Как в нашем регионе развивалось автобусное сообщение

09:00 / 15.01.2015
У другой палове мінулага стагоддзя на аўтавакзалах і прыстанках Віленшчыны бытаваў каларытны выраз: “Хапай вандзэлкі – арбон на ўзлёце!”. І па сённяшні дзень у нашым краі можна пачуць гутарковыя словы “вандзэлак” і “арбон”. Здагадаліся, што гэта? Калі слова “ванзэлак” з польскай мовы тлумачыцца як вузел ці ўпакаваныя ў яго рэчы, то з тлумачэннем другога слова могуць узнікнуць пэўныя праблемы. Аднак мясцовыя жыхары сталага ўзросту дакладна ведаюць, што размова ідзе пра звычайны пасажырскі аўтобус.

Пагэтаму для лепшага разумення слова “арбон” зазірнём у час станаўлення аўтобуснага руху ў рэгіёне.

Пасля Першай сусветнай вайны адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці мясцовых улад стала дарожнае будаўніцтва: узнаўлялася ранейшая сетка дарог і стваралася новая, у тым ліку і для аўтамабільнага руху. Яна дазваляла злучыць павятовыя і некаторыя гмінныя цэнтры з Вільняй.

У той час пасажырскімі перавозкамі займаліся выключна ўладальнікі аўтобусаў. Для гэтых мэт яны выкарыстоўвалі часта недасканалыя і з мінімумам камфортных умоў машыны – розных тыпаў і аўтамабільных фірм. Рэйсы насілі нерэгулярны характар: адкрываліся новыя маршруты, а стратныя прыпыняліся. Адначасова з гэтым вывучаўся камерцыйны попыт перавозак.

У другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя на Полацкім шляху, так званым Баторыевым тракце, праз Астравеччыну пачаў курсіраваць аўтобус з Вільні да Кабыльніка праз Слабодку-Шыманэлі-Міхалішкі. Аб гэтым паведамляла штодзённая віленская газета “Слова” ў адным са жнівеньскіх нумароў 1928 года: “…Такі-сякі пачатак камунікацыі тут ёсць, але менавіта ў эмбрыянальным значэнні гэтага слова… Сёння ўсё жывое грузіцца ў “Брокуэі”, аўтобусы, якія курсуюць па тракце. Гэта цяжкая дарога, часта ў духаце, пыле і цясноцці”.

Пра арганізацыю руху і атмасферу, якая панавала падчас паездак, можна даведацца з артыкула “Аўтобусная камунікацыя ў Ашмянскім павеце”, які быў надрукаваны 21 студзеня 1930 года ў “Кур’еры Віленскім”. Ананімны аўтар у сваім допісе ў газету адзначаў, што, нягледзячы на строгую забарону непрыстойных паводзінаў (аб гэтым сведчыла адпаведная шыльда ў салоне), кіроўца аўтобуса часта бывае нападпітку, курыць, можа весці размовы са знаёмымі. Дапускаюцца парушэнні ў перавозе багажу і па кошце праезду. Аўтобусы адпраўляюцца ў рэйс перапоўненымі, таму што адсутнічае кантроль з боку паліцэйскіх, а кандуктары часта абразліва звяртаюцца да пасажыраў.

Аднаго разу кандуктар самавольна пакінуў салон перапоўненага аўтобуса і залез на яго дах. Падчас павольнай язды аўтобуса кандуктар, які ляжаў на яго даху, жартаўліва прапаноўваў пасажырам: “Каму не хапіла месца ў аўтобусе, магу саступіць сваё – бясплатна”.

На крытычны газетны матэрыял адразу адрэагавалі віленскія ваяводскія ўлады. Менш чым праз тыдзень, 27 студзеня 1930 года, віленскі ваявода выдаў цыркулярны ліст па справе аўтобуснага руху ў павеце ашмянскаму павятоваму старасце. У ім ваявода Уладзіслаў Рачкевіч загадаў выправіць недахопы і пагражаў нядобрасумленным уладальнікам аўтобусаў і іх калегам, што ў выніку далейшых падобных парушэнняў урад забароніць прадпрыемствам утрыманне публічных аўтобусных камунікацый. Гэты загад даводзіўся да ведама ўсіх павятовых стараст Віленскага ваяводства і, вядома, патрабаваў ад іх адпаведнага рэагавання.

Як бачна, такая арганізацыя аўтобуснага руху не задавальняла не толькі пасажыраў, але і ўлады. Таму 14 ліпеня 1931 года віленскі муніцыпалітэт падпісаў дамову з акцыянерным таварыствам “Арбон”. Згодна з ёй, усе гарадскія аўтобусныя маршруты перадаваліся гэтай фірме, а гарадскі рух аўтобусаў пачынаўся з 1 студзеня 1932 года. Так на віленскі рынак пасажырскіх перавозак прыходзіць сусветна вядомая заходнееўрапейская аўтамабільная кампанія “Заўрэр”, галоўны офіс якой размяшчаўся ў горадзе Арбон. Назва гэтага швейцарскага горада і стала назвай новай аўтатранспартнай фірмы Віленшчыны. Зразумела, што першымі аўтобу-самі ў новастворанай кампаніі былі аўтобусы кампаніі “Заўрэр”.

Віленская майстэрня “Арбон” закупіла ліцэнзію ў фірмы “Заўрэр” на рухавік, шасі і некаторыя канструкцыйныя элементы і наладзіла самастойную зборку аўтобусаў. Новыя, больш камфортныя і ўмяшчальныя аўтобусы паступова заваёўвалі рынак прыгарадных і міжгародніх перавозак.

Жыхары Астравеччыны, наведваючы Вільню, з цікавасцю пазіралі на гарадскія маршрутныя аўтобусы папялістага колеру з шэра-жоўтым дахам. Экіпаж кожнай такой пасажырскай машыны складаўся з шафёра і кандуктара. Для прыгарадных маршрутаў выкарыстоўвалі падоўжаны, на 15 пасадачных і 12 стаячых месцаў, дызельны аўтобус. Дарэчы, рухавік машыны быў дастаткова эканамічны: расходаваў 18-20 літраў паліва на 100 кіламетраў. Аднак пасажыры часта скардзіліся на непрыемны едкі пах, таму што аўтобус “смярдзеў, як закопчаны прымус”.

З 1933 па 1937 год на гарадскіх маршрутах штогод выкарыстоўваліся прыкладна 40 аўтобусаў, якія выпраўляліся з віленскага аўтавакзала. У той час ён знаходзіўся на плошчы Ажэшка.

Дзякуючы ўспамінам Эстэр Кац Лівінгстон (некаторыя ўспаміны ўраджэнкі Міхалішак друкаваліся ў №51 “АП” ад 12 ліпеня 2014 года – заўв. рэдакцыі), сталі вядомымі некаторыя факты пра тагачасны аўтобусны рух у Міхалішках. Яна ўзгадвала:

“Кожную раніцу два ці тры аўтобусы праязджалі праз наша мястэчка, накіроўваючыся ў Вільню. Вечарам па гэтай дарозе яны вярталіся назад. Ранішнія аўтобусы прыпыняліся каля дома №52, а вечаровыя – ля заправачнай станцыі каля дома №138. …Аўтобусы курсіравалі на Вільню кожнадзённа”.

Цікава, што па нашым маршруце 27 чэрвеня 1938 года накіраваўся ў родную прынарачанскую Пількаўшчыну малады пісьменнік Максім Танк. У сваім дзённіку будучы народны паэт Беларусі так апісаў гэтую паездку: “Раніцай, наладаваўшы чамадан сваімі зборнікамі ды іншай літаратурай, на рамізніку дабраўся да пляца Ажэшковай, адкуль аўтобусам выехаў у Мядзела. Дарога гэта – з Вільні да маёй Пількаўшчыны – была мне добра знаёма. Але толькі цяпер, калі ехаў, як усе нармальныя людзі, з білетам у кішэні, я заўважыў, якая яна прыгожая і маляўнічая. На прыпынку ў Міхалішках у аўтобус улез нейкі шляхціц са сваёй, гадоў пад трыццаць, здаровай і рослай краляй, апранутай у шырокую, як звон, фальбоністую, бронзавага колеру спадніцу. Убачыўшы, што аўтобус перапоўнены, ён уголас пачаў разважаць:

– Мне здаецца, Галенка, што сярод пасажыраў павінен знайціся нехта культурны і ўступіць табе месца… Гм, нешта не бачу, што тут ёсць такія. Дзіўна, вельмі дзіўна, што мы трапілі ў нягжэчную кампанію…

Напэўна, нехта, ды і я сам, уступіў бы сваё месца, але пасля слоў гэтага боўдзілы ўсе пасажыры сядзелі моўчкі, ніхто не рупіўся быць для яго “гжэчным”. Ды і патрэбы такой не было. Пані Галенка вельмі добра размясцілася на адным са сваіх хатулёў, у якім ці не пярыну толькі везла, і так даехала да Кабыльніка”.

Фірма “Арбон” праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны. У пасляваенны час пры аднаўленні

аўтобуснага руху слова “арбон” не знікла разам з аднайменнай фірмай, наадварот, на Віленшчыне яно стала сінонімам аўтобуса любой транспартнай фірмы. Цікавы той факт, што ў 1956 годзе пры з’яўленні на вуліцах Вільнюса першага тралейбуса кемлівыя гараджане трапна празвалі яго “арбон з лейцамі”.

Называць аўтобус па назве былой фірмы “Арбон” у нашых землякоў увайшло ў звычку. Падобна таму, як “роварам” і па сённяшні дзень называюць звычайны веласіпед, а “ксераксам” лічыцца копія  дакумента.

------------------------------

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Мы вырашылі пацікавіцца ў старэйшых жыхароў вёскі Міхалішкі, ці памятаюць яны самі або з расповедаў сваіх бацькоў і дзядоў аб аўтобусным руху таго часу і ці ведаюць, што такое “арбон”.

Яніна Антонаўна Рукойць, 78 гадоў:

– У нас спрадвеку казалі “арбоны”. А чаму? Дык і сама не ведаю. У кожнай вёсцы, пэўна, па-рознаму называюць аўтобусы.

Сабіна Іванаўна Бразевіч, 85 гадоў:

– Аўтобусы папросту называлі арбонамі. Маладзейшыя зараз так не гавораць. Памятаю, з Вільні і назад праз Міхалішкі хадзіў аўтобус, нас, малых, бацькі з сабой не бралі – надта мелі там за што ездзіць.

Юлія Іосіфаўна Рукойць, 76 гадоў:

– Гэта ж аўтобус! Калісьці, у маю маладосць, мала арбонаў было – не тое, што сёння. Маладзейшыя могуць і не ведаць гэтага слова.

---------------------------------------

Запісала Алена ГАНУЛІЧ.