Па святых мясцінах: Паўночны Афон

15:36 / 23.06.2010
12244

Адчуванне рэальнасці, здаецца, дагэтуль поўнасцю не вярнулася. Душой, думкамі і нават у снах я яшчэ там, на Валааме. Блукаю па камяністых лясных сцежках, дыхаю непараўнальнай чысціні смалістым халаднаватым паветрам, любуюся з гары краявідамі Ніканаўскай бухты, дзе застыў у чаканні пасажыраў прыгожы белы цеплаход. Ціха ступаю па брукаваным двары перад велічным Спаса-Прэабражэнскім саборам – побач з гэтай святыняй недарэчнымі і нават грэшнымі падаюцца гучная гамана, смех і цокат абцасаў... У святой вечнасці адчуваеш сябе малюсенькай пясчынкай і – дзіўна! – ніколькі не засмучаешся з-за ўласнай драбнаты.
Нешта падобнае я спазнала 27 гадоў таму, і таксама на Валааме.


"О, дивный остров Валаам!»






У 1983 годзе на Валаам вазілі толькі турыстаў. Пра паломніцтва і гаворкі не вялося, бо святой абіцелі на востраве ўжо не было – пасля савецка-фінскай вайны ў сакавіку 1940 года яе насельнікі перабраліся па лёдзе Ладажскага возера ў Фінляндыю, забраўшы з сабой асноўныя манастырскія каштоўнасці, і заснавалі там Новавалаамскі манастыр.



Цеплаходы прычальвалі ў Ніканаўскай бухце, на беразе турыстаў адразу бралі пад сваю апеку экскурсаводы і вялі па камяністых дарогах і сцежках вострава, паказвалі цудоўныя краявіды, праслаўленыя пэндзлем І. І. Шышкіна, М. К. Клодта, А. І. Куінджы, Ф. М. Іардана, апетае многімі паэтамі і кампазітарамі хараство Паўночнага Афона. Пасёлак, дзе размяшчаліся асноўныя пабудовы і храмы колішняга манастыра, турыстам не паказвалі – там з 1953 года (і да 1984-га) знаходзіўся Дом інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. У ім дажывалі свой век людзі са страшэннымі калецтвамі, некаторыя з іх пажадалі лічыцца без вестак прапаўшымі, каб не абцяжарваць сабой родных. Зразумела, што медперсанал аберагаў іх ад залішняй, часам бесцырымоннай увагі прыезджых...
Нашай групе пашанцавала з гідам: жанчына не проста да драбніц ведала гісторыю Валаама, яна беззапаветна любіла гэты суровы паўночны край. І, несумненна, была веруючай, бо толькі чалавек з Богам у душы мог з такім болем гаварыць, зноў і зноў перажываючы як асабістую бяду, пра трагічныя моманты ў мінулым вострава і абіцелі.
Трагічнае нярэдка становіцца вынікам бязглуздага. Напрыканцы 60-х гадоў нечыя “разумная” галава дадумалася адкрыць на востраве турыстычную базу. На самых маляўнічых палянках і ўзгорачках наставілі зборна-шчытавых домікаў, прыстасавалі для турысцкіх патрэб жылыя карпусы і гаспадарчыя памяшканні Васкрасенскага скіта і ўключылі аб’ект у экскурсійныя маршруты. За дні адпачынку на востраве ледзь не кожны “дзікі” турыст стараўся знайсці сабе адмысловы сувенір, ну вось хаця б кавалачак шалёўкі з прыгожай каплічкі 1906 года пабудовы, фарба на якой здавалася свежай нават праз многія дзесяцігоддзі. Гэтая знявечаная святыня яшчэ доўга стаяла перад вачыма. Сэрца маё горача жадала, каб усё вярнулася на кругі свае – закіпела манаскае жыццё, загаіліся нанесеныя жорсткасэрднымі бязбожнікамі раны на святым целе Валаама. Збылося!



