Помніць, нельга забыць

15:36 / 28.07.2010
2
У нядзелю, 18 ліпеня, у вёсцы Быстрыца адбылося адкрыццё памятнага знака, устаноўленага на месцы знішчэння яўрэяў у гады Другой Сусветнай вайны. Помнік устаноўлены па ініцыятыве Камісіі па ўвекавечванню памяці ахвяр Халакосту ў Рэспубліцы Беларусь, створанай пры саюзе беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак. Працуе Камісія пры фінансавай падтрымцы фонду Саймана Марка Лазаруса (Вялікабрытанія), фонду сям’і Майлса і Мэрэлін Клеттэр (ЗША) і фонду сям’і Уорэна і Бэвэрлі Гейслер (ЗША).
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел першы сакратар пасольства Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Генадзь Палішчук, спонсары праекта сем’і Лазарусаў, Клеттэраў, Гейслераў, старшыня прадстаўніцтва амерыканскага яўрэйскага размеркавальнага камітэта “Джойнта” Йоні Лейфер, прадстаўнікі беларускіх яўрэйскіх арганізацый і суполак, а таксама адміністрацыі раёна і мясцовае насельніцтва.
– Наша камісія існуе пяць гадоў, – расказаў член Камісіі па ўвекавечванню памяці ахвяр нацызму ў Беларусі Ігар Міхайлавіч Краеўскі. – І за гэтыя пяць гадоў мы адкрылі 45 памятных знакаў. На мінулым тыдні быў устаноўлены помнік у Нясвіжы, хутка адбудзецца адкрыццё ў Копылі, дзе было знішчана каля 3000 чалавек. У нас з’явілася магчымасць займацца гэтай высакароднай справай дзякуючы падтрымцы спонсараў. Гэта людзі, якія не жывуць у Беларусі, у іх няма тут сваякоў, але яны аб’яднаны адной мэтай – увекавечваць памяць ахвяр Халакосту. І магу вас запэўніць, што работа будзе працягвацца.
Іван Мечыслававіч Сянюць, старшыня Трокеніцкага сельвыканкама, распачаў мітынг гісторыяй даваенных часоў, калі Быстрыца была многанаселенай і шматнацыянальнай вёскай. Пражывала тут 1018 чалавек розных нацыянальнасцяў – палякі, літоўцы, яўрэі, беларусы жылі ў згодзе і міры. Але пачалася вайна, якая прынесла шмат пакут і смерцяў. А ў 1944 годзе, калі да вызвалення заставаліся лічаныя месяцы, фашысты расстралялі ў Быстрыцы 143 яўрэі.
– Так, 143 чалавекі забіты, – працягвае прадстаўнік Ізраільскага пасольства Генадзь Палішчук. – І гэта не проста лічбы, а 143 жыцці, якія маглі працягваць род, кахаць, ствараць, праслаўляць свой народ, стаць урачамі, навукоўцамі. І гэтыя 143 жыцці былі знішчаны. Добра, што рана баліць дагэтуль, бо пакуль мы ўсе будзем памятаць, бяда не паўторыцца на нашай зямлі. Я веру, што адкрыты сёння памятны знак паслужыць мостам, які перанясе памяць з мінулых пакаленняў у будучыя.
Але што можа быць больш каштоўным, чым успаміны відавочцаў, якія лепш за любы падручнік гісторыі раскажуць пра жудасці вайны? Старшыня яўрэйскіх арганізацый былых вязняў канцлагераў і гета Міхаіл Абрамавіч Трэйстар – чалавек, які прайшоў усе кругі пекла на зямлі, адзін з нямногіх, хто выйшаў жывым з Мінскага гета, дзе было знішчана каля 100000 чалавек. Амаль усіх іх вывозілі ў Трасцянец і там спальвалі ў газавых печах.
– Падчас вайны было знішчана 97 працэнтаў яўрэяў, – кажа Міхаіл Абрамавіч. – А гэта значыць, што з кожнай тысячы жывымі заставаліся 25-30 чалавек. У Беларусі сотні месцаў, дзе зверскі катавалі яўрэяў — толькі не ўсе яны абазначаны помнікамі. Мы праводзім вялікую работу па ўвекавечванню такіх месцаў, прычым значную дапамогу нам аказваюць неабыякавыя людзі – нашы спонсары.
Дарэчы, спонсары з ЗША сёлета прыехалі не адны, а са сваімі дзецьмі. Яны ляцелі двума авіярэйсамі, затым ехалі на двух паяздах і дзвюх машынах, таму што для іх вельмі важна было прыняць удзел у гэтай цырымоніі. Няўзброеным вокам было бачна, што гэта — справа іх жыцця. Ад шчырых і пранікнёных слоў маладой амерыканкі Джоні Клеттэр мароз ішоў па скуры:
– Мне вельмі цяжка знаходзіцца ў гэтым месцы, дзе зверскі забіта 143 чалавекі. Людзі, якія загінулі тут, – гэта частка нашай вялікай яўрэйскай сям’і. Мы не ведалі іх асабіста, але я думаю, яны ні чым не адрозніваліся ад нас. Магчыма, іх ўнукі і праўнукі былі б нашымі сябрамі. Мы прыйшлі сюды, каб ушанаваць памяць нашых магчымых сяброў. Мы разам з вамі — і заўсёды будзем чытаць кадыш, памінальную яўрэйскую малітву, за вас, чыё жыццё так недарэчна абарвалася тут…
Муж Джоні – Даг Шнайдэр – падзякаваў мясцовым жыхарам, якія дапамагалі ўратавацца яўрэям, тым самым давалі права на жыццё далейшым пакаленням.
Завяршыць мітынг было даручана галоўнаму спецыялісту па ідэалагічнай рабоце Астравецкага райвыканкама Тарэсе Браніславаўне Памецька, якая падзякавала ўсім прысутным і выказала ўпэўненасць, што супрацоўніцтва працягнецца, а таксама ўручыла кнігі “Памяць” і буклеты аб раёне ганаровым гасцям.
Апошнім акордам стала хвіліна маўчання, якая, здаецца, нават прыпыніла цячэнне вод звілістай Віліі. І кожны зразумеў для сябе: пакуль жывая памяць – будуць жыць і яны.
На зваротным шляху дэлегацыя ўсклала кветкі да помніка закатаваным яўрэям у Міхалішках, які быў устаноўлены ў мінулым годзе. А па дарозе ў Астравец у Ігара Міхайлавіча Краеўскага нарадзілася новая ідэя – у наступным годзе паставіць яшчэ адзін памятны знак у нашым раёне – у Варнянах. Няхай яна ўвасобіцца ў жыццё, і памяць кожнага загінуўшага ў той страшнай вайне будзе ўшанавана.
Вольга ШОЎКУН.