Шоу не будзе

15:08 / 22.02.2011

Не паспела як след усвядоміцца адна навіна — расійскія зоркі эстрады заўважылі Астравец! –  як за ёй прыйшла новая: канцэрт спявачкі Таццяны Аўсіенка ў нашым горадзе не адбудзецца. У чым прычына? За каментарыямі мы звярнуліся да начальніка аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргея Лявонцьевіча Сяўко.


— Шкада, аднак нашы расійскія партнёры, якія выступілі арганізатарамі дадзенага канцэрта, аказаліся, мякка кажучы, людзьмі несумленнымі. Першапачаткова галоўнай умовай прыезду спявачкі быў продаж усіх білетаў. Калі ж білеты былі раскуплены, агенты Таццяны Аўсіенка раптам “успомнілі”, што на гэты ж час у іх прызначаны канцэрт у Літве. А яшчэ запатрабавалі 100-працэнтную папярэднюю аплату. Сапраўдныя прафесіяналы так сябе не паводзяць. Рызыка, канешне, справа ганаровая, аднак не ў выпадку, калі тычыцца грошай нашых суграмадзян. Адправіць некалькі тысяч долараў “на деревню дедушке” без гарантый выканання партнёрам сваіх абавязкаў – на тое шмат розуму не трэба. Тым больш, што ў нас ужо быў сумны вопыт работы па дадзенай схеме.
Нічога не застаецца, як выказаць шкадаванне з нагоды падманутых спадзяванняў землякоў і папрасіць прабачэння.


Білеты на канцэрт прымаюцца ў старым будынку РДК з 14 да 17 гадзін.


Эдуард ІВАНАЎ.