Таіса Сямёнава: "У храме душа абнаўляецца..."

14:47 / 04.02.2011
Вельмі асабістае

Люблю бываць у старых храмах. Адна, без спадарожнікаў, каб ніхто не перашкаджаў пранікацца асаблівай атмасферай, што пануе ў такіх благадатных, намоленых месцах.
Часта пераношуся ў думках у Свята-Праабражэнскі сабор Валаамскага манастыра. Уяўляю, як ступаю па вышчарбленай каменнай падлозе, адпаліраванай тысячамі ног, падоўгу ўглядаюся ў пацямнелы роспіс сцен, у строгія твары святых, настройваюся на шчырую малітву і споведзь. Падыходжу да абраза Багародзіцы, кленчу. Як многа хочацца Ёй сказаць, а не хапае слоў... Раптам лёгкі ветрык прабег па твары – нібыта пяшчотныя пальцы дакрануліся да яго, падбадзёрваючы, і вусны зашапталі малітву –  не з малітоўніка, сваю – гарачую,   выпакутаваную. І запытальна-патрабавальны позірк Прачыстай  робіцца цёплым, даравальным.
Народу ў саборы ўвачавідкі большае. Мужчыны запаўняюць прастору справа, жанчыны – злева. Шмат дзяцей. Яны імкнуцца прабіцца наперад і  дарослыя іх прапускаюць. Правільна – няхай пранікаюцца духам богаслужэння. Шкадую, што няма побач вучняў з нашай Нядзельнай школы – няхай і яны прасякнуліся б. Дома, у родным храме, можа, не атрымліваецца. А тут вунь як шчыра моляцца маленькія  пілігрымы…
Вялізны храм поўны паломнікаў. Але – ні старонняга шолаху, ні шэпту, толькі гучны голас святара лунае пад скляпеннямі ды песнапенні манахаў прабіраюць душу. Невыказнае адчуванне еднасці – з Госпадам, з вернікамі, якіх бачыш першы і  апошні раз – з далёкіх жа краёў прыбылі. З усімі людзьмі на свеце.
Гэтае пачуццё дае толькі сумесная малітва ў храме. На маю думку, ніякая іншая супольная справа не ў стане  моцна звязаць трапяткія струны людскіх душ, даць тое гаючае адчуванне радства, якое губляецца, а можа і згублена ўжо ў звычайным жыцці.
Такая еднасць каштоўная найперш тым, што прыносіць добры і рэальны плён. Мы, праваслаўныя астраўчане,  бачым яго ў  царкве  Святых апосталаў Пятра і Паўла: сумеснымі намаганнямі многіх людзей – настаяцеля айца Георгія Савіцкага, службоўцаў органаў улады, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, прыхаджан храм добраўпарадкоўваецца і ўпрыгожваецца.  Стаяць новыя вокны і дзверы, а галоўнае – у ім  ужо цёпла! Гэта па нашых з вамі сумесных малітвах Гасподзь спадобіў, што ў далёкім Новасібірску знайшліся печкі патрэбнай канструкцыі, добрыя людзі адгукнуліся і даставілі іх у Астравец – за тысячы кіламетраў, праз граніцу, некалькімі відамі транспарту. Устанавілі. Гэты невялікі цуд здзейсніўся, каб мы зразумелі: Бог чуе нас. Стукайцеся – і вам адчыняць. І адчыняйце свае сэрцы ўсім, хто прагне цеплыні і дабрыні, каму патрэбна  парада і падтрымка людская. Маліцеся за бедных і ўбогіх, за адзінокіх, нядужых, пакінутых і адвергнутых.
І прыводзьце ў храм сваіх дзяцей. Не турбуйцеся, што ім цяжка выстаяць доўгую службу. Сямігадоваму чалавечку гэта ўжо па сілах. Падрыхтуйце яго духоўна, настройце на малітву і самі маліцеся шчыра, не адцягваючы ўвагу на нечы шэпт, перамяшчэнні па храме падчас службы, і не заўважыце, як хутка праляціць час. Затое адчуеце, наколькі прыбавіцца ў вас душэўных і фізічных сіл і як добра пойдуць паўсядзённыя справы. Бог вам у дапамогу!