Тайны подольского ткачества

12:11 / 15.10.2012

У кожнай школы ёсць свая асаблівасць. У адной больш за ўсіх збіраюць прызавых месцаў на прадметных алімпіядах, у другой дзейнічае лепшае школьнае лясніцтва, у трэцяй – выдатныя поспехі ў спорце… А вось у Падольскай захоўваюць старадаўняе народнае майстэрства ткацтва – і перадаюць яго дзецям.


Пачынала гэтую справу ў 80-х гадах тагачасны дырэктар – ды што там дырэктар – стваральнік, заснавальнік, ідэйны натхняльнік усіх добрых спраў Падольскай школы, ды і самой школы таксама — Лідзія Іванаўна Рубан. Менавіта па яе ініцыятыве ў школе з’явіўся першы ткацкі станок, на якім дзеці пад кіраўніцтвам вопытных ткаль вучыліся старадаўняму рамяству сваіх бабуль і прабабуль. Наколькі паспяхова – пра тое сведчыць удзел Падольскай школы ў Выставе Дасягненняў Народнай Гаспадаркі СССР і залаты медаль, прывезены адтуль. І брашура “Юныя ўмельцы”, выдадзеная ў 1984 годзе ў Гродне, якая прысвечана поспехам юных падольскіх ткачых. На фотаздымку там – прыгожая дзяўчынка-школьніца за кроснамі….
Затым доўгі час ткацкай справай у Падольскай школе апекавалася светлай душы чалавек, сапраўдная народная майстрыха Тарэса Зянонаўна Качкан, яка вяла ўрокі абслугоўваючай працы. У кожны ўрок, у кожны выраб дзяцей яна ўкладвала сваю душу – ды, здаецца, без душы яна ўвогуле нічога не можа рабіць…
Калі Тарэса Зянонаўна пайшла на заслужаны адпачынак, я – каюся! – падумала, што ткацтву ў Падольцах прыйшоў канец. Бо, што б там ні казалі, а кадры па-ранейшаму вырашаюць усё, і поспех ці няўдачу любой справы – у першую чаргу… Жыццё неаднойчы пацвярджала ісціннасць гэтай высновы.
І якім жа вялікім і прыемным было маё здзіўленне, калі, наведаўшы Падольскую школу ў чарговы раз, пераканалася, што традыцыі папярэднікаў тут не толькі не забыты, як гэта, на жаль, часта бывае са зменай кіраўніцтва, не выкінуты на “сметнік гісторыі”, а нават прымножаны і, хоць выстаўлены крыху ў іншым ракурсе, тым не менш жывуць і развіваюцца.






– Ткацтва – тая адмецінка, што вызначае нашу школу з усіх іншых, – гаворыць сённяшні дырэктар Падольскага НПК Іван Францавіч Сухарэўскі. – То чаму б яго не развіваць?
Пасля рамонту школы, які адбыўся ў 2007 годзе ў рамках будаўніцтва аграгарадка, было вырашана стварыць на базе колішняга невялічкага пакоя з кроснамі сапраўдны музей лёну. Апекавацца ім даручылі настаўніцы пачатковых класаў Святлане Станіславаўне Лукша – той самай дзяўчынцы за ткацкім станком з фотаздымка ў брашуры “Юныя ўмельцы”, вучаніцы Тарэсы Зянонаўны Качкан. Каму ж, як не ёй, якая з маленства сядзела за кроснамі, дапытліва і прагна ўбіраючы тое, што ведала мама, слынная ткачыха Луцыя Рамуальдаўна Аўсюкевіч, а затым удасканальвала маміну навуку на ўроках працы пад кіраўніцтвам Тарэсы Зянонаўны? Тым больш, што тут жа, у Падольскай школе, працуе настаўніцай матэматыкі і яе сястра Людміла Станіславаўна Барташэвіч – ёсць з кім параіцца, папрасіць падтрымкі, ды і клопатамі падзяліцца, калі што…
Музей лёну ў Падольскай школе адмысловы. Цяжка нават сказаць, чаго з той доўгай дарогі даўгунцу тут няма: пачынаючы ад каробачак з насеннем і заканчваючы сарочкамі, пашытымі з “бялюсенькага кужальку”. А галоўная яго вартасць – тое, што ўсе гэтыя экспанаты – мясцовыя, і кожная рэч у гэтым музеі мае сваю гісторыю. Да прыкладу, першы ткацкі станок з’явіўся ў школе дзякуючы Тарэсе Зянонаўне Качкан, а вось другі, поўнасцю ў рабочым стане, перадала слынная падольская ткаля Каміла Браніславаўна Лось, таксама ветэран сістэмы адукацыі: усё жыццё гэтая цудоўная жанчына адпрацавала ў школе тэхнічным работнікам. І калі здароўе не дазволіла больш ёй самой садзіцца за кросны, з радасцю аддала свае кросны ў школьны музей: хай служаць людзям, дапамагаюць дзецям не забывацца рамяство продкаў. Ёсць у музеі і яшчэ адзін ткацкі станок – невялічкі, настольны, спецыяльна для вырабу арыгінальных беларускіх паясоў, якія так падабаюцца гасцям…
Такую ж ці падобную гісторыю можна расказаць пра кожны экспанат падольскага музея: пачынаючы ад матка нітак, цэўкі, калаўрота – да тонкай работы ручнікоў ды дываноў: кожны з іх захоўвае цяпло не чыіхсьці невядомых, а родных, суседскіх ці проста знаёмых рук. І за гэтыя старадаўнія кросны так прыемна сесці і прадоўжыць пачаты тваімі папярэднікамі ўзор – як бясконцую, несупынную дарогу жыцця.
Гэта, дарэчы, яшчэ адна асаблівасць Падольскага музея лёну: ён не з’яўляецца сховішчам каштоўнасцей, хай сабе і вельмі рэдкіх ці арыгінальных. Ён – дзейнічае, і не толькі таму, што вучні праводзяць тут цікавыя экскурсіі. Галоўнае, што зараз яны ўжо пад кіраўніцтвам Святланы Станіславаўны Лукша – гэтаксама, як і некалі яна сама – авалодваюць уменнем сваіх бабуль, прабабуль і пра-пра-пра-прашчураў.
…І ўецца, безупынна намотваецца на верацяно жыцця бясконцая кужэльная нітка – народная памяць і майстэрства.
І за тое – вялікі дзякуй калектыву Падольскай школы.

----------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.