В купальскую ночь случаются чудеса

18:00 / 22.07.2013
…Лецейка, цудоўная пара! Салаўі ўжо не пяюць – не да песень зараз, дзяцей гадуюць! Сёлета нязвыкла рана ўсталявалася сапраўднае лета – ужо ёсць грыбы і ягады, зёлкі зацвілі, не дачакаўшыся Купалля, а знакамітая купальская ноч была не толькі адной з самых кароткіх, але і самых светлых, бо амаль супадала з месячнай поўняй.
Мне ж успомнілася старое вясковае паданне пра чароўную купальскую ноч…

Малады мужычок, здаецца, Юзюком клікалі, блізка да купальскай поўначы вярнуўся з паездкі на Гялядню (бліжэйшую да вёскі чыгуначную станцыю), распрог каня і павёў на пашу. Там каня спутаў, зняў аброць і пайшоў нацянькі праз росныя квітнеючыя лугі і гаі ў свае Талюшаны. Выходзячы з алешніку на месячную паляну, аж прыпыніўся: настолькі прыгожае відовішча адкрылася! Ды раптам збоку пачулася нейкае бурчанне ці гаворка ціхая. Глянуў – і аслупянеў: незнаёмая маладая кабетка выйшла на месячнае святло, хуценька скінула сукню, скіндачку з галавы і засталася ва ўбранні пані Венеры – густыя валасы рассыпаліся па плячах, ахінуўшы яе да каленяў. Глядзіць Юзюк: што далей будзе? А кабетка выбрала з каша два збаны і нейкую місачку ці конаўку, перажагналася і нібы зачарпнула гэтай пасудзінкай расы з квітнеючых траў, зліла ў адзін са збанкоў, прымаўляючы: “Гэта табе, Божа”, махнула конаўкай і зліла ў другі, прымаўляючы: “А гэта мне, Божа!”
Юзюк аж разгубіўся – што ж рабіць ды што казаць? Нічога лепшага не прыдумаў, як правесці аброццю па расе да сябе ды ўсклікнуць: “ А гэта ўжо, мусіць, мне, Божа!” Кабетка з перапуду аж перакулілася, схапіла адзенне ды праз крапіву, забыўшыся пра посуд, падалася ў хмызняк. Юзюк жа, пасмейваючыся, рушыў да хаты і, павесіўшы мокрую аброць на калочак ў сянёх, заваліўся хутчэй спаць.
…Нараніцы прачнуўся ад здзіўлена-спалоханага крыку жонкі: “А дзе ж гэта цябе насіла?! А гляньце, што тут робіцца! Уставай хутчэй, падзівіся!”
Ускочыў мужык і – што бачыць? Аброць вісіць на калочку, дзе павесіў – над пустой ражкай (драўляным вядром). Але зараз вядро было паўнюткім малака, якое капала з аброці…
Перажагналіся яны з жонкай, перахрысцілі вядро з аброццю, але нічога не змянілася – малако ўсё цякло! Тут праз некалькі хвілін забомкалі касцельныя званы да святаянаўскай імшы і… малако перастала капаць, аброць адразу высахла, а ў вядры засталося поўна па верхні абручык.
Падзівіўшыся-параіўшыся, зразумелі Юзюк з жонкай, што  знянацку ноччу месячнай спудзіў ён купальскую чараўніцу-малочніцу, дачыніўшыся да яе чараў.
Такіх купальскіх казак, быліц, чароўных паданняў шмат у кожнай вёсцы, кожнай хаце – успамінайце толькі, людзі добрыя!


____________________________


Стафан Казлоўскі.
Фота з сайта money-magic.ru.