Радуніца – бацькоўскі дзень

10:26 / 03.05.2011

Для наведвання могілак Царква прызначае спецыяльны дзень – Радуніцу (ад слова радасць – бо свята Пасхі працягваецца) і адзначаецца ён у аўторак пасля пасхальнага тыдня. Звычайна ў гэты дзень пасля вячэрняга богаслужэння або пасля Літургіі служыцца поўная паніхіда, у якую ўключаюцца і пасхальныя песнапенні. Вернікі наведваюць могілкі, каб памаліцца за памерлых.


Паводле сведчання свяціцеля Іаана Златавуста (ІV ст.), гэтае свята адзначалася на хрысціянскіх могілках ужо ў старажытнасці. Асаблівае месца Радуніцы ў гадавым крузе царкоўных свят – адразу пасля Светлага пасхальнага тыдня – як бы абавязвае хрысціян не паглыбляцца ў перажыванні аб смерці блізкіх, а, наадварот, радавацца іх нараджэнню ў жыцці вечным. Перамога над смерцю, атрыманая смерцю і ўваскрэсеннем Хрыста, выцясняе сум аб часовым расстанні з роднымі, і таму мы, па слову мітрапаліта Антонія Суражскага, “з верай, надзеяй і пасхальнай упэўненасцю стаім ля гроба спачылых”.
Могілкі – гэта свяшчэнныя месцы, дзе спачываюць целы памерлых да будучага ўваскрэсення. З глыбокай дахрысціянскай старажытнасці паходзіць звычай насыпаць надмагільны пагорак. Пераняўшы гэты звычай, хрысціянская Царква ўпрыгожвае магілу пераможным сімвалам нашага збавення – Святым Жыватворным Крыжам, нанесеным на надгробную пліту або пастаўленым над ёю.
Магіла – гэта месца будучага ўваскрасення, таму неабходна захоўваць яе ў чысціні і парадку.
Крыж на магіле праваслаўнага хрысціяніна – маўклівы прапаведнік шчаслівага бяссмерця і ўваскрэсення. Пастаўлены ў зямлю і ўзнесены да неба, ён знамянуе веру хрысціян у тое, што цела памёршага знаходзіцца тут, у зямлі, а душа – на небе, што пад крыжам схавана семя, якое прарасце для жыцця вечнага ў Царстве Божым. Трэба сачыць, каб крыж на магіле не пакасіўся, быў заўсёды пафарбаваны, чысты, дагледжаны.
Прыйшоўшы на могілкі, трэба запаліць свечку, здзейсніць ліцію (гэтае слова ў літаральным сэнсе значыць “узмоцненае маленне”. Для здзяйснення чыну ліціі трэба запрасіць святара). Па жаданні можна прачытаць акафіст аб упакаенні спачылых. Затым прыбраць магілу, проста памаўчаць, успамінаючы нябожчыка. Не трэба есці і піць на могілках, асабліва недапушчальна ліць гарэлку на магілу – гэтым зневажаецца памяць аб родным чалавеку. Звычай пакідаць на магіле кілішак гарэлкі з кавалкам хлеба “для памёршага” з’яўляецца перажыткам язычніцтва і не павінен выконвацца ў праваслаўных сем’ях. Не трэба пакідаць на магіле ежу, лепш аддаць яе жабраку ці галоднаму.
“Пастараемся, наколькі магчыма, памагаць спачылым, замест слёз, замест плачу, замест пышных грабніц – нашымі аб іх малітвамі, міласцінамі і прынашэннямі, каб такім чынам і ім, і нам атрымаць абетаваныя даброты”, — пісаў свяціцель Іаан Златавуст.
Малітва за спачылых – гэта самае вялікае і галоўнае, што мы можам зрабіць для тых, хто адышоў у іншы свет. Вечна жывая душа спачылага адчувае вялікую патрэбу ў нашай пастаяннай малітве, таму што яна сама не можа тварыць добрыя справы, якімі была б у стане злітасцівіць Бога.
Вось чаму дамашняя малітва за блізкіх, малітва каля магілы спачылага – абавязак кожнага праваслаўнага хрысціяніна. Асаблівую дапамогу памерлым аказвае памінанне ў храме.
Перш чым наведаць могілкі, хто-небудзь з родзічаў павінен прыйсці ў храм да пачатку службы, падаць запіску з імёнамі спачылых для памінання ў алтары (лепш, калі гэта будзе памінанне на праскамідыі, калі за спачылага вынуць з асаблівай прасфары часцінку, а затым у знак амавення яго грахоў апусцяць у Чашу са Святымі Дарамі). Пасля Літургіі трэба адслужыць паніхіду. Малітва будзе больш дзейснай, калі той, хто памінае, сам прычасціцца Цела і Крыві Хрыстовай.
У пэўныя дні года Царква здзяйсняе памінанне ад веку памёршых айцоў і братоў па веры, якія спадобіліся хрысціянскай канчыны, і тых, каго спасцігла раптоўная смерць і за каго Царква не паспела памаліцца. Паніхіды, якія служацца ў гэтыя дні, называюцца ўсяленскімі, а самі дні – усяленскімі бацькоўскімі суботамі.


Іерэй Георгій САВІЦКІ, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла.