Вандроўкі пілігрымаў: падарожжа па кляштарах Польшчы

07:33 / 06.10.2010

“Ты толькі напішы пра ўсё, што мы бачылі”, – аб гэтым на зваротным шляху мяне папрасіў бадай што кожны з пілігрымаў. Лёгка сказаць… Толькі дзе ўзяць словы, сугучныя ўбачанаму, пачутаму, перажытаму за гэтыя тры дні…
Пілігрымка не заладзілася з самага пачатку – польскае консульства прамарудзіла з выдачай візаў, і замест першапачаткова запланаванага 19 жніўня мы выбраліся ў падарожжа па кляштарах Польшчы толькі 16 верасня. Частка пілігрымаў (пераважна студэнты, у якіх закончыліся летнія канікулы) вымушана была адмовіцца ад паездкі. І наогул адклад не ідзе ў лад – настрой на паездку быў далёкі ад эйфарыі. Не, сапраўды, богаўгодная справа – чаму б Усявышняму было і не падтрымаць нашу ініцыятыву?!
Эх, чалавек-чалавек… Табе б толькі наракаць! А Божанька пасмяяўся з нашых незадаволеных фізіяномій і арганізаваў усё найлепшым чынам. Па-першае, няпроста было б перажыць у дарозе саракаградусную спёку, калі б мы паехалі ў сярэдзіне жніўня. А па-другое, летам, у час агульнага адпачынку ў Кляштарнай Горцы такіх, як мы, пілігрымаў – мост масці. А ў сярэдзіне верасня мы былі адзінымі. І браты-місіянеры Святой Сям’і ўвесь запас сваёй апекі накіравалі на нас…



