Вернутыя імёны: да 150-годдзя ксяндза-пробашча Юзафа Бародзіча

10:14 / 25.04.2011

Не перастаю радавацца таму, наколькі багата наша зямля на таленты. На жаль, складаны гістарычны шлях, палітычныя абставіны не заўсёды давалі развівацца ў поўнай меры ўсім магчымасцям. Шмат страчана, многае забыта...
У сузор’і яркіх, таленавітых святароў, якія працавалі ў Клюшчанскім касцёле і пакінулі аб сабе след у памяці пакаленняў, дабавілася яшчэ адна зорка першай велічыні – ксёндз Юзаф Бародзіч. Асоба настолькі яркая і супярэчлівая, што да сённяшняга дня яго імя не забыта: яго любілі, яго паважалі, яго баяліся, пра яго складалі легенды і байкі, яму прыпісвалі анекдоты. Сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня яго нараджэння.


У рэестры ксяндзоў-пробашчаў Клюшчанскага касцёла ад пачатку існавання да 1937 г., складзеным ксяндзом А.Вайцяхоўскім, ёсць запіс пра ксяндза Ю.Бародзіча, які служыў тут у 1901-1906 гадах. (Наконт 1906 года, напэўна, ёсць нейкая недакладнасць).
Так, 110 гадоў таму святаром у Клюшчаны быў прызначаны ксёндз Юзаф Бародзіч. Ён адразу ж разгарнуў бурную дзейнасць: дабіўся ад уладаў вяртання касцёлу 34-х дзесяцін зямлі ў Світайлішках (зараз Літва) за 6 км. ад Клюшчан, адну дзесяціну зямлі выклапатаў ад Клюшчанскага двара пад агароды ля плябаніі, павялічыў і добраўпарадкаваў могільнік. Па яго ініцыятыве зрабілі рамонт касцёла і некаторыя канструкцыйныя змяненні: на франтоне ўстанавілі 2 вежы замест васьміграннай званіцы, па-новаму абсталявалі 3 алтары, пабудавалі новую плябанію і дом для касцельнай службы.
Касцёл захаваўся да нашых дзён амаль без змен і з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з элементамі стылю неаготыкі (у некаторых крыніцах называецца гатычна-закапанскі стыль). У тым, што касцёл дзейнічае і сёння, ёсць немалая заслуга малітваў ксяндза Бародзіча.
Ксёндз Бародзiч быў вялiкi арыгiнал, якога вельмi любiлi парафiяне i гiсторыi пра якога перадавалiся з пакалення ў пакаленне, хоць падзеі гэтыя адбываліся больш як сто гадоў таму. Памятаюць яго многія і сёння, што сведчыць аб харызматычнасці гэтага святара. Апроч асноўных заслуг, людзі любілі яго яшчэ і за тое, што ў размове ўжываў вобразную мову, трапныя словы. Многія з яго выказванняў былі разабраны на цытаты і па сённяшні дзень ужываюцца ў нашай мясцовасці.



