У восьмы раз грымнуў на Астравеччыне фестываль “Песня памежжа”

12:39 / 06.12.2011

На песенным рынгу па-святочнаму аформленай сцэны Рымдзюнскага Дома культуры “высвятлялі адносіны” дванаццаць калектываў і шэсць салістаў.


Імпрэза пачыналася нават не з гардэроба – святочная атмасфера адчувалася літаральна з першых крокаў. І не толькі таму, што гасцей амаль ля самага парога сустракалі работнікі раённага аддзела культуры на чале з загадчыкам Сяргеем Лявонцьевічам Сяўко, а побач свае далікатныя, амаль паветраныя вырабы з саломкі выставіла дырэктар раённага Дома рамёстваў Тамара Іванаўна Гаваноўская. Натхненнем праменіла выстаўка работ віленскага фотамастака Арунаса Бальтэнаса, развешаная па сценах фае, галоўнымі героямі якой сталі людзі і прырода Гервяцкага краю.
Арунас Бальтэнас – адзін з удзельнікаў міжнароднага фотапленэра, які працягвае сваё творчае шэсце па зямлі Астравеччыны. Фестываль “Песня памежжа” павінен быў стаць адпраўной кропкай шэрага пленэрных справаздач – менавіта на ім чакалася адкрыццё першай выстаўкі работ фатографаў. Фотакарціны былі аддрукаваны, наклеены на кардонныя лісты і дастаўлены ў Рымдзюны за суткі да фестывалю – выставіць для прагляду іх не паспелі, і акуратная стопка з сарака работ засталася ляжаць незапатрабаванай.



Зрэшты, сумаваць з гэтай нагоды давялося нядоўга – госці (нашы і іншаземныя) ужо запаланілі клуб: адны прыхарошваліся перад люстэркамі, другія аглядвалі памяшканні Дома культуры (асаблівай папулярнасцю ў гэты дзень карыстаўся музей), трэція распяваліся, чацвёртыя частаваліся прысмакамі ў імправізаваным буфеце, які быў арганізаваны раённым прадпрыемствам грамадскага харчавання…
Фестываль пачаўся з невялікай прамовы намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы. Ён цёпла павітаў прысутных і пажадаў творчых поспехаў самадзейным артыстам. Святам дружбы назваў імпрэзу нязменны арганізатар і натхняльнік “Песень памежжа”, старшыня міжнароднага клуба “Гервечяй” Альфонсас Аўгуліс.
У складзе журы ў той дзень працавалі прафесіяналы: Юлія Стрыжычэнка, галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама; Вілмантэ Аляксене, выкладчыца Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра; Аксана Цярэшчанка, дырэктар Цэнтра культуры горада Нова-Вільня; Генрых Волчэк, дырэктар Астравецкай раённай школы мастацтваў. Узначальваў судзейскі савет былы выкладчык народнага мастацтва Беларускага ўніверсітэта культуры, а сёння кіраўнік народнага ансамбля народных інструментаў “Ліцвін” Уладзімір Бярбераў.
Гонар запаліць сімвалічнае трохсвечча фестывалю быў давераны галоўнаму спецыялісту па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ганне Рыгораўне Марэцкай, Віктару Збігневічу Свілу, Альфонсасу Аўгулісу і Сяргею Сяўко.



Сапраўдным падарункам, цудоўным сюрпрызам для гледачоў і канкурсантаў стала выступленне народнага ансамбля народных інструментаў “Ліцвін”: цымбалы, скрыпка, дуда (на ёй іграў сам Бярбераў), гармонік… Выконваліся мелодыі, запісаныя на тэрыторыі былой Віленшчыны – напэўна, менавіта таму яны былі такімі сугучнымі зале. А можа, уся справа ў прафесійна вывераным, адточаным да дасканаласці выкананні? А потым былі “ліцвінскія” песні. Яны не проста гучалі – каціліся па зале то вясёлай гуллівай ручаінкай, то магутным “дзявятым” валам…
“Ліцвін”, так бы мовіць, задаў фестывалю тон. Высока ўзняў творчую планку...



