"Народных" и "образцовых" коллективов на Островетчине стало больше

15:00 / 21.11.2014
На мінулым тыдні ў сям’і «народных» і “ўзорных” калектываў Астравеччыны адбылося папаўненне, прычым адразу двайное.

Званне “народнага тэатра” абараніла самадзейная трупа з шасці нераўнадушных жанчын, якія амаль два гады назад аб’ядналіся пад кіраўніцтвам рэжысёра Вольгі Турубаравай, каб паставіць дабрачынны спектакль па п’есе Ніны Рыбік “Калядны вечар”. За гэты час п’еса вытрымала пятнаццаць пастановак у розных гарадах і вёсках – і паўсюль спектакль праходзіў з нязменным поспехам. Званне “Народнага”, які атрымала трупа, – заслужаная ацэнка працы ўсіх удзельнікаў спектакля.

Не менш паспяхова пры абароне звання “Узорнага” выступіў духавы аркестр навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. Калектыў у апошні час перажываў даволі цяжкі перыяд: з-за хваробы свайго ранейшага нязменнага кіраўніка Аляксандра Антановіча, які некалі стварыў гэты калектыў і прывёў яго да звання “Узорнага”, аркестр пэўны час заставаўся “сіратой”. “Пахілены сцяг” падхапіў музыкант-энтузіяст Уладзімір Кляпцоў – і здолеў падрыхтаваць навучэнцаў школы мастацтваў так, што ў аўтарытэтнай камісіі, якая прыехала з Гродна, не засталося ніякіх сумненняў наконт таго, ці варты дзіцячы духавы аркестр высокага звання “Узорнага”.

Віншуем “народных” і “ўзорных” астравецкіх артыстаў з высокім і заслужаным званнем!

----------------------------------

Таццяна АЛЬШЭЎСКАЯ.