Высокая адзнака астравецкага народнага аркестра “Скарбніца”

16:19 / 28.10.2011

Высокую адзнаку атрымаў народны аркестр народных інструментаў “Скарбніца” выкладчыкаў Астравецкай школы мастацтваў на VII абласным фестывалі народнай музыкі і песні «Зайграйце, музыкі!».


22 кастрычніка Палац культуры ў Лідзе сабраў лепшыя ансамблі народных інструментаў і народнай музыкі і песні Гродзенскай вобласці. Наша “Скарбніца”, якой кіруе таленавітая Надзея Паўлаўна Шарэйка, прадставіла на суд журы і гледачоў два нумары. Іх цудоўна сыграны “Бэз-чаромха” ў суправаджэнні “залатога голасу” Сяргея Сяўко прымусіў залу заслухацца. А пад музыку беларускага народнага танца “Весялуха” так і хацелася пусціцца ў скокі. Выступленне “Скарбніцы” астравецкіх талентаў стала сапраўдным падарункам для публікі – апошнія акорды заглушылі воклічы “Брава!”.
Журы таксама высока адзначыла майстэрства народнага аркестра народных інструментаў “Скарбніца” – і ў выніку ансамбль стаў лаўрэатам 2 ступені ў намінацыі “Інструментальны ансамбль”, а саліст Сяргей Сяўко атрымаў прыз глядацкіх сімпатый.
Віншуем з перамогай!


Вольга ШОЎКУН.