…Уласна дзейства пачалося з конкурсу салістаў, дакладней – салістак, таму што ў гэтай намінацыі выступалі выключна прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Вольга Беняшэўская з Гродзенскага раёна, Алёна Вількель з Радуні, Лілія Мароз з Ваўкавыскага раёна, Дар’я Шыбаршына са Смаргоні, Марта Будко з Вільнюса, Анастасія Чаранок з Нова-Вільні – галасістыя, прыгожыя, узнёслыя. Голас спявачкі са Смаргоні ўразіў асабліва – уздымаўся да зорак, трымцеў шчаслівым жаўруком і падаў да шэпту, скардзіўся на нешта ціхенька і сардэчна. Песня “Кукавала зязюленька” ў выкананні Дар’і Шыбаршыной прагучала як споведзь…
Моцнае ўражанне пакінула і выступленне Ліліі Мароз – “брава” ад глядацкай залы спявачка заслужыла за магутнае, лірычнае, цалкам прафесійнае выкананне песні “Няхай імя тваё свяціцца, Беларусь”.
Журы размеркавала месцы наступным чынам: першае было прысуджана Дар’і Шыбаршыной (Смаргонь), другое – Алёне Вількель (Радунь), трэцяе – Ліліі Мароз (Ваўкавыскі раён). Прызам “За культуру выканання” была ўзнагароджана Анастасія Чаранок (Нова-Вільня).



Парадак выступлення на конкурсе калектываў вызначаўся з дапамогай жараб’ёўкі, якая – трэба ж! – паставілася да гаспадароў фестывалю з яўнай усмешкай – адкрываць конкурсную праграму давялося дэбютантам конкурсу, вакальнаму гурту цэнтральнай раённай бальніцы “Астраўчанка”. Зрэшты, спявачкі вельмі хутка справіліся са стартавым хваляваннем і акапэльнае гучанне дзвюх конкурсных песень у іх выкананні пакінула добрае ўражанне.
Далей выступаў народны ансамбль народнай песні “Сваякі” з Ваўкавыскага раёна. Першую песню спевакі “прыкамячылі” – яна гучала крыху ўразнабой, а вось другая – ажно звінела ад складнага шматгалосся.
Народны ансамбль песні і танца Верцялішкаўскага цэнтра культуры “Ніва” прадэманстраваў у першую чаргу высокі прафесіяналізм – і вакальнае гучанне, і танцы былі выдатна пастаўленымі, вывяранымі і бездакорна адпрацаванымі. Прычапіцца не было да чаго – усе вузельчыкі, як у вышыўцы майстрых, былі прыхаваны. Але… “Ніве” яўна не хапае самабытнасці, набліжанасці да народнага, таму іх выкананне і не “торкае”. Яно, як тая сняжынка, радуе вока, а пачуцці не кранае. І, нягледзячы на адточанасць галасоў і рухаў, падчас выступлення верцялішкаўскіх артыстаў па зале гуляў выразны гаманок.



А выйшлі рымдзюнскія “жыльвіцяначкі” – і зала, здавалася, перастала дыхаць. Некалі іх было дванаццаць, а сёння засталіся толькі трое. Самай старэйшай са спявачак Марыі Мажэйка за два дні да канцэрта споўнілася 88 гадоў. Канешне, іх галасы ўжо не такія, якімі былі раней, але ёсць у выкананні ўдзельніц “Жыльвіціса” нешта такое, што здольна рассунуць нават самыя тоўстыя сцены: у іх песні адчуваецца подых ветру, вольнага і свежага, і шум бярозкі на ўскрайку бацькоўскага поля, і гаркаваты палынны прысмак нязбытнасці дзявочых мараў… Думаецца, сакрэт іх уздзеяння на публіку ў шчырасці – пяюць, як дыхаюць…



“Кібіркшціс” – самы малады калектыў на сёлетнім фестывалі, у ім спяваюць вучаніцы Вільнюскай сярэдняй школы. Спяваюць шматгалосна, складана, арыгінальна. Стараюцца, звонкімі галасамі выводзяць кожную нотку – і ў такт песні ўверх-уніз падскокваюць іх туга сплеценыя коскі.
“Мелодыя” з Нова-Вільні таксама выдатна спявала і танцавала. Парадавалі і спявачкі з радуньскага “Ліняліса”, якія праспявалі першую песню па-літоўску, другую – па-польску. Прыемную разрадку ў агульную праграму прыўнёс дуэт братоў-блізнят Рамана і Дзмітрыя Цімохаў, якія сваю песню выканалі ў сучасных рытмах.
Напэўна, выдатным магло быць выступленне ансамбля “Хутарок” са Смаргоні, але вакалістаў падвяло суправаджэнне – электрагітара моцна фаніла, ударнік заглушаў і кларнет, і флейту са скрыпкай, і цымбалы. Хаця конкурсныя песні былі падабраны з густам, а іх выкананне было шматгалосым і добра пастаўленым.
Цудоўным падборам чыстых “крынічных” галасоў парадавалі “Зарачанскія крынічкі”, а віленскі вакальны гурт “Хрызантэма” ўздзейнічаў не столькі на слых, колькі на зрок – пакуль салісты спявалі, “цыганка Аза”, спусціўшыся ў залу, і гадала, і запарашала на танец…



А найбольш уразіў віленскі гурт “Йоры”. У ім удзельнічае каля трыццаці самадзейных спевакоў – чыстыя, добра пастаўленыя галасы. Акапэльныя шматгалосныя спевы. А яшчэ – асаблівая атмасфера адпаведнасці. Нібы выйшла на сцэну талака – суседзі, якія сабраліся разам, каб дапамагчы адзін аднаму, а каб работа лягчэй спорылася – заспявалі.
Адпаведнасць “Йоры” ў глыбокай павазе да літоўскай музычнай спадчыны, у свабодзе, з якой спевакі трымаюцца на сцэне, у асаблівай, духоўнай іх аб’яднанасці, а яшчэ ў… касцюмах. Адна справа, калі на сцэну выходзіць калектыў у аднолькавых шырспажывецкіх строях, нацыянальную прыналежнасць якіх не ў стане вызначыць і самы зацяты этнограф, і зусім іншая, калі самадзейныя артысты апрануты так, як сапраўды апраналіся іх продкі. Гэта значыць, па-рознаму. У вязаных шапачках, у мудрагеліста павязаных хустках, у чэпчыках… У фартушках, вышытых у кожнай гаспадыні па-свойму… У камізэльцы, колер якой яе ўладальнік выбіраў самастойна… Аўтэнтычнасць нараджае сапраўднасць – спевакам з “Йоры” слухач не можа не верыць.
Гран-пры фестывалю (тэлевізар) журы прысудзіла менавіта віленскаму гурту “Йоры”. Але прыз у Вільнюс не паехаў – удзельнікі гутра падарылі яго Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання, якая напярэдані фестывалю адзначыла сваё 15-годдзе.
Першае месца заняў народны ансамбль песні і танца “Ніва” з Верцялішак, другое – “Зарачанскія крынічкі” з Гродзенскага раёна, трэцяе – “Сваякі” з Ваўкавыскага раёна.
Прызам “За своеасаблівую стылізацыю выканання народнай песні” адзначаны народны ансамбль народнай песні “Хутарок” са Смаргоні. Прыз “Творчая надзея” ўручаны самаму маладому калектыву – ансамблю “Кібіркшціс”, “За захаванне рэгіянальных традыцый” – самаму старэйшаму – рымдзюнскаму “Жыльвіцісу”. У намінацыі “За ўдалы дэбют” былі адзначаны спявачкі “Астраўчанкі”.
І хаця сэнс фестывалю ў конкурснай песні, яго душа – у імправізаваным канцэрце, які пачынаецца пасля таго, як “абавязковая” праграма выканана. Калі ўсе страхі артыстаў знікаюць, і сцэнай завалодвае сапраўднае натхненне. Так было і на гэты раз. І нават члены журы не спяшаліся абнародаваць канчатковыя вынікі – з беспрыстрасных суддзяў яны ператварыліся ў звычайных слухачоў і разам з залай атрымлівалі асалоду ад імправізацый самадзейных артыстаў.
Падводзячы вынікі, нельга не адзначыць: сёлетні фестываль “Песня памежжа” прыкметна памаладзеў – сярэдні ўзрост яго ўдзельнікаў яўна зменшыўся. Але, думаецца, што ўзровень фестывалю знізіўся таксама. Музыкі, добрых галасоў, пастановачных знаходак было, як заўсёды, многа, можа, нават і больш, чым звычайна – не хапала аўтэнтычнасці, бракавала натхнення, якімі праменіла і праменіць творчасць народных пявунняў з Міхалішак, Быстрыцы, Гялюнаў… Не было таго ўзлёту шчырасці, ад якога на шостым фестывалі ў гледачоў мароз прабягаў па скуры, а старшыня журы дзякавала выканаўцам са слязьмі на вачах.
Непазбежнасць не адмяніць – сыходзяць жанчыны-носьбіты аўтэнтычнага фальклору, і разам з імі знікае магутнейшы пласт народнай спадчыны. І ўсё ж, думаецца, на фестывалі “Песня памежжа” павінны гучаць сапраўдныя песні рэгіёна, а не бязліка-застольная “Когда б имел златые горы…”


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.