І вось я зноў на Валааме. Паломніцкую паездку арганізаваў настаяцель храма Святога Георгія ў г. Лідзе айцец Расціслаў Салаўёў, і мне па Божай міласці пашчасціла ў яе трапіць.
Больш за тысячу кіламетраў шляху і амаль суткі на яго пераадоленне. Сонны карэльскі горад Прыазёрск, пустая манастырская прыстань, цеплаход “Востраў Валаам” манастырскага ж параходства, які ў вызначаны час прыгрэў нас яшчэ на шэсць гадзін у сваім цёплым нутры, галавакружна абдаючы пахам кавы.
За бортам сее густы халодны дождж, прабірае да касцей вецер, таму на палубе доўга не пастаіш. Але на пару хвілін выбягаю – зблізку паглядзець на Ладагу. У туманнай дымцы праглядваюцца астравы – на Ладажскім возеры іх многа, адзін Валаамскі архіпелаг налічвае звыш 50. І вось нарэшце паказваецца храм-маяк Нікольскага скіта, а затым з-за павароту выступае велічная пяцігаловая грамадзіна Свята-Прэабражэнскага сабора – сэрца Валаамскай абіцелі. Па вузкім трапе сыходзім на бераг цэнтральнай сядзібы манастыра. Нас сустракае экскурсавод паломніцкай службы Ізольда Фёдараўна Баброва. Яна будзе шчыра і сардэчна апекавацца намі на працягу двух дзён, цярпліва трываючы нашы нешматлікія, але ўсё ж затрымкі – хочацца часам пастаяць у задуменні ля Паклоннага Крыжа, падзівіцца жывучасцю соснаў, што чапляюцца аголенымі каранямі за скалы. Спачатку завядзе ў музей, экспанаты якога апавядаюць аб спрадвечных турботах астравіцян, затым – у манастырскую гасцініцу на пастой і ў трапезную – для падмацавання сіл. Потым – экскурсія ў Нікольскі скіт.

«Смиренных иноков обитель»...






Гісторыя Валаамскага Спаса-Прэабражэнскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра налічвае не адно стагоддзе. Паводле легенды, святы апостал Андрэй Першазваны, несучы святло вучэння Хрыстовага славянам і скіфам, дайшоў да Валаама, разбурыў тут паганскія капішчы і ўстанавіў каменны крыж. Заснавальнікамі манастыра былі святыя прападобныя Сергій і Герман, валаамскія і ўсёй Расіі цудатворцы (памяць 28 чэрвеня/11 ліпеня і 11/24 верасня). Аб іх вядома няшмат. Мажліва, яны былі грэчаскімі місіянерамі.



Некаторыя царкоўныя гісторыкі адносяць час заснавання Валаамскага манастыра да Х стагоддзя. У 1182 годзе нятленныя мошчы святых Сергія і Германа былі прывезены з Ноўгарада, дзе інакі ўкрывалі іх ад шведаў, што часта нападалі на востраў, і пахаваны ў скале, над якой затым быў пабудаваны Спаса-Прэабражэнскі сабор. Зараз рака з мошчамі знаходзіцца ў ніжнім храме сабора, асвечаным ў гонар прападобных айцоў заснавальнікаў, і многія тысячы паломнікаў пакланяюцца ім. Кожны з нас таксама аддаў даніну павагі святым Сергію і Герману, узнёсшы свае малітвы.
У ХІУ-ХУІ стагоддзях Валаамскі манастыр быў буйнейшым на поўначы Русі. Яго насельнікі жылі па строгаму агульнажыцейнаму статуту, перапісвалі кнігі, гаспадарылі. Манастыру належала нямала зямель у паўночна-заходнім Прыладажжы, рыбныя лоўлі ў Ладажскім возеры, саляная варніца на Белым моры. Выхадцы з Валаама сталі заснавальнікамі многіх паўночных абіцеляў. Гэта прападобныя Савацій Салавецкі, Арсеній Канеўскі, Аляксандр Свірскі і іншыя. Маскоўскія цары Васілій ІІІ, Іван Грозны адорвалі манастыр каштоўнымі акладамі для ікон, царкоўным начыннем, адзеннем і кнігамі.
Але росквіту манастыра перашкаджалі пастаянныя набегі шведаў, яны рабавалі і разбуралі яго, забівалі манахаў, якія не аказвалі ворагам супраціўлення, бо далі клятву не браць у рукі зброю. Пасля паспяховай для Расіі вайны 1590-1595 гадоў некаторы час манастыр зноў адбудаваўся і працвітаў. Але ў 1611 годзе шведы ў чарговы раз напалі на паўночныя расійскія землі, і па Сталбаўскім дагаворы, заключаным у 1617 годзе, увесь Карэльскі павет, у тым ліку і востраў Валаам, адышоў да Швецыі.
Вярнуў Расіі гэтыя землі Пётр І падчас Паўночнай вайны, якая скончылася Ніштацкім мірным дагаворам у 1721 годзе. Але яшчэ ў 1715 годзе цар выдаў указ будаваць на востраве манастыр. Валаамская абіцель яшчэ не раз цярпела заняпад і адраджалася, нібыта птушка Фенікс.
У 1789 годзе мітрапаліт Ноўгарадскі і Санкт-Пецярбургскі Гаўрыіл прызначыў будаўніком у Валаамскі манастыр іераманаха Назарыя з Сароўскай пустыні. Строгі і непрыступны з выгляду, айцец Назарый умеў словам выклікаць да сябе прыхільнасць. Гаварыў ён заўсёды шчыра, праўдзіва, парады засноўваў не на сваім розуме, а на слове Божым. Пакорлівы сам, айцец і іншых навучаў найперш пакоры.
За дваццаць гадоў праўлення ігумен Назарый занава адбудаваў манастыр. Пры ім былі дакладна вызначаны манастырскія ўладанні, складзена геаграфічная карта астравоў Ладажскага возера, што належалі Валаамскай абіцелі. Склаў план каменнага будаўніцтва, запрасіў майстроў з Яраслаўля. Цэгла выраблялася на востраве, з мармуровага шчэбеню перапальвалася вапна. Вакол сабора ў 1785-1801 гадах быў збудаваны ўнутраны чатырохвугольнік кялейных карпусоў, звязаны з царквой Успення Прасвятой Багародзіцы на паўночным баку і царквой Свяціцеля Мікалая Цудатворцы на паўднёвым. Пачалося ўзвядзенне знешняга карэ, капліц. Але галоўнае, ігумен Назарый па ўласнаму праекту ўзвёў першы каменны Спаса-Прэабражэнскі сабор. Ніжняя царква ў 1789 годзе была асвечана ў імя святых прападобных Сергія і Германа, верхняя, Прэабражэння Гасподняга, у 1794 годзе. У гэты ж час быў пабудаваны першы скіт у імя Усіх Святых. У яго ёсць свая асаблівасць: з моманту адкрыцця і да сённяшняга дня за яго агароджу забаронена заходзіць жанчынам. Паломнікі заходзяць у храм толькі адзін раз у год – у прастольнае свята Усіх Святых, разам з Крыжовым ходам.
Наладзіўшы справы, айцец Назарый папрасіў у настаяцельства звальнення і на тры гады сышоў у сваю адзінокую пустынь, якая знаходзілася на цяперашніх Ігуменскіх могілках. Зараз на гэтым месцы стаіць крыж з памятным надпісам. А нейкі час таму здарыўся цуд: бурай абламала тоўстую галіну дрэва, што расце непадалёк, і на зломе выявіўся нерукатворны абраз прападобнага Назарыя. А сам ён знайшоў вечнае супакаенне там, адкуль прыйшоў – у Сароўскай абіцелі.



