Як нас выхоўвалі атэістамі...

13:29 / 05.08.2010
11212
2

У 1907 годзе айцец Іаан Кранштацкі звярнуўся да Расіі з такімі словамі: “Паглядзіце, як свет набліжаецца да канца; глядзіце, што дзеецца ў свеце: паўсюдна бязвер’е, знеслаўленне Творцы, паўсюдна дзёрзкае сумненне і нявер’е, непакорлівасць; паўсюдна ў свеце ўзбраенне і пагрозы вайною; у многіх мясцовасцях Расіі і іншых краінах востры голад; паўсюдна пагрозы смерці, паўсюдна забойствы, усюды раскраданні казны і прыватнай ўласнасці; паўсюдна страта імкнення да высокіх духоўных інтарэсаў, бо амаль увесь інтэлігентны свет страціў веру ў бяссмерце душы і вечныя яе ідэалы або імкненне да богападобнай дасканаласці, аб якой Гасподзь гаворыць: “Будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” (Мф. 5,48); паўсюдна адно імкненне да задаволення жывёльных страсцей; прага карыслівасці і абагачэнне драпежніцкім чынам; агульнае п’янства, непавага ад шлюбных саюзаў. Глядзіце і самі мяркуйце: свет канчаткова разбэшчаны і патрабуе рашучага абнаўлення, як некалі праз сусветны патоп”. Абнаўленне адбылося праз дзесяць гадоў, яле яно не стала ачышчальным патопам...


Бальшавікі, перамогшы ў кастрычніку 1917 года, з лютасцю абрынуліся на рэлігію: адразу пасля рэвалюцыі распачалі знішчэнне свяшчэннаслужыцеляў і храмаў і расцягнулі гэты працэс на дзесяцігоддзі. Такім бязлітасным спосабам бязбожная камуністычная ўлада разбурала самае святое – веру ў Бога, на якой – на павазе і захаванні запаведзяў Божых – грунтавалася жыццё многіх пакаленняў нашага народа.
Адначасова разгарнулася шырокамаштабная “прамыўка мазгоў”. У вялікай масе сваёй цёмнаму, малапісьменнаму люду ўнушалася, што рэлігія – гэта зло, цемрашальства, забабоны і прымхі, якім не месца ў новым жыцці, а служыцелі культу – ворагі пралетарыяту і перадавога сялянства.
Цікава бывае часам пагартаць даўнейшыя, гадоў 60-х – пачатку 80-х, падшыўкі газет. Многія публікацыі з цяперашняга пункту гледжання здаюцца аднастайнымі і да пазяхання нуднымі, некаторыя абураюць і смешаць адначасова. Асабліва ўражваюць “тапорнасцю” напісання артыкулы на атэістычныя тэмы, якімі літаральна стракацелі тагачасныя газеты. Яны ў вялікай колькасці рассылаліся афіцыйнымі тэлеграфнымі агенцтвамі ТАСС і БелТА для абавязковай публікацыі і падаваліся звычайна пад рубрыкамі “Гутаркі атэіста”, “Для веруючых і няверуючых”, падпісваліся нярэдка прыдуманымі псеўданімамі тыпу А. Сцяпанава.
У адным з ліпеньскіх нумароў “Астравецкай праўды” за 1981 год наткнулася на чарговую “Гутарку атэіста”, аўтар якой крытыкуе звычаі асвячэння на Пасху чырвоных яек (у прынцыпе, канкрэтную газету можна было і не называць – публікацыі такога кшталту шырока тыражаваліся ва ўсіх друкаваных выданнях). Наўрад ці аўтар хаця б у агульных рысах быў знаёмы са Свяшчэнным Пісаннем, а можа і прабег па яго па дыяганалі ды наўмысна перакруціў, разлічваючы на недасведчаных чытачоў (што было праўдай – дзе мы ў той час маглі ўзяць літаратуру духоўнага зместу? Добра, калі набожныя бабулі хавалі ў куфэрках Біблію і чыталі ціхенька сваім дзецям, а потым унукам). Словам, цытую: “Рытуал “асвячэння” ідзе з даўніны глыбокай. Яйкі старажытныя людзі лічылі сімвалам чарадзейнай таямнічай сілы. І каб яны былі больш пажаданымі духам, абмазвалі крывёю. Так на Русі з’явіўся звычай фарбаваць на Вялікдзень яйкі. І цяпер набожныя людзі прытрымліваюцца яго, прапануюць знаёмым і блізкім фарбаванае яйка ад напасцяў і хвароб.” Што гэта – трызненне вар’ята, адгалоскі язычніцтва, разлік на дурняў? Напэўна, усё разам.
Між тым, паданне часоў зараджэння хрысціянства сведчыць, што святая роўнаапостальная Марыя Магдаліна, дайшоўшы з пропаведдзю да Рыма, паднесла рымскаму імператару Тыберыю яйка са словамі: “Хрыстос Уваскрэсе!” Імператар усумніўся ў тым, што нехта памёршы можа ўваскрэснуць, бо белае яйка не можа стаць чырвоным. І тут жа адбыўся цуд: белае яйка на вачах стала афарбоўвацца ў чырвоны колер. Пасля хрысціяне засвоілі гэты Пасхальны сімвал. З яйка зараджаецца новае жыццё. Шкарлупіна ўяўляе сабой труну, а чырвоны колер указвае адначасова на пралітую Ісусам Хрыстом кроў за нас, людзей, і на царскую годнасць Збавіцеля (на ўсходзе ў старажытнасці чырвоны колер лічыўся царскім). Пры чым тут чарадзейства, засцярога чырвоным яйкам ад напасцяў і хвароб?
Варта прывесці яшчэ адну цытату з тае самае “Гутаркі атэіста” (пад загалоўкам “Звычаі не роўныя”): “Многія звычаі, якія маюць рэлігійны характар, захоўваюцца нават няверуючымі. Жывучасць іх можна лёгка растлумачыць. У быт чалавека вякамі ўкараняліся абрады хрышчэння, прычашчэння, вянчання, адпявання нябожчыкаў, розныя формы калыму, “умыкання” нявест і г.д. Зноў штучна прывязаны адно да аднаго хрысціянскія таямніцы і народныя звычаі мусульманскіх народаў.
Зрэшты, у такой мешаніне быў пэўны сэнс і зусім канкрэтная задача: заблытаць разгубленага чытача, збіць з панталыку, каб не заглыбляўся ў свае душэўныя перажыванні, канчаткова адышоў ад веры ў Госпада, але пранікнуўся верай ў неакрэсленую “светлую будучыню”. Да супярэчнасцей атэістычнага светапогляду чалавек сам не стане “дакопвацца”. А супярэчнасці былі. Бо што ўяўляў сабой той самы “ маральны кодэкс будаўніка камунізму”, як не перайначанае, перакручанае хрысціянскае веравучэнне аб дабры і зле, узаемаадносінах паміж людзьмі ў сям’і, калектыве, грамадстве. Значыць, не ўсё дрэннае было ў рэлігіі, сёе-тое можна было нават скампіляваць для камуністычнай ідэалогіі?
І ўсё ж дзесяцігоддзі ваяўнічага атэізму не маглі не прынесці сваіх агідных пладоў. У людскіх душах прараслі чорныя ўсходы зайздрасці, злосці, абыякавасці, непавагі да старых і слабых, сквапнасць і прага нажывы любой цаной. А колькі рапладзілася на свеце розных чарадзеяў, варажбітак, экстрасенсаў, “яснабачцаў” і лжэ-прарокаў, што ўсімі спосабамі стараюцца аблытаць павуцінай падману як мага больш неразважлівых і даверлівых. Вернемся да выказванняў айца Іаана Кранштацкага, перачытаем...
Зрэшты, асабіста мне атэістычнае “выхаванне” памагло выпрацаваць стойкае непрыняцце рознага роду забабонаў, прымхаў, “дрэнных прыкмет”. Я не вяртаюся назад, калі дарогу перабяжыць чорная кошка. Не абураюся, калі насустрач трапіцца жанчына з пустымі вёдрамі. Не зачытваюся пустымі гараскопамі, бо абяцанкі іх – брахня брахнёй. Лёс кожнага чалавека акрэслены Госпадам і толькі Усявышні вырашае, каго на якую сцежку скіраваць.


Аўтарскі ракурс Таісы СЯМЁНАВАЙ.

Комментарии
0
Гость
Интересно, а сама Т.С. во время СССР была кем? неужели верующим прихожанином церкви? и неужели была "знаёма са Свяшчэнным Пісаннем"?
Имя Цитировать 0
0
Гость
А ніхто не забараняў у тыя часы верыць у бога. Толькі прыходзілася гэту веру прыхоўваць. трыба было жыць,дзяцей гадаваць. Сапраўдных атэістаў было напэўна няшмат. Мой бацька быў партыйным работнікам, не апошнім чалавекам ў раёне, але праз тыдзень мы ездзілі ў Вільню, хадзілі ў касцёл, святкавалі релігійныя святы. Канешне цяжка было супрацьстаяць дзяржаўнай машыне. А за фарбаваныя яйкі ў тыя самыя 1981-1983 гады нас у пачатковай школе выстаўлялі на лінейцы, і ганьбілі. Вытрымаў 1 чалавек, які цяпер ксёндз. Цікава, як бы павёў сябе Вася, каб яму прышлося жыць у тыя часы.
P.S. А "Гутарка атэіста", чамусьці нагадвае пампезныя оды мірнаму атаму Э.Свірыда. Чалавеку трэба жыць, працаваць, дзяцей гадаваць, вось і піша.
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений