Выстаўкі. Старадаўнія фаліянты ў храме

15:04 / 24.05.2011

Чарговая выстаўка старадаўняй літаратуры адбылася ў Астраўцы, на гэты раз — у храме  святых апосталаў Пятра і Паўла. Прысвячалася яна дню памяці вялікіх славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія, стваральнікаў нашай азбукі. Адкрыў выстаўку і зрабіў агляд рарытэтаў настаяцель храма іерэй Георгій Савіцкі.


Аснову экспазіцыі склалі рэдкія богаслужэбныя кнігі, якія захоўваюцца ў храме святога вялікамучаніка Георгія горада Ліды і ў храме гарадскога пасёлка Юрацішкі Іўеўскага раёна. Самая старадаўняя  з іх – “Мінея” часоў Пятра Першага, у драўляных вокладках, абцягнутых натуральнай скурай, з гербам Дзяржавы Расійскай. Да крохкіх лістоў боязна дакрануцца – здаецца, вось-вось рассыплюцца. Між тым друкаваныя радкі захаваліся выдатна, чытаюцца лёгка – для тых, хто ведае царкоўнаславянскую мову. Яшчэ адна “Мінея”  датуецца 19-м стагоддзем.
На тытульных лістах наступных дзвюх “Міней” пазначаны 1900 год – імі і зараз карыстаюцца пры богаслужэннях у Юрацішкаўскім храме.
Годнае месца сярод рарытэтаў заняла кніга “Новага запавету” 1909 года выдання – сямейная рэліквія старасты прыхода Марыі Уладзіміраўны Вянгроўскай. У гэтага выдання багатая і няпростая, але ў рэшце рэшт шчаслівая гісторыя: кніга стала настольнай у сям’і глыбока веруючых хрысціян.
Вялікую цікавасць, асабліва ў царкоўных харыстаў, выклікаў старадаўні зборнік нот і тэкстаў храмавых спеваў – найперш своеасаблівым, не падобным на цяперашняе, напісаннем нот.
Экспанаваліся таксама акафісты, часопісы Маскоўскай Патрыярхіі розных гадоў выдання і побач – сучасная духоўная літаратура. Выстаўка выклікала ў вернікаў вялікую цікавасць.


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.