Фотавыстава манаха Карнэлія Консэка ўразіла многіх астраўчан

15:32 / 30.03.2011

Астравец развітаўся з выставай Карнэлія Консэка “Крыніца жыцця і любові – сям’я”.


Так сталася, што адкрывалася выстава без удзелу яе аўтара – таленавітага фотамастака, каталіцкага манаха брата Карнэлія Консэка. Гэта кампенсавала закрыццё: на імпрэзе прысутнічалі не толькі брат Карнэлій, але і Раіса Ігнатаўна Сушко, супрацоўніца часопіса “Дыялог”.
Нагадаем: гэта не першая выстава брата Карнэлія Консэка ў нашым раёне. Восенню 2009 года адбылося першае знаёмства астраўчан з гэтым таленавітым майстрам фатаграфіі: выстава “Пятае Евангелле”, якая працавала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, не пакінула раўнадушным нікога з тых, хто яе наведаў, многія работы да гэтага часу стаяць у вачах. Зараз, дарэчы, гэтая выстава працуе ў Бярэзінскім запаведніку. Цяпер у жыхароў раёна з’явілася цудоўная магчымасць пазнаёміцца з другой фотавыставай Карнэлія Консэка – “Крыніца жыцця і любові – сям’я”.
За час, што працавала выстава ў дзіцячай школе мастацтваў, яе наведалі многія астраўчане і жыхары раёна. Некаторыя былі настолькі ўражаны глыбінёй работ, што даслалі свае водгукі і развагі ў рэдакцыю — некаторыя з іх друкаваліся на старонках “Астравецкай праўды”.
І на закрыцці выставы размова таксама пайшла пра фотаздымкі, гісторыю іх стварэння, пра тое, што каго найбольш “зачапіла”. І адразу стала бачна, што людзей, якія прыйшлі на сустрэчу з аўтарам, хвалюе не столькі прыгажосць, кампазіцыйная дасканаласць, ігра святла і ценю на тым ці іншым здымку, колькі той філасофскі сэнс, што схаваны ў глыбіні яго, не столькі сказанае ці паказанае, колькі недагаворанае. Да прыкладу, Галіну Архіпаўну Вайцяхоўскую, якая ў свой час працавала ў радзільным аддзяленні, найбольш уразілі здымкі цяжарнай жанчыны, якая разам з мужам у радасным захапленні чакае сваё дзіцятка. Тамару Сцяпанаўну Петрусевіч – дыпціх “Станіслаў і Станіслава”, які складаюць дзве работы: адна – дзе героі маладыя, у вясельным убранні, і другая – калі яны ў пажылым узросце. Нашага фотакарэспандэнта Андрэя Памецьку, па яго прызнанню, асабліва ўразілі здымкі дзяцей, асабліва нованароджаных немаўлят. Дарэчы, шмат каго могуць зацiкавiць фотокурсы онлайн.
Цікава, а які здымак найбольш дарагі самому аўтару?
Карнэлій Консэк пагадзіўся з Ганнай Чакур: яму таксама найбольш дарагая работа “Прабач…”: двое ў рознакаляровых дажджавіках з насунутымі глыбока каптурамі прыпалі адзін да аднаго – і не зразумець, хто ў каго і за што просіць прабачэння – ды гэта, падобна, ужо і не важна…
—Мне здаецца, што калі ў сям’і не будзе гучаць гэта слова “Прабач!”, не важна –раз у дзень ці пяцьдзясят, ці аднойчы за ўсё жыццё, калі людзі не навучацца прасіць прабачэння і дараваць адно аднаму – у сям’і не будзе будучыні, — растлумачыў сваё аўтарскае “прачытанне” гэтага здымка брат Карнэлій.
Спыніўся ён і каля здымка, які, на першы погляд, выбіваецца з агульнай “сямейнай” канцэпцыі выставы: маладая яблынька расце паміж дзвюх падпор…
—Часам маладыя лічаць, што яны ўсё ведаюць, усё ўмеюць і парады старэйшых ім зусім непатрэбны. А гэты здымак – як увасабленне таго, што без такой апоры, дапамогі, падтрымкі, жыццёвага вопыту, мудрасці продкаў яны не змогуць вырасці роўнымі, не скрыўленымі рознымі жыццёвымі цяжкасцямі.
Па просьбе наведвальнікаў брат Карнэлій расказаў пра сябе, сваё жыццё – даволі сціпла і з пэўнай доляй гумару. Калі ён адышоўся, гэты расказ дапоўніла Раіса Ігнатаўна – і прысутныя даведаліся пра залатыя рукі брата Карнэлія, які мае чатыры адукацыі і не саромеецца ніякай работы: з любоўю і задавальненнем даглядае сад і кветнікі, пячэ хлеб, фатаграфуе, займаецца з моладдзю ў каталіцкім доме…
Фотавыстава “Крыніца жыцця і любові – сям’я” пабывала ўжо ў многіх гарадах нашай краіны: у Бярозе, Маладзечне, Полацку, Вілейцы, Глыбокім. І з Астраўца яна накіравалася ў далейшую вандроўку па гарадах і вёсках, панесла людзям святло і роздум над адвечнымі сакрэтамі быцця.
А мы будзем чакаць новыя выставы брат Карнэлія, кожная з якіх – адкрыццё нечага новага не толькі і не столькі ў фотамастацтве, колькі ў сабе самім.


Ніна ПАЛЕСКАЯ.