Гэты спеўны, незабыўны, яркі май

18:01 / 13.05.2010

Шырока, прыгожа, радасна, ярка, незабыўна, шматлікімі мерапрыемствамі, у цэнтры ўвагі якіх былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, адзначылі ў раёне вялікае і радаснае свята, да якога доўга рыхтаваліся, – 65-гадовы юбілей Вялікай Перамогі.
Мерапрыемствы і акцыі, прысвечаныя юбілею Перамогі, доўжыліся на працягу ўсяго гэтага года, а ў канцы красавіка-напачатку мая праходзілі ледзь не штодня. Апафеозам свята стала святкаванне 9 мая – галоўнага свята ў жыцці кожнага ветэрана і любога сумленнага чалавека.





7 мая адбыўся традыцыйны аўтапрабег “Ад помніка да помніка”, падчас якога дзве групы, у склад якіх увайшлі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, моладзь, ваенныя, праехалі па ўсіх вёсках раёна, дзе ёсць помнікі загінуўшым землякам, каб ля кожнага аддаць даніну памяці павагі тым, хто не дажыў да светлага дня Перамогі, ушанаваць іх памяць хвілінай маўчання, ускласці вянкі і кветкі. Для прадстаўнікоў маладога пакалення гэтыя хвіліны памяці і смутку, расказы аб пражытым і перажытым – самыя яркія, красамоўныя ўрокі патрыятызму. І гальштук піянера, павязаны ветэранам вайны, ці ўручаны на мітынгу ля помніка загінуўшым білет члена БРСМ – як узнагарода, вартасць якой трэба апраўдваць сваім далейшым жыццём.
Так супала, што сёлета 9 мая ў нашай краіне адзначалася два святы: акрамя юбілею Вялікай Перамогі, на гэты дзень прыпаў і Дзень Дзяржаўнага герба і сцяга. Таму святкаванне пачалося на цэнтральнай плошчы горада з прысвечанага гэтай падзеі мітынгу. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла ў сваім выступленні расказаў пра значэнне дзяржаўнай сімволікі для нашай краіны і яе грамадзян, якія пад чырвонымі штандарамі абаранялі свабоду і незалежнасць сваёй Айчыны. А затым пад гукі Дзяржаўнага гімна ў блакіт майскага неба ўзнялося яркае чырвона-зялёнае палотнішча Дзяржаўнага сцяга – ганаровае права падняць яго было прадастаўлена старшыні раённага савета ветэранаў Расціславу Арсенцьевічу Герту, старшыні СВК “Гервяты” Андрэю Уладзіслававічу Янчэўскаму, першаму сакратару РК БРСМ Марыне Мар’янаўне Кутовіч, намесніку дырэктара РУП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце Ларысе Аляксандраўне Малышка.
А затым па цэнтральных вуліцах горада прайшло тэатралізаванае шэсце, якое сімвалізавала розныя моманты той цяжкай крывапралітнай вайны. “Радзіма-маці кліча”. “Абарона Брэсцкай крэпасці”. “Партызанская зямлянка”, “Ваенна-палявы шпіталь” – тэатралізаваныя кампазіцыі, аформленыя на грузавых аўтамашынах, праехалі па цэнтральнай плошчы. А завяршаў гэты своеасаблівы аўтапарад сімвалізаваны помнік воіну-вызваліцелю, што ўстаноўлены ў Берліне ў Трэптаў-парку…
…На вуліцы горада выходзяць святочныя калоны працоўных калектываў. Распачалі шэсце раённыя спартсмены, якія вядомы сваімі дасягненнямі і перамогамі на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Тое ж можна сказаць і пра калектывы лясгаса, раённай пошты, бальніцы, жылкамунгаса, завода “Радыёдэталь”, МПМК-158, ДРБУ-159, райспажыўтаварыства, аўтапарка, пра нашу таленавітую моладзь: усё гэта – гонар раёна, яго будучыня, якую заваявалі ў баях у гады вайны ветраны.
Пад гукі духавога аркестра святочная калона рушыла да помніка воінам-вызваліцелям. Тут адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька шчыра павіншаваў са святам найперш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія знайшлі ў сабе сілы і мужнасць прыйсці ў гэты дзень да помніка – іх засталося ў раёне усяго 35 чалавек. А таксама ўсіх прысутных, прадстаўнікоў маладога пакалення, які не ведалі вайны, але для якіх Дзень Перамогі застаецца святым днём – бо гэта дзеля іх мірнай будучыні не шкадавалі на франтах і ў тыле ворага жыцця і здароўя іх дзяды і прадзеды. Адам Дзмітрыевіч уручыў старшыні раённага савета ветэранаў Расціславу Арсенцьевічу Герту Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якой той быў узнагароджаны за шматгадовую плённую працу і вялікі асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі.
Расціслаў Арсенцьевіч Герт у сваім выступленні расказаў пра значэнне перамогі для народаў усяго свету, пра тое, якой цаной быў заваяваны мір, і запэўніў, што нікому і ніколі не ўдасца прынізіць значэнне нашай агульнай перамогі над карычневай чумой.
Ветэранаў і ўсіх прысутных ад імя павіншаваў са святам намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Юрый Аляксандравіч Дробышаў. Словы віншаванняў і самыя цёплыя пажаданні выказалі таксама раённы ваенны камісар І.М. Чычварын, вучаніца Варнянскай школы Марыя Еўтушэнка, камендант пагранкамендатуры “Гудагай” Р.В. Самкін. У гонар Перамогі прагучаў ружэйны салют, памяць загінуўшых прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Да помніка леглі кветкі, вянкі і гірлянды.
А затым свята працягвалася ў лесапаркавай зоне. Цікавую і змястоўную праграму падрыхтавалі работнікі культуры раёна. Пачалася яна з удала пастаўленай тэатральна-музычнай кампазіцыі на песні ваенных часоў. Гледачоў радавалі сваім майстэрствам лепшыя мастацкія калектывы і салісты раёна. Аматары спорту і экстрэмальных відаў адпачынку глядзелі каля стадыёна спаборніцтвы дужых і спрытных і паказальныя выступленні выратавальнікаў.
І ўсім было цікава і весела – нягледзячы на тое, што спіртное ў шматлікіх расквечаных гандлёвых палатках не прадавалі. І аказалася, што можна прыгожа і змястоўна адпачыць і без штучнага “падагрэву”.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.