Сувеніры ад гервяцкіх майстроў

08:02 / 10.10.2011

Падчас «Круглага стала», які праводзіўся ў нашай рэдакцыі і прысвячаўся праблемам развіцця турызму, адной з самых абмяркоўваемых тэм стала немагчымасць набыць у раёне сувеніры з мясцовай тэматыкай. І якім жа было маё здзіўленне і адначасова – радасць, калі ў “Горадзе майстроў”, што працаваў у Смаргоні ў рамках выставы-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, я сустрэла палатку Гервяцкага дома рамёстваў, дзе сярод мноства прыгожых і карысных у хатнім побыце рэчаў ляжалі дэкаратыўныя талеркі, прыгожыя рамкі для фотаздымкаў, гадзіннік і іншыя вырабы з выявай Гервяцкага касцёла.
—Рэагуем на заўвагі і прапановы, — усміхнулася ў адказ на маё прыемнае здзіўленне дырэктар дома рамёстваў Святлана Юр’еўна Карэйва.


Ці трэба тлумачыць, чаму напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры, да якіх аднесены і народныя майстры, мы завіталі ў Гервяты? Вядома, каб пазнаёміцца самім і пазнаёміць нашых чытачоў з работай мясцовага Дома рамёстваў.
Праўда, назваць “домам” невялікае прыстасаванае памяшканне ў Гервяцкім Доме культуры без адзінага акна даволі складана. Хоць і аформлена яно прыгожа і з густам, і нагадвае музей народных промыслаў: тут выстаўлены старадаўнія рэчы хатняга ўжытку, вырабы мясцовых майстрых – тканыя дываны і ручнікі, вышыўка, саламяныя кветкі і пано, вязаныя рэчы, цікавыя кампазіцыі з прыроднага матэрыялу, шматлікія і разнастайныя вырабы з дрэва. Усё гэта – пераважна творчасць дырэктара Святланы Юр’еўны і спецыяліста Уладзіміра Вацлававіча Пагады, які з’явіўся ў штаце толькі год назад.
А як усё пачыналася?
—Я – мясцовая жыхарка, — расказвае Святлана Карэйва. – У Гервятах вырасла, закончыла школу. Потым была вучоба ў Вільнюскім універсітэце, праца ў Рымдзюнскім дзіцячым садку, замужжа, нараджэнне дзіцяці… Калі патрэбна было выходзіць з дэкрэтнага адпачынку, у Доме культуры якраз была вакансія мастацкага кіраўніка. Стала працаваць там. А рабіць нешта сваімі рукамі – вязаць кручком ажурныя карункавыя сурвэткі і фігуркі, ствараць карціны з прыроднага матэрыялу і ўвогуле тварыць — мне заўсёды падабалася. Стала займацца і гэтым у дадатак да сваіх асноўных абавязкаў. Заўважыўшы гэта, кіраўніцтва раённага аддзела культуры прапанавала мне ў Гервятах адкрыць філіял раённага Дома рамёстваў. А пазней я звярнула ўвагу на гэты даволі прасторны пакой, які стаяў закінуты і незапатрабаваны. Папрасіла аддаць яго мне. Нам купілі рулон мешкавіны, мы з мужам аформілі гэтае раней захламленае памяшканне – так і атрымаўся наш “дом рамёстваў”, які чатыры гады назад набыў афіцыйны статус. А мяне прызначылі яго кіраўніком. Не вельмі зручны, вядома – цесна, цёмна… Але ж добра, што і гэта ёсць.
А год назад у дырэктара з’явіўся першы і пакуль адзіны “падначалены” – Уладзімір Вацлававіч Пагада, якога Святлана Юр’еўна, карыстаючыся даўнім знаёмствам і суседствам, называе па-свойску — Валодзем.
—Валодзя працаваў на калгаснай пілараме, — расказвае яна пра “шлях да прызвання” другога супрацоўніка Дома рамёстваў. – Рукі ў яго залатыя, сталяр ён адмысловы. Мэблю робіць, розныя рэчы з дрэва. Спавядніцы новыя ў нашым касцёле бачылі? Яго рук справа. А ў яго маці старэнькая, даглядаць яе трэба. Вось Валодзя і вымушаны быў пакінуць работу. Я прапанавала яму пераходзіць да нас. Ён доўга вагаўся: усё не мог уявіць, што зможа жыць без калгаса. А потым усё ж рашыўся. Ад гэтага, мне здаецца, выйгралі ўсе. Валодзя – чалавек творчы, здольны на большае, чым збіваць рамы для ферм і труны для нябожчыкаў. Тут ён можа поўнасцю раскрыцца – паглядзіце, якія цудоўныя рэчы робіць!
