэтым вядомыя ўсім з дзяцінства Брэменскія музыканты (Ксенія Канстовіч, Дзіяна Дрэма і Насця Карнэлік), вясёлы паштальён Вольга Ігнатовіч і вядучая Маша Русецкая. І ў рэшце рэшт, як і ў любой казцы, дабро перамагло зло – і ўсё закончылася добра.
Наперадзе ў дзетвары яшчэ не адно свята, якое абавязкова падорыць добры настрой і радасць.


Алена ЯРАШЭВІЧ.