Выстаўка работ расійскага мастака Аляксандра Маранава працуе ў Астравецкай гімназіі

16:03 / 25.11.2011

Выстаўка работ Аляксандра Маранава, створаная па ініцыятыве Міжнароднага цэнтра Рэрыхаў, дзейнічае ў Астравецкай гімназіі №1. На яе адкрыцці, якое адбылося нядаўна ў сценах галоўнай навучальнай установы раёна, прысутнічала Людміла Шэсцяракова, намеснік старшыні Беларускага аддзялення Міжнароднага цэнтра.


Пра расійскага мастака Аляксандра Маранава мастацтвазнаўцы гавораць, што галоўнай тэмай яго карцін з’яўляецца святло. А я думаю: энергія. Першазданная. Усюдыісная і непераможная. І па сутнасці, цалкам абыякавая да чалавечай спробы яе асэнсаваць або прыняць. Энергія, якая, незалежна ад нашага ўспрымання, была, ёсць і будзе заўсёды. Назавіце яе, як вам хочацца: Абсалют, Космас або проста Бог.
Энергія, якую яго работы літаральна выпраменьваюць. Нават іх рэпрадукцыі. Сілавыя палі накладаюцца адно на адно, праламляюцца, ствараюць новыя формы, набываюць новае нечаканае свячэнне, працінаюць гледача наскрозь, да краёў, да паколвання ў кончыках пальцаў напаўняючы нечым магутным і першародным.
28 карцін… 28 магутных усплескаў… “Мелодыя”, гукі якой знайшлі сваю форму, спляліся ў ажур, расцякліся ў прасторы, паглынуўшы і скрыпку, і скрыпача… “Сон”, што перанёс залатавалосую прыгажуню ў зачараваны свет гульні яе фантазіі… “Жыццё”, дзе маці і дзіця, якое яна носіць у сваім улонні, нават не суб’екты – толькі праваднікі энергіі паміж небам і зямлёй, здольныя ўзмацніць яе і расквеціць… І “Падарожнік”. Адстаронены, нябесны, без мэты і канчатковага пунтку прыбыцця. Зорка, якая страціла ўласную арбіту. Згустак энергіі, блукаючы ў пошуках уцелаўлення...
Пра расійскага мастака Аляксандра Маранава мастацтвазнаўцы гавораць, што ён паслядоўнік Мікалаюса Канстанцінаса Чурлёніса, які ўмее фарбамі перадаць на палатне гучанне музыкі. А я думаю: Маранаву ніспасланы асаблівы дар – паказаць свету ягоную ўнутраную сутнасць.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.