У кожнага манастыра – свая непаўторная асаблівасць. І перш чым стаць манахам, чалавек аб’язджае некалькі манастыроў, жыве там, працуе, выбірае той, дзе адчувае сябе найлепш і застаецца на паслушэнне. А раней яшчэ трэба было спытаць блаславення ў бацькоў на манаскае жыццё. І аднойчы напачатку ХІХ стагоддзя на Валааме з’яўляецца незвычайны паслушнік па імені Даміян Конанаў. Лёс яго быў зусім не гладкім. У двухгадовым узросце хлопчыка не ўтрымала на руках сямігадовая сястрычка, малы ўпаў і зламаў ножку. Яна дрэнна зраслася, і Даміян не мог удзельнічаць у дзіцячых забавах. Затое з малых гадоў праявіў набожнасць. Падросшы, ён вырашыў адправіцца з аднавяскоўцамі з Цвярской губерні ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Там паспавядаўся, прычасціўся святых Боскіх Таямніц, адслужыў малебен і заўважыў, што нага яму больш не баліць. І даў Даміян зарок: пайсці ў Салавецкі манастыр. Па дарозе зазірнуў на Валаам і вельмі збянтэжыўся, калі на беразе два іераманахі пакланіліся яму ў пояс. “Айцы, гэта я павінен вам кланяцца. За што ж вы мне паклоны аддаяце?” А тыя адказваюць: “Знайдзі на Валааме старца Яўфімія, можа, ён табе што-небудзь скажа”. А старэц Даміяну зямны паклон кладзе. І зноў ён у вялікай разгубленасці: што гэта значыць? А старэц смяецца: “Вось папрацуй месяц, можа, што і скажу”. Прайшоў месяц, і старэц пытае прышэльца: “Ну як, падабаецца табе манастырскае жыццё?” “Так, па душы прыйшлося”. “Дык паспяшай да бацькоў сваіх, папрасі блаславення і вяртайся”. Блаславіў бацька сына на пострыг і наказаў з любоўю да ўсіх ставіцца і заўсёды памятаць: усё добрае і дрэннае, што ты зробіш іншым, да цябе і вернецца.
І стаў Даміян паслушнікам, працаваў на стайні, шыў абутак і рукавіцы, пёк хлеб і шмат чаму яшчэ навучыўся. Прыняўшы ў 1825 годзе пострыг пад імем Іаана Дамаскіна – у гонар вядомага багаслова, жыў спачатку з іншымі манахамі, затым – сем гадоў у скіце Усіх Святых і сваёй пустыньцы. Але ў 20-м стагоддзі пустынька была разбурана, зараз з травы ледзь праглядваюць камяні падмурка ды схіляюцца над імі тоўстыя лістоўніцы, якія яшчэ памятаюць вялікага падзвіжніка...

«Рука Божественной судьбы воздвигла здесь обитель рая»...






Напрыканцы 1838 года імператар Мікалай І загадаў замест “няздольнага” ігумена Веніяміна, які ледзь не разваліў манастырскія парадкі, прызначыць настаяцелем Валаамскага манастыра пустынніка айца Дамаскіна. Простага манаха ў Пецярбургу за два месяцы пасвяцілі ў ігумена, што выклікала нездавальненне старэйшай браціі.
Перш-наперш ігумен Дамаскін навёў дысцыпліну, запатрабаваў ад браціі строгага выканання статута і сам быў прыкладам. На ўсе галоўныя пасты прызначыў асабіста выбраных манахаў, а тых, хто сур’ёзна парушаў статут, выганяў з абіцелі. І сталі насельнікі працаваць ад зары да зары на славу Госпаду.
Пры айцы Дамаскіну Валаамскі манастыр дасягнуў вышынь свайго росквіту. Ігумен запрасіў на востраў акадэміка архітэктуры А.М. Гарнастаева, стваральніка знакамітага рускага стылю, у якім былі ўзведзены найпрыгажэйшыя храмы Валаама. У першую чаргу перабудавалі любімы скіт Дамаскіна – Усіх Святых – узвялі зручныя кялейныя карпусы, вакол цудоўнага двухпавярховага храма. Затым з’явілася гасцініца для паломнікаў, паток якіх ўзрос з адкрыццём рэгулярных параходных зносін з Санкт-Пецярбургам. У манастыра з’явілася свая флатылія.
Валаамская абіцель станавілася жаданай для людзей, што выбіралі шлях служэння Госпаду постам, працай і малітвай. Колькасць насельнікаў расла, разам з працаўнікамі і паслушнікамі часам дасягала некалькіх тысяч. Далёка не ўсё, патрэбнае для абіцелі, можна было завезці з мацерыка. Таму Іаан Дамаскін з браціяй развівалі манастырскую гаспадарку. Тут працавалі 36 разнастайных заводаў – цагельны, свечны, ганчарны, каменясечны, пілавальны; майстэрань – швейная, рымарская, кавальская, гадзіннікавая, ткацкая... Потым з’явілася жывёлаводчая ферма, ад Ладагі быў пракладзены водаправод – падведзены трубы да новага кялейнага корпуса, на першым паверсе яго ўстанавілі паравую машыну, якая качала ваду на ферму і ў жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Ферма была абуладкавана такім чынам, што ззаду на другі паверх завозілася сена, а на першым стаялі стойлы.
Нашмат складаней было наладзіць земляробства. Прыродны ўрадлівы слой глебы складаў ўсяго дзесяць сантыметраў у таўшчыню, глыбей пачыналіся скалы. Але манахі – народ цярплівы. У спецыяльна выбраных месцах яны назапашвалі здробненую валаамскую пароду габрадыабаз, розныя дробныя адходы жыццядзейнасці, пустазелле і пакідалі на дваццаць гадоў перагніваць, а затым дастаўлялі глебу на агароды. Тады ж узнікла і да гэтага часу існуе паломніцкая традыцыя — прывозіць на Валаам мяшэчкі з зямлёй.