Паглядзець і сапраўды ёсць на што. Арыгінальныя рамачкі для фотаздымкаў – дарэчы, аздобленыя выявай візітнай карткі не толькі Гервят, але і Астравеччыны – касцёла Святой Тройцы. Насценны гадзіннік. Падстаўкі для вазонаў. Шкатулкі. Куфэрачкі для спецый і прыпраў. Драўляныя кухонныя прылады, якія маюць адначасова і мастацкае, практычнае прымяненне. Ды ўсяго і не пералічыш...
—Гэта пры тым, што Валодзя працуе дома – тут, самі бачыце, месца для яго майстэрні няма, — удакладняе Святлана Юр’еўна. — На сваіх станках, палячы ўласную электраэнергію…
З ідэямі ў гервяцкіх рамеснікаў праблем няма – нешта “падгледзяць” на розных кірмашах ды выставах, нешта падкажа “добры дзядзька інтэрнэт” ці спецыяльная літаратура, часопісы, нешта прыйдзе, як азарэнне… Так Святлана асвоіла тэхніку купажу, якая дазваляе ператвараць у цікавыя і прыгожыя самыя звычайныя рэчы.
А вось з матэрыяламі – праблема: іх трэба шукаць і набываць пераважна самім.
—Нічога не скажу: і начальнік аддзела культуры Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, і старшыня мясцовага СВК Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі нам не адмаўляюць, калі звяртаемся. Але ж – па меры сваіх магчымасцей… А нам трэба больш! З маімі матэрыяламі яшчэ так-сяк перабіваемся: нешта купляем за грошы, заробленыя ад продажу нашых вырабаў, нешта прывозяць родзічы, ведаючы маё захапленне, нешта ўбачу ў Вільнюсе – і не магу ўтрымацца, каб не купіць. А вось з дрэвам для Валодзі – бяда. Яно ж падыходзіць не любое, а толькі пэўных парод, добра высушанае… Неяк аддзел культуры купіў нам дрэва, аддалі немалыя грошы, а яно для работы практычна не прыгоднае – пакручанае ўсё, дошкі вузкія… Цяпер вось у Варнянах спілавалі старыя ліпы каля Дома культуры, Сяргей Лявонцьевіч кажа: “Забірайце”. Ліпа – самая лепшая сыравіна для работы. Але ж тыя ліпы трэба прывезці, распілаваць, пасушыць… І зноў – ісці прасіць некага. – А я так, па праўдзе кажучы, гэтага не люблю, – расказвае пра свае беды Святлана Юр’еўна.
Так, праблем у Гервяцкага Дома рамёстваў, як кажуць, вышэй даху – зрэшты, як і ў кожнага, хто нечым займаецца, няма іх толькі ў лайдакоў. Але Святлана Юр’еўна і Уладзімір Вацлававіч па меры сваіх сіл і магчымасцей з імі спраўляюцца. І развіваюць сваю дзейнасць. Нядаўна вось заказалі спецыяльныя сувенірныя магніцікі – дарэчы, з выявай не толькі Гервяцкага касцёла, але і Міхалішкаўскага, і Варнянскага, якія ўваходзяць у своеасаблівае “залатое кальцо Астравеччыны” – у наведвальнікаў гэтых мясцін яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Зрабілі першыя пробныя варыянты керамічнага званочка – зноў жа з выявай Гервяцкага касцёла. Але ж прадаваць сваю сувенірную прадукцыю ім па-ранейшаму няма дзе. Пакуль што дамаўляюцца аб супрацоўніцтве з касцёламі – для ўзаемнай карысці.
А мараць яны пра сапраўдны Дом рамёстваў. Каб была магчымасць набыць нейкі невялікі драўляны дамок – ох, як яны б там развярнуліся! І майстэрні б стварылі не прыстасаваныя, а сапраўдныя – светлыя, прасторныя, прыгожыя. І дзеці у гурткі б пайшлі. Ды і дарослыя таксама: ці мала мужчын, якія б хацелі навучыцца так абыходзіцца з дрэвам, як Уладзімір Пагада, ці жанчын, якія мараць уласнаручна звязаць карункавую сурвэтку ці асвоіць тую самую тэхніку дэкупажу? І для выставы б там месца знайшлося, і для гандлю сувенірамі… А ў перспектыве, марыць Святлана Юр’еўна, можна было б адкрыць і ганчарную майстэрню. Для гэтага таксама трэба не так і многа: спецыяльная печ і, што самае галоўнае – апантаны, творчы чалавек – такі, як Святлана Карэйва і Уладзімір Пагада.
Чамусьці мне верыцца, што ўсе мары гервяцкіх рамеснікаў ажыццявяцца. Галоўным чынам таму, што яны не мрояць, лежачы на канапе: ах, як добра было б, калі б…, а працуюць над іх увасабленнем – творча і плённа.
Ім бы яшчэ крышачку дапамагчы…


Ніна АЛЯКСЕЕВА, фота аўтара.