Караліна Пілімон расказвала, што ксёндз сябраваў з яе бацькам, Каетанам Пілімонам, часта наведваўся да іх. Аднойчы бацькава сястра спытала: “Чаму адзін ксёндз моліцца памалу, а іншы — хутка?” На што ксёндз Бародзіч адказаў: “А ці ёсць розніца, калі я буду гаварыць: “ду- р- на-я ба-ба” , ці скажу “баба-дура?”
Калі будавалі мур каля касцёла і могілак, то часта ксёндз Юзаф Бародзіч за “пакуту” загадваў насіць каменне да муру. Доўга жартавалі з адной старой дзеўкі, што пасля споведзі, носячы каменне, парвала падол тоўстай суконнай спадніцы (значыць, грахоў мела шмат!).
Жартоўны выпадак расказвалі і ў Міёрах. Пасля фэсту ў пакой, дзе быў падрыхтаваны святочны абед, зайшоў малады ксёндз і пачаў расказваць старэйшаму святару, які сядзеў там у чаканні астатніх гасцей: “Замучаўся слухаць на споведзі: кожная другая баба Бародзіча кляла”. А за сталом сядзеў сам ксёндз Бародзіч! Але гэта сапраўды толькі жарт, бо ў Міёрах вельмі любілі гэтага святара. Любілі ў той час, як ён працаваў, любяць і шануюць памяць аб ім і зараз.
Што датычыцца касцельных законаў, то ксёндз Бародзіч выконваў іх няўхільна, чаго патрабаваў і ад парафіян. І гэта не выклікала незадаволенасці, але толькі павагу. Расказвалі, што аднойчы, калі маладыя прыйшлі да шлюбу, ксёндз, убачыўшы, у якім стане была нявеста, сарваў з яе галавы вянок і са словамі: “Табе гарохавы вянок патрэбен, а не міртавы!” – кінуў на падлогу.
Вельмi любiў і ўмеў весела пажартаваць. Клюшчанская парафія мяжуецца з парафіяй Жалядскай, дзе ў той час касцёл быў перароблены пад царкву. Ксёндз Бародзіч і жалядскі бацюшка часам абменьваліся візітамі. Неяк вырашыў ксёндз Бародзіч пакпіць з бацюшкі. Прыехаў ён па нейкай справе ў Жалядзі. Убачыў у двары новую прыгожую брычку. Пасядзелi, абмеркавалi справы, а калі пара ўжо было ехаць дадому, Бародзiч, папярэдне падгаварыўшы фатографа Р. Ляйбовіча, прапанаваў: “Давайце памераемся сiлай! Калi вы ўдваіх звязеце мяне з гары ў брычцы, то я ўсцягну пустую брычку на гару адзін!”.
Папы, не адчуўшы падману, здзiвiлiся такой неразумнай, нават смешнай прапанове i… згадзiлiся. А як толькi ксёндз усеўся ў брычку i папы пацягнулi яго, упрогшыся ў аглоблi, як з-пад зямлi вырас фатограф і зрабіў здымак усёй кампаніі.
У хуткім часе паказваў Бародзіч фатаграфію з каментарам:
– Во, глядзі, ксяндзы на папах катаюцца...
Збянтэжаны бацюшка выпрасіў у Бародзіча здымак, а потым выкупіў у фатографа і негатыў. Гара тая ў сувязі з гэтым выпадкам i сёння называецца Паповай.
Гэтая байка ў розных інтэрпрэтацыях, абрастаючы іншымі падрабязнасцямі, цягнулася ўслед за ксяндзом Бародзічам, куды б ён ні паехаў. Кс. Алесь Юркайць, знаходзячыся па запрашэнню мясцовага пробашча ў Жалядскім касцёле на рэкалекцыях, расказваў гэтую байку, якую, па яго словах, пачуў у Міёрах. Я яму сказала, што ён якраз знаходзіцца ля вытокаў, у “гістарычным” месцы, дзе 100 з лішкам гадоў назад і адбываліся гэтыя падзеі.
Трэба адзначыць, што гэты жарт не прайшоў бясследна для ксяндза Юзафа – папы ўсё-такі паскардзіліся вышэйшаму духавенству, і ксяндза адразу ж пераправілі ў новае месца – у далёкі ад Клюшчан горад Міёры, што на латышскай мяжы.
Ксёндз Юзаф Бародзіч нарадзіўся ў 1861 годзе. У 1893 здаў экзамены ў духоўную семінарыю ў Вільні, якую скончыў у 1897 годзе. Пасля працаваў вікарыем у Лідзе, Новых Троках, Даўгілішках і адзін год быў у Гродзенскім кляштары. У 1900 годзе ён быў у Рыме, дзе Папа Леў ХІІІ блаславіў яго на місіянерскую дзейнасць. Пасля працаваў у Вільні, першы касцёл пабудаваў у мястэчку Жозлі, затым — у Клюшчанах. У 1905 годзе быў накіраваны ў парафію Міёры, дзе на працягу 1905-1907 гг. сабраў сродкі, будаўнічыя матэрыялы і збудаваў цагляны касцёл. Гэты незвычайны ўчынак можна разглядаць як сусветны рэкорд.
Пасля першай святой імшы ў новапабудаванай Міёрскай святыні ў 1907 годзе ён быў арыштаваны і сасланы на Ашмяншчыну, дзе зноў падвергнуўся ганенням царскіх улад. Быў сасланы ў Расію — спачатку ў Яраслаўль, а потым — у Рыбінск. Але і там нейкім чынам узнавіў місіянерскую дзейнасць і таксама пабудаваў касцёл.
Царскі ўрад “у падзяку” саслаў ксяндза Юзафа Бародзіча ў Аглонскі дамініканскі кляштар у Латвіі, куды пасылалі святароў для паправы. Над ім адбыўся суд у Гародні і Пскове і былі вынесены прысуды: адбываць пакаранне ў Дынанбурскай крэпасці. Як ён пасля піша ва ўспамінах “Пан Бог уратаваў мяне на шляху да рабства!”: яму ўдалося ўцячы з цягніка, за расійскі рубель мытнік прапусціў яго на польскую тэрыторыю. Нейкі час Бародзіч выкладаў філасофію ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце. Пасля трапіў у Сан-Рэма, па вобразнаму выразу кс.Бародзіча - “у рай”. Працаваў святаром у касцёле святога Роха і па просьбе сёстраў законных і за іх грошы пабудаваў заезжы двор “Палонія” і невялічкі гатычны касцёл. На пабудове заказаў намаляваць белага арла – сімвал польскай дзяржаўнасці.
Гэтага яму зноў не даравалі. Павезлі спачатку ў Фларэнцыю, а пасля — у Іспанію, адтуль караблём транспарціравалі ў Адэсу на суд. У той час ішла першая Сусветная вайна, і карабель падарваўся на міне. Пасажыраў выратавалі англічане і адвезлі ўсіх у Канстанцінопаль. Там да ксяндза Юзафа Бародзіча дайшла навіна аб тым, што Польшча атрымала незалежнасць.
Тады ён зноў спяшаецца ў Варшаву, дзе збірае грошы галадаючым.
Лёс святара Юзафа Бародзіча быў трагічны: у вольнай Польшчы яго сталі падазраваць у шпіянажы на карысць бальшавіцкай Расіі. Адначасова ў Сан-Рэма распачалі справу аб паходжанні сродкаў на будову маёнтка “Палонія”. Бародзіч таксама меў праблемы з польскай уладай і польскай прэсай. Зноў суд. Выратаванне прыйшло з Міёраў. Парафіяне сабралі ў абарону кс. Бародзіча 5000 подпісаў! Прычым за апальнага ксяндза аддалі свае галасы не толькі католікі, але і праваслаўныя, і яўрэі!
Далейшы лёс ксяндза Юзафа Бародзіча склаўся больш спакойна, але для нас застаецца невядомым, дзе ён далей працаваў і калі адышоў да Пана Бога.
Мы не маем права забываць тое, што зрабіў гэты святар для нашых продкаў і для нас, яго адданую працу на карысць касцёла, пабудаваныя ім шматлікія святыні для праслаўлення Бога. Яго жыццё – гэта прыклад ахвярнага служэння Богу. Яго праца назаўсёды будзе ўпісана ў нашу гісторыю.
Ён дастойны таго, каб мы памяталі яго і былі яму ўдзячны. У Міёрскім касцёле ёсць памятная дошка ў гонар ксяндза Бародзіча, хаця працаваў ён там усяго два гады. Думаю, што ў Клюшчанах, дзе сярод людзей яшчэ жывая памяць аб ім і дзе ён так шмат зрабіў для нашых людзей, юбілей кс. Бародзіча будзе годна адзначаны.
Ксёндз Юзаф Бародзіч быў не толькі святаром, але і чалавекам вялікіх пачуццяў, які блізка браў да сэрца тое, што адбывалася наўкол і частку свайго хвалявання і свайго сэрца пакінуў у сваіх творах. Ім напісана больш за дзесяць кніг.
Пра тое, што кс.Бародзіч напісаў кнігу “На возе і пад возам”, мне некалі расказаў Адам Восіпавіч Мальдзіс. Улічваючы, што ў гэтай кнізе змешчана і вышэйпрыведзенае паданне пра папоў, я вырашыла, што гэта зборнік баек (і не я адна).
І толькі калі стала вывучаць яго біяграфію, зразумела, што кніга аўтабіяграфічная, кс.Бародзіч у ёй апавядаў пра сябе і пра сваё цяжкае, але яркае, насычанае рознымі падзеямі жыццё, якое ён цалкам прысвяціў Богу і людзям.
У яго жыцці было многа высокага і трагічнага. Ён зведаў усё: і ашаламляльны поспех, і любоў парафіян, і прыніжэнні, і ганенні. То падымаўся на вяршыню, то падаў у бездань. Толькі чалавек моцны духам, цвёрда ўпэўнены ў сваёй праваце і цалкам адданы той справе, да якой быў пакліканы, і толькі з Божай дапамогай можна было вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні, не растраціць душэўны запал, веру, чысціню, вернасць ідэалам праўды і дабра.


Іаланта Валуевіч.


--------------------------------
Дзякую за дапамогу ў зборы інфармацыі кс. Алесю Юркайцю з Мосара і кс. Анатолю Захарэўскаму з Міхалішак.