Рукі манахаў і запрошаных працаўнікоў тварылі цуды: на Валааме пладаносілі сады, быў нават гадавальнік, саджанцы з якога прадаваліся, расла розная гародніна. А тутэйшыя гарбузы вагой звыш 30 кілаграмаў атрымалі залатую ўзнагароду на сельскагаспадарчай выстаўцы ў Парыжы. Прадуктаў хапала і для насельнікаў абіцелі, і для паломнікаў, і для хворых у бальніцах, і для сірот у прытулках...
Больш за сорак гадоў вёў манастырскі карабель сваёй умелай рукой айцец Іаан Дамаскін. Напрыканцы жыцця ён цяжка хварэў, але мужна пераносіў пакуты. Апошнім тварэннем ігумена Дамаскіна стала каменная царква ў імя Прападобных Айцоў, што ў посце і подзвігу праззялі, на новых могілках, названых Ігуменскімі, дзе неўзабаве быў пахаваны і ён сам.

«Как властелин своих желаний, во всей красе явилась ты»...
У плане прыродных “сюрпрызаў” Валаам застаецца верным сабе. У свой першы, даўнейшы, прыезд на востраў давялося і памокнуць, і памерзнуць, і пагрэцца. І ўсё за адзін дзень, уяўляеце? Цяпер было тое самае, толькі ўжо ў падзеле на два дні. Мы прыбылі ў абіцель папалудні, хуценька рассяліліся ў гасцініцы для паломнікаў, паабедалі ў трапезнай надзвычай смачнымі, хаця і поснымі – Пятроў пост! – стравамі і адразу рушылі на экскурсію. Ізольда Фёдараўна павяла нас ў Нікольскі скіт.
Нікольская царква, якую называюць жамчужынай Валаама, пабудавана па праекту ўпамянёнага ўжо А.М. Гарнастаева. Спачатку на яе месцы ўзвышалася капліца-маяк, добра бачная ўсім караблям, што ішлі па Ладазе. У буру тут запальвалася святло, каб падарожнікі лягчэй арыентаваліся. Аднойчы на востраў завітаў вядомы рускі купец Мікалай Кузьміч Саладоўнікаў. Яму настолькі спадабалася гэтае месца, што ён пажадаў пабудаваць на месцы капліцы храм у гонар апекуна ўсіх падарожнікаў і памочніка ўсіх хрысціян Мікалая Цудатворцы. Храм атрымаўся надзвычай прыгожы і хараства свайго не страціў дагэтуль, хоць і перажыў разам з абіцеллю не самыя лепшыя часы. Мы адчулі незвычайную энергетыку і стараліся трошкі даўжэй пабыць у яго сценах. Экскурсавод прыспешвала: пара вяртацца, каб паспець на вячэрняе богаслужэнне, але на гэты раз дождж быў на нашым баку. Зрэшты, на службу мы не спазніліся.
Дзіўная справа: стомленыя доўгай дарогай, нявыспаныя, мы, розныя па ўзросту, порстка і молада крочылі за экскурсаводам, нібыта падляталі, хаця дарогі на востраве складаныя. Назаўтра нам выпала ў гэтым пераканацца.
У манастырах богаслужэнні пачынаюцца рана, і ледзь развіднела, мы паспяшаліся ў Спаса-Прэабражэнскі сабор. Ён быў ужо амаль поўны – следам за намі на востраў прыбыло яшчэ некалькі паломніцкіх груп. Углядваюся ў строгія вочы Багародзіцы на Валаамскай іконе, якая вярнулася дадому з Санкт-Пецярбурга ў 1996 годзе. Малюся. Прашу здароўя для родных мне людзей. Прыезджыя святары па блаславенні настаяцеля храма прыступілі да спавядання паломнікаў. Прыстроілася ў чаргу да маладжавага, але строгага з выгляду бацюшкі. А наблізіўшыся, сустрэла такі цёплы, прыязны погляд – і адразу адышлі прэч страхі і сумненні, што перашкаджалі раскрыць душу ў шчырым пакаянні. А як апісаць душэўны стан пасля прыняцця Святога Прычасця?!.
Што за цуд Боскі – Валамская вясна! Расцвітае ўсё разам і адразу: бела-ружовым колерам – яблыневыя сады, закладзеныя яшчэ пры Дамаскіну, густа-ліловым – кусты бэзу, якія таксама памятаюць дотык яго рук, белай пенай абліта чаромха на скалістых берагах астраўных азяркоў, чырванню палаюць цюльпаны на клумбах, навыперадкі з імі цягнуцца да сонца духмяныя нарцысы... А прыродныя “лужынкі” незабудак, белыя зорачкі заечай капусты (кісліцы) на лясных палянках... Усё гэта буяе, спяшаецца ўхапіць сваю долю Божай благадаці і шчодра раздорвае людзям сваё хараство.
Вяртлявы “бусік” даставіў нас на манастырскую ферму, мы палюбаваліся сытымі рагулямі з вялікім вымем, якіх дзве паслушніцы гналі на пашу, лёгенька паляпваючы далонямі па круглых баках. Ніякіх дубцоў ці пугаў, ні грубых вокрыкаў – проста пастаральная ідылія! Дарэчы, аднавіць ферму пасля заняпаду савецкіх часоў дапамаглі фіны. Тут была свая перадгісторыя. У першай палове 20-га стагоддзя ў Васкрасенскім скіце размяшчалася школа-прытулак для сірот і дзяцей з бедных сем’яў, пераважна фінскіх – да 40-х гадоў Валаам належаў Фінляндыі.Тут іх навучалі па праграме народнай школы, а таксама – духоўным спевам і іканапісу. Дзеці павырасталі, наладзілі жыццё, але ніколі не забывалі прытулак свайго дзяцінства. Калі ў 90-я гады дазволілі наведванне Валаама іншаземцам, адзін з былых выхаванцаў прыехаў сюды, пахадзіў па дарагіх сэрцу мясцінах, а вярнуўшыся дадому, стварыў спецыяльны фонд. На сабраныя грошы набыў і даставіў на востраў 15 высокаўдойных кароў. З іх і пачалося аднаўленне фермы. Пазней фіны зманціравалі тут малочны мінізавод, які забяспечвае зараз прадукцыяй не толькі насельнікаў манастыра, але і спажыўцоў на мацерыку – яна прадаецца на падвор’ях у Маскве і Санкт-Пецярбургу, Прыазёрску і Сартавале.
Пасля пераводу дома інвалідаў у новыя карпусы на мацярык, у горад Сартавала, туды перабралася асноўная маса абслугоўваючага персаналу і проста працаздольнага насельніцтва. На Валааме засталіся пераважна пенсіянеры ды энтузіясты, не згодныя мяняць свой сціплы астраўны побыт і спрадвечную цішыню на шум і тлум горада. Ёсць і юныя валаамцы – тут працуе школка-дзевяцігодка. Але калі хочаш атрымаць належную адукацыю – мусіш ехаць у горад. Ды прыжываюцца там не ўсе, многія лёсы складваюцца драматычна...
