"Пока я помню - я живу". Солдатская вдова

14:00 / 21.11.2014
1
Шаснаццаць гадоў жыве яна без мужа, з якім разам прайшлі пяцьдзясят нялёгкіх і ў той жа час радасных гадоў у каханні і працы, з надзеяй і верай. Менавіта тыя гады далі ёй пасля, калі шчасце скончылася, сілу жыць далей – адной, без падтрымкі дужай і спагадлівай рукі, кіруючыся прыроджанай інтуіцыяй і сабранай за доўгія гады мудрасцю. Дзеці даўно павырасталі, раз’ехаліся хто куды, дарослыя ўжо і ўнукі, ёсць праўнукі. Здаецца, жыць стала лягчэй – ды наваліліся хваробы і ўсялякія жыццёвыя пошасці. І даймае адзінота. Не, ёй не страшна адной у сваёй хаце, бо яна для яе – нібы крэпасць, тут спакойна і ўтульна. Гэты дом будавалі яны з мужам у шчаслівыя маладыя гады, тут нараджаліся іх дзеці, тут гулялі і вяселлі, адсюль у вечнасць пайшоў дарагі ёй чалавек, – муж Людвік Уладзіслававіч Багдановіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Дом і цяпер спраўны, і ўсе гаспадарчыя прыбудовы пры ім: хлевушок, летняя кухня, паветка – дрывотнік і пунька, студня з цудоўнай сцюдзёнай вадой. Вада ў ёй смачная і такая чысцюткая, што кожны, хто пакаштуе, не нахваліцца.

Цяпер ужо сэрца не баліць і не трывожыцца, калі яна гаспадарыць на панадворку, побач з пустым хлевушком, дзе некалі стаяла яе любіміца-кароўка з цялушкай ці бычком, парасяты ўсчыналі піск, пачуўшы гаспадыню, у куратніку чулася радаснае кудахтанне. Зараз усюды ціха-ціхутка...

Добра, што хата стаіць каля дарогі і вокны выходзяць на вуліцу – відаць, хто пройдзе ці праедзе… Сум прабіраецца ў сэрца: выходзіць, непатрэбная яна ўжо сваёй вёсцы?.. Ні з сельсавета ніхто не пацікавіцца, як жыве салдацкая ўдава, ні са школы… Забягаюць толькі сёстры Рэня і Дзюня, распытаюць, што-кольвечы параяць – ды і пойдуць да сваіх хат. Прыязджаюць праведваць дзеці, унукі – угаворваюць пераехаць жыць да іх. Але Гелена Юльянаўна вырашыла для сябе: пакуль рухаецца і галава светлая, будзе жыць тут, у сваім дамку, са сваімі ўспамінамі.

Яшчэ не так даўно памаленьку, з кійком, хадзіла ў касцёл, а зараз ужо не можа. І так часам ад гэтага робіцца нядобра. Дастае тады малітоўнік і пачынае маліцца ля абразоў у любую пару дня: раніцай, сярод дня, увечары. Моліцца за сваю вёску і ксяндза, суседзяў і родных: дзяцей, унукаў, праўнукаў. Моліцца горача і шчыра, як некалі ў дзяцінстве. Верыць, што Бог па малітве дае тое, аб чым яна просіць.

Асабліва ёй радасна, калі прыходзіць праведаць сяброўка Гэлена Эдвардаўна Шэміс. Тады распачынаецца вечар успамінаў. Не адну кнігу можна было б напісаць з тых згадак, дзе ўперамешку – святы і будні, гора і радасць, клопаты і трывогі…

...Неяк зусім неспадзеўкі адбылася мая сустрэча з Гэленай-Тарэсай Юльянаўнай Багдановіч, на жыццёвым календары якой – ужо 85-ы год.

Невялікая, шчуплень кая жанчына з прыемным тварам, уніклівым позіркам яркіх вачэй… Ніколі б не сказала, што ў яе такі паважаны ўзрост. Слова за слова – завязалася ў нас гутарка ля яе сядзібы. Было яшчэ цёпла, гаспадыня чысценька вымела панадворак, высокая раскідзістая яблыня свяціла здалёк чырвонабокімі яблыкамі, белыя гладыёлусы прыветна цікавалі з-за плоту. Я не вельмі спяшалася – прыемна было слухаць прыгожую і бездакорна беларускую гаворку.

А расказвала жанчына пра свой жыццёвы лёс, свае роздумы і мары вельмі кранальна, пераканаўча і ўражальна.

Нарадзілася Гэлена-Тарэса Юльянаўна Багдановіч у Варнянах. Маці яе, Марыя Уладзіславаўна, была з Бабраўнік, а бацька Юльян Іосіфавіч Масейка – з Варнян. І маці, і бацька працавалі на зямлі, мелі па тым часе немалую гаспадарку: дзвюх кароў, некалькі цялят, свіней, авечак, каня і розную дробную жыўнасць.

Гаспадарка была спраўная, бо бацькі працавалі не пакладаючы рук. Маці не змагла вучыцца – не было за кім, ды і замуж пайшла рана. З мужам жылі добра, шчасліва. Дзяцей у іх было чацвёра: Гжэсь, Гэля, Рэня, Дзюня. Бацька быў строгі, дысцыпліну трымаў. Дзеці слухаліся тату, бо ведалі, што ён іх любіць, – і адказвалі яму тым жа. Жылі яны ў дзедавай хаце ў Новай вёсцы. Хата была невялічкая, дзецям прыходзілася спаць на сенніках на падлозе.

У 1939 годзе бацьку прызвалі на вайну. Плакалі дзеці і маці – думалі, што развітваюцца з ім назаўсёды.

Але бацька вярнуўся жывы і здаровы і пачаў будаваць сваю хату. Дрэва купіў у філіпанскім лесе, папрасіў дапамагчы брата Яна… Пасля бацька пачаў ставіць хаты людзям – і гэтым зарабляў на хлеб, бо меў залатыя рукі...

У працы раслі і гадаваліся дзеці. Вучыліся ў польскай школе, але нядоўга – хутка пачалася Вялікая Айчынная вайна. Іх сям’ю яна асабліва не закранула – праўда, жыць стала цяжэй і працаваць трэба было больш. Ма лая Гэлька працавала разам з бацькам і маці ў полі: палола, рвала лён, вучылася жаць – і дома па гаспадарцы.

А ў 10 гадоў села за кросны. Настаўніцай у гэтым была маці: яна хораша ткала. Наткуць трубкі льнянога палатна, выбелюць яго і прадаюць – а потым хлеб купляюць і іншае, што трэба ў гаспадарцы. Ці пашыюць цельную бялізну альбо кашулі ды сукенкі. Дываны прадавалі – з гэтага і жылі.

І хоць цяжка працавалі ўдзень, вечарам збіраліся каля хаты і спявалі – аж наваколле звінела. А Гэлька і спяваць, і танцаваць любіла. Там, на гулянні, і мужа свайго сустрэла: ён толькі вярнуўся з вайны. Людвік пайшоў добраахвотнікам на фронт у першыя дні і закончыў яе пад Берлінам, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

У той вечар пайшла Гэлька ў вёску на танцы – а там хлопец у вайсковым адзенні… І сэрца зварухнулася: “Пэўна, гэта мой суджаны”. Ён запрасіў Гэлю на танец – і больш не выпусціў з рук. А хутка прыехаў да яе ў сваты. Дзяўчыне было тады толькі 17 гадоў. Бацькі хацелі яе выдаць за багатага гарманіста і не давалі згоды на шлюб з Людвікам – але дзяўчына паказала характар: “Не пайду ні за каго – толькі за Людвіка”. Бацькі мусілі пагадзіцца.

Вяселле было «на два канцы». Малады прыехаў за нарачонай конна, з бразгунамі, людзей многа было, бо радню мелі вялікую. Даравалі тады маладых ручнікамі, дыванамі, скруткамі лёну. Першы сват сабраў усё ў дыван і павёз да хаты маладога. Вяселле было харошае, шлюб бралі ў сваім касцёле. Дарэчы, самагонку – чыстую, як сляза, – гнала сама нявеста.

Гэлена і Людвік пражылі разам у дружбе і каханні пацьдзясят гадоў. Нажылі сына Тадзіка і дачушку Ірынку, займелі чатырох унукаў і столькі ж праўнукаў.

Спачатку маладыя працавалі на зямлі, потым пайшлі ў калгас: ён – брыгадзірам, а яна – у паляводства: лён, жыта, буракі, бульба… Пяць гадоў была звеннявой па лёне. Трыццаць гадоў аддала працы на зямельцы, усе палі яе рукамі былі засеяны і прыбраны. Жанчына любіла сваю працу і спраўлялася з ёй, кіраўніцтва калгаса цаніла яе працавітасць. Гэлена Юльянаўна ганарыцца, што за сваю працу мае медаль “Ветэран працы”, – гэта дзяржава адзначыла яе, сціплую вясковую жанчыну.

Тым часам яны пабудавалі свой дом, вывучылі дзяцей, выправілі іх у свет, падраслі ўнукі. А Гэлена Юльянаўна яшчэ сем гадоў адпрацавала на пенсіі – усё хацелася быць пры людзях.

…Моцна балела яе сэрца, як стаяў варнянскі касцёл закінуты, а яшчэ больш – калі ён стаў клубам. Таму, як толькі ўзнікла магчымасць, яна разам з іншымі стала збіраць подпісы пад просьбай вярнуць людзям святыню. Прыйшлося паездзіць па вёсках. Людвік нават іншы раз бурчаў, што жонка ў хаце не стыкаецца. А як аддалі веруючым касцёл, яны на каленях падымаліся па яго прыступках і плакалі ад шчасця… Мелі, праўда, крыўду на ксяндза, які ўцёк, – але яна прайшла, калі прыехаў ксёндз Здзіслаў Пікула. Яму і сёння ўдзячны, што аднавіў касцёл, што маліцца ўмеў.

Раней Гэлена Юльянаўна ў касцёл хадзіла штодзень раніцай і вечарам, але прыйшла такая цяжкая пара, што толькі на вялікія святы бывае. Ксёндз Здзіслаў, калі ад’язджаў, падарыў ёй ружанчык і блаславіў маліцца.

Гэлена Юльянаўна, нягледзячы на свае беды і хваробы, шчаслівая, што яе дзеці, унукі, праўнукі ўсе блізка каля яе, што яны добрыя, шчырыя людзі і што бабуля яшчэ мае магчымасць маліцца за іх.

Здаецца, маленькі і непрыкметны чалавек – але якая ў гэтай жанчыне здзіўляючая мужнасць, бязмернае цярпенне і вялізная прага жыцця, што дае сілу і стойкасць яе нашчадкам. Я з вялікай пашанай схіляю галаву перад мудрасцю звычайнай беларускай жанчыны Гэлены Юльянаўны Багдановіч, жыхаркі Варнян – адной маленькай часцінкі нашага шматмільённага беларускага народа.

-------------------------------

Людміла КУХАРЭВІЧ, в. Варняны.