Горка кляштарная

Ну вось якімі словамі можна расказаць, што адчуваеш, калі раніцай ты прачынаешся ад густога гудзення кляштарных званоў? Нібы нараджаешся нанова. А можа, гэта свет, пакуль ты спаў, старанна памылі, ён зайграў усімі колерамі вясёлкі, і ў сем (!) гадзін раніцы ты бяжыш на імшу з нецярплівай радасцю – як пасля доўгай адсутнасці бяжыш насустрач сваёй маці.
Службу вядуць адразу тры святары, і іх нізкія галасы, адбіваючыся ад сцен касцёла, зліваюцца ў адзін, па тэмбру вельмі блізкі да гучання звона, і пранікаюць глыбока-глыбока. І ўздзеянне малебна патройваецца.
Снеданне ў манаскай трапезнай – гэта таксама малітва. Асабліва калі на сцяне насупраць трапезнічае разам са сваімі вучнямі сам Хрыстос. Няхай сабе толькі на фрэсцы…
Пасля фотасесіі на фоне архітэктурных помнікаў і незлічоных кветак кляштарных клумбаў мы кіруемся ў невялікі гарадок, які прытуліўся да падножжа Горкі. Дыхтоўныя дамы, бездакорна дагледжаныя дворыкі, на брамцы амаль кожнай сядзібы напісана: “Асцярожна, злы сабака”. Вядома, мы не абмінаем магазіны – трэба ж набыць нейкія сувеніры, хаця цэны ў “склепах” з разраду куслівых. Разам з намі гуляе па гарадку пробашч Быстрыцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксёндз Уладзіслаў Гжэгорэк. Ён – адзін з братоў ордэна Місіянераў Святой Сям’і. І прывёз нас фактычна ў свой дом, у госці да сям’і.
Асабіста для мяне ксёндз Гжэгорэк – адзін з самых духоўна глыбокіх людзей. Сапраўдны святар, які годна нясе сваё пакліканне на працягу вось ужо 50-ці гадоў. Філосаф, інтэлігент да кончыкаў пазногцяў, высокаадукаваны мудрэц, імшальныя казанні якога вучаць паству думаць. А яшчэ працаголік, што, нягледзячы на салідны ўзрост і сан, заўсёды гатовы і пасеяць, і прапалоць, і абкасіць…
І пры ўсім гэтым айцец Уладзіслаў застаецца вельмі сціплым чалавекам, які найбольш камфортна адчувае сябе, калі застаецца па-за межамі агульнай увагі. І толькі на зваротнай дарозе з гарадка ў кляштар ён дазваляе сабе крыху расслабіцца – з радасцю і нават з гонарам за братоў дэманструе нам узорны парадак, у якім місіянеры ўтрымліваюць сваю гаспадарку.
Яшчэ толькі раз наш ксёндз дазволіць сабе выдзеліцца з агульнай масы пілігрымаў – на кляштарных могілках, дзе знайшлі сабе месца вечнага спачыну яго настаўнікі і сябры. Пра кожнага з іх ён скажа хаця б некалькі цёплых слоў.
…У кляштар мы патрапілі якраз у посны дзень – у пятніцу, але братоў-місіянераў гэта ніколькі не збянтэжыла, і на абед ў якасці другой стравы мы атрымалі бульбяныя “камякі” ў спалучэнні з… гатаванымі яйкамі і вострай на смак падлівай з гарчыцы і хрэну – ну і смаката! А можа, абед атрымаўся такім смачным таму, што яго з намі падзялілі айцец Уладзіслаў і айцец Анжэй, які загадвае эканамічным бокам кляштарнага жыцця?..
…Кампот даўно дапіты, а мы не спяшаемся ўстаць з-за агульнага стала. Распытваемся пра асаблівасці быцця ў манастыры, расказваем пра сябе, просім адказаць на пытанні духоўнага плана, якія нас хвалююць, можа, не першы год. На сур’ёзныя пытанні – гэткія ж і адказы, а на жартоўныя… Мне вельмі імпануе манера манахаў “падначваць” адзін аднаго – мякка, весела, небалюча. Дарэчы, у падобным ключы жартуюць паміж сабой (і з іншымі) гудагайскія кармяліты.
Мы прадстаўляліся ксяндзу Анжэю, і, калі чарга дайшла да мяне, ён, даведаўшыся, што я па прафесіі журналіст, параіў напісаць пра пробашча Уладзіслава.
–Ужо, – прызналася я. – Напісала двойчы пра ксяндза Гжэгорэка – і абодва разы атрымала за гэта ад яго “вымувку”.
–???
–Пані Аня кожны раз змяшчала ў газеце маю фатаграфію, – тлумачыць брату наш пробашч. – Заходжу потым у краму – а мяне пазнаюць…
–Ох, і горкае жыццё ў вас, супер-зорак… – наўмысна цяжка ўздыхае айцец Анжэй.
…Пасля абеду настаяцель кляштара праводзіць для нас экскурсію: па касцёлу, да цудатворнай крынічкі, якая забіла ў гэтым месцы ў 1079 годзе, калі мясцовым пастушкам з’явілася Найсвяцейшая Дзева Марыя, па кляштарным музеі, большасць экспанатаў якога – або падарункі пілігрымаў, або сувеніры, прывезеныя братамі-місіянерамі з экзатычных краін.
У 18.00 у кляштарным касцёле распачнецца вечаровая імша, на якую мы збіраемся адразу пасля вячэры. Але манахі, параіўшыся між сабой, вырашаюць падарыць нам Крыжовую дарогу па старажытнаму парку – з яго 500-гадовымі дубамі, з рэшткамі былога паганскага капішча. Па парку, цішыня якога набліжаецца да абсалютнай.
А вечарам браты запрашаюць нас на фільм. Яго знялі місіянеры іх ордэна, што працуюць у Паўднёвай Амерыцы. Індзейцы з расфарбаванымі тварамі і целамі, упрыгожанымі пер’ем і лісцем, славяць на сваёй гартаннай мове Багародзіцу… Святар прыходзіць наведаць дзяўчыну, якая памірае ад СНІДу. Родны бацька хворай дакранаецца да яе толькі ў гумовых пальчатках, а ксёндз бярэ высахлую руку дзяўчыны ў сваю, неабароненую, і ў амаль ужо нежывых вачах паміраючай на імгненне ўспыхвае ўдзячнасць… Жменька цукерак, падзеленая паміж напаўгалоднай цёмнаскурай дзятвой – слодыч прыслала місіянеру яго маці з Польшчы…
Наступны ранак зноў разбудзіла песня званоў. Развітальную імшу служылі адразу пяць святароў – маліліся, каб лёгкай была наша дарога дадому і па жыцці. Снеданне, пасля якога кожны з нас атрымлівае ад кляштарнага брацтва харчовы дарожны пакет. Кароткія зборы…
Настаяцель развітаўся з намі яшчэ ў трапезнай. Праводзіць нас да аўтобуса выйшаў наш (ужо!) айцец Анжэй. Самадзейныя артысты з польскага хору “Рэха Астраўца” вітаюць яго “пажагнальнай” песняй. Наш белы “Мерседэс” ужо амаль кранаўся, калі брат Анжэй заскочыў у салон:
–Я хацеў спытацца… Я… Мне цікава: Ашмяны далёка ад вас?
–Суседзі, – крычым мы. – Крыху больш за 20 кіламетраў.
–Там мае карані. Дзед вымушаны быў уцячы, калі прыйшлі саветы, інакш не пазбегнуў бы Сібіры. Тата тады быў яшчэ зусім дзіця. Але ўсё жыццё памятаў і мне завяшчаў помніць…



Ліхень

Пра Ліхень звычайна гавораць з прыдыханнем: “Ах, якая там прыгажосць!” Што не можа крыху не раздражняць. Хаця жаданне там пабываць ад гэтага ніколькі не змяншаецца.
Мы прыехалі! Аўтобус спыніўся на гіганцкай стаянцы, напалову забітай машынамі і аўтобусамі. Выходзім, робім некалькі крокаў і… Ах, якая прыгажосць!
Ліхеньскі кляштар братоў марыянаў самы вялікі ў Польшчы, а яго новы касцёл – адзін з самых грандыёзных у Еўропе. Санктуарыум Маці Божай Ліхеньскай. Вышыня яго вежы 141,5 метра, на самы верх якой вядуць 762 прыступкі. А на Плошчы перад базілікай можа змясціцца адразу 100 тысяч чалавек. Змясцілася і больш, калі ў 1999 годзе на асвячэнне будоўлі святыні ў Ліхень завітаў Ян Павел ІІ.
Мы абходзім базіліку наўкола, і калі апынаемся нарэшце перад цэнтральным уваходам, Андрэй, юнак, якому двойчы давялося пабываць у Рыме, усклікае: “Дык гэта ж зусім як у Ватыкане!...”
Зайсці ў гэту веліч адразу ў мяне не стае сіл. Зрэшты, у некаторых іншых – таксама. Па незлічоных алеях і алейках мы ідзём у накірунку парафіяльнага касцёла. Кожны найменшы закуток дагледжаны і аформлены кветкамі і камянямі. Недзе на паўдарозе паміж базілікай і касцёлам – гара, складзеная з валуноў. Гэта Галгофа. Дарога да вяршыні з устаноўленым на ім крыжам ідзе па спіралі, на паваротах якой – брамы-стацыі, а ў глыбіні – гроты: у адным з іх Хрыста бічуюць, у другім – прыбіваюць, у трэцім – Вераніка выцірае яму твар…
Спусціўшыся з каменнай Крыжовай гары, кіруемся ў касцёл святой Дароты, потым – на бераг возера. Далей аглядаем Дом пілігрыма, любуемся архітэктурна-ландшафтным афармленнем плошчы. І толькі насыціўшы зрок да адказу, рашаемся падняцца ў базіліку.
Памеры агаломшваюць – тры тысячы вернікаў адначасова могуць сесці ў лаўкі і яшчэ сем тысяч чалавек – маліцца стоячы. Усё навокал у пазалоце – блішчыць, зіхаціць, ззяе…
Зрэшты, асабліва доўга разглядацца не прыйшлося – праз некалькі хвілін распачаўся арганны канцэрт.
Арган і ў звычайным храме – звышз’ява, а тут... У базіліцы яго бліскучыя трубкі расстаўлены з трох бакоў, і магутныя гукі аргана, узмоцненыя дасканалым акустычным афармленнем, гучаць адразу адусюль. Неперадавальнае ўражанне. Нібы ты трапіў раптам у цэнтр Сусвету, і ўся гармонія яго гукаў абрынулася персанальна на цябе. А калі ўжо ў канцы канцэрта загучала знакамітая фуга Баха… Госпадзі! Божа мой! Як мог звычайны смяротны чалавек напісаць ТАКУЮ музыку?! Фуга літаральна раздавіла кожнага з прысутных, здзёрла ўсё наноснае. І не стала ні каралёў, ні ўбогіх. Перад Божым алтаром выратаваныя мелодыяй Баха кленчылі проста Ягоныя дзеці – аднолькавыя і роўныя…
А потым была імша. Служыць яе разам з двума іншымі ксяндзамі выйшаў наш пробашч. І неабсяжная прастора базілікі выразна сагрэлася – нас, пілігрымаў з Беларусі, віталі ў самым вялікім санктуарыуме Польшчы! Айцец Уладзіслаў чытаў Евангелле. Пра тое, як Езус аднойчы падчас пілігрымкі пакінуў бацькоў і застаўся ў храме паслухаць вучоных людзей…
…Я б засталася таксама. Падобнае жаданне, якое жыве ўва мне шмат гадоў, за гэтыя тры дні разраслося да памераў душы. Засталася б. Толькі не ў шыкоўным “Ах, якая прыгажосць!” Ліхені. Шчыра прызнаюся, я не ведаю, ці патрэбна Богу ажно такая раскоша… Я б засталася ў маленькім. Кшталту Кляштарнай Горкі, дзе ўсё так проста і шчыра. Дзе прысутнасць Бога адчуваецца амаль што фізічна...


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.