Востраў заварожвае цішынёй. Здаецца, усё тут робіцца рукамі нябачных працаўнікоў: абкошваюцца лугі і лясныя паляны, прыбіраюцца паваленыя бурай дрэвы, раўняюцца дарогі... З 1979 года Валаам – гісторыка-культурны запаведнік, таму тут аберагаюцца не толькі артэфакты, але і маляўнічыя куточкі прыроды, што натхнялі ў свой час выбітных мастакоў.
Ізольда Фёдараўна вядзе нас па адноўленых скітах: Канеўскім, царква на якім ў савецкія часы была разабрана, з драўніны на цэнтральнай сядзібе збудавалі свінарнік, рэшту пасеклі на дровы. Але Богу было заўгодна, каб захаваліся чарцяжы, па іх і адбудавалі новую. На падыходзе да Гефсіманскага скіта я пазнала каплічку з жоўтай шалёўкай – тую самую, што пацярпела ад варварства турыстаў. Яна аднаўляецца! Ды свяціцца імя тваё, Госпадзі!
У 2005 годзе Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ ўрачыста асвяціў пасля доўгіх гадоў рэстаўрацыі, бо зараз неабходна лицензия на реставрацию, верхні храм Свята-Прэабражэнскага сабора, а таксама – Васкрасенскі храм, ніжні прыдзел якога асвечаны ў імя апостала Андрэя Першазванага, а верхні – у гонар Уваскрэсення Хрыстовага. Уладыка любіў Валаам з дзяцінства, хлапчуком двойчы пабываў тут. Зараз побач з саборам узвышаецца яго бюст.
Акрамя Ігуменскіх могілак (дарэчы, яны сталі месцам апошняга супакаення і мірскога насельніцтва вострава) на цэнтральнай сядзібе знаходзяцца яшчэ адны – Брацкія. Ім выпала асабліва горкая доля: у савецкія часы на гэтым месцы пасялковыя ўлады вырашылі зрабіць сквер для адпачынку інвалідаў. Амаль усе магілы зраўнялі з зямлёй, надмагільныя пліты, якія змаглі выдраць, выкарысталі на будаўнічыя мэты... Цяпер замест іх на шырокім газоне па паўночнай традыцыі пакладзены звычайныя акруглыя камяні – галубцы, пафарбаваныя белым, з імёнамі інакаў. Рассыпаны па зялёнай траве каменні як слёзы смутку па загубленай памяці...
Валаам не хацеў мяне адпускаць, пабуджаў пахадзіць яшчэ па звілістых сцежках, пабыць сам-насам з сабой у нябачнай прысутнасці Госпада. Ды праграма паездкі была разлічана ўсяго на два дні, вольнага часу не прадугледжвала. Таму закончу свае нататкі простай малітвай: спадобі, Госпадзі, пабываць у гэтым святым месцы яшчэ раз!
Для падзагалоўкаў у гэтых нататках абраны радкі Валаамскага гімна, напісанага манахам Пятром (Міхайлавым) і дапоўненага ігуменам Харытонам (Дунаевым) у 1940-я гады. Яго для нас, паломнікаў, на развітанне выканаў вакальны ансамбль “Валаам” у невялікай цэркаўцы ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла, якая на час рэстаўрацыі стала канцэртнай залай. Гэты калектыў радуе гледачоў цудоўным акапэльным выкананнем духоўнай і лепшых узораў свецкай музыкі, а заадно продажам сваіх дыскаў збірае ахвяраванні на аднаўленне храма.
Взыграйте, горы Валаама,
Под сенью милости Творца.
От нас – хвала Ему и слава
Да будет вечно без конца!


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений