Цікава і весела праводзілі лета ў Гудагаі

14:30 / 02.09.2011

У нядзелю на станцыі Гудагай прайшло свята “Да пабачэння, лета!”, арганізатарам якога выступіў сельскі Дом культуры.


У другой палове дня на пляцоўцы паміж Домам культуры і сельвыканкамам узнікла імправізаваная сцэна, а месца насупраць яе ператварылася ў глядзельную залу.
Побач разгарнула свае гандлёвыя рады райспажыўтаварыства – свежыя булачкі, сокі, каўбасныя вырабы і цэлая бочка квасу. За глядзельнымі радамі размясцілася надзіманая горка, якую ўстанавілі супрацоўнікі аддзела культуры, і апарат па прыгатаванню любімага ўсімі малышамі поп-корну.
Людзі, напэўна, забаяліся дажджу – неба, якое з раніцы радавала цёплым сонейкам, пасля абеду пасінела і схавала яго за цяжкія дажджавыя хмары. Але ўсё ж такі злітасцівілася і не праліло на сабраўшыхся цяжкія кроплі, хаця і не дазволіла сонейку падняць настрой.
Але работнікі культуры і сабралі людзей для таго, каб стварыць настрой і падарыць свята жыхарам і гасцям пасёлка.
І калі яшчэ да пачатку канцэрта было вядома, што можна будзе пачуць песні і пабачыць танцы ў выкананні пасялковых артыстаў, то выступленне пагранічнікаў – калектыву мастацкай самадзейнасці і ваеннага духавога аркестра Смаргонскай пагранічнай групы пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча Шухно – стала ў гэты дзень нечаканым, але дарагім падарункам.
У Гудагаі духавы аркестр выступае ўжо не першы раз, аднак артысты заўсёды ўносяць у свае выступленні карэктывы і штораз выносяць на суд гледачоў новыя песні і кампазіцыі. Так было і ў нядзелю.
Гудагайцы змаглі паслухаць не толькі духавую музыку, але і песні патрыятычнай тэматыкі. А самыя папулярныя творы беларускіх і расійскіх выканаўцаў жыхары пасёлка і пагранічнікі спявалі разам. І таму зразумела, што за выступленне калектыў пагранічнікаў атрымаў гарачыя апладысменты.
Пасля праграма прадоўжылася. Яшчэ больш за дзве гадзіны свае песні, танцы і байкі дарылі гледачам мясцовыя артысты і запрошаныя з раёна госці. Віктар Рудзінскі, Ілона Масейка, Лаліта Кандратовіч, Алеся Шпургіс, Анастасія Клімашэўская, Марына Каляда, Кірыл Варановіч, Мікіта Саладуха, Ганна Тумкевіч, Ірына Расамацкая, Наталля Літвін, Яўгенія Варановіч, Вольга Валадзько, Алена Мураўская, Вольга Цяшкевіч, Дзяніс Богдан, вакальная група народнага ансамбля народнай песні “Світанак” і іншыя артысты па чарзе змяняючы адзін аднаго выходзілі на сцэну, каб правесці час разам з жыхарамі пасёлка.
Тут жа можна было паўдзельнічаць у вясёлых забавах і атрымаць за гэта невялікія памятныя сувеніры. А на суседняй пляцоўцы жадаючыя маглі паспрабаваць свае сілы ў моцы, вынослівасці і трапнасці. Тут валадарыў яго вялікасць спорт на чале з дырэктарам фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Старт” Валяр’янам Валадзько. А дапамагаў яму настаўнік фізічнага выхавання Уладзімір Батура.
Жадаючых пазмагацца ў падыманні гіры вагой 24 кілаграмы было не шмат – толькі тры мужчыны заявілі пра сябе, як пра самых моцных. У выніку 47 разоў падняў гіру настаўнік Гудагайскай школы Уладзімір Батура, другі вынік з 56 пад’ёмамі ў Андрэя Баравіка, а на першым месцы апынуўся Яўген Пілецкі – ён падняў гіру 80 разоў. Мала было жадаючых і ў падыманні бервяна. Яно сапраўды было цяжкае – і, напэўна, напалохала гудагайскіх асілкаў. Большасць так і засталася назіральнікамі. А вось Артур Кандратовіч падняў яго 200 разоў, а Арцём Маргуж – аж 266.
Затое ад жадаючых пакідаць дроцікі не было адбою – нават жанчыны рызыкнулі праверыць сябе ў трапнасці, таму вынікі падводзіліся асобна сярод жанчын і мужчын. А самымі трапнымі сталі Марына Пілецкая і Андрэй Міхайлоўскі. Усе яны пасля завяршэння канцэрта былі ўзнагароджаны падарункамі, якія пераможцам уручыў Валяр’ян Валадзько.
Завяршылася свята перацягваннем каната і маладзёжнай дыскатэкай.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.