Сотрудники Островецкого МЧС провели для детей Мальского УПК экскурс в профессию спасателя

19:00 / 17.04.2014
У сапраўднасці слоў «лепш адзін раз убачыць» упэўніліся навучэнцы, выхаванцы і педагогі Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы. Падчас планавага вучэння ў аграгарадку Малі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый г. Астравец завіталі ў госці і ў нашу ўстанову адукацыі. Яны правялі для дзяцей цікавы і пазнавальны экскурс у прафесію выратавальніка.

Нас не спужаў нават сцюдзёны вецер, які гуляў у кронах дрэў. З задорам і дапытлівасцю сачылі дзеці за выратавальнікамі і разглядалі іх вялікую машыну. Выратавальнікі пазнаёмілі з укамплектаваннем машыны МНС, паказалі, як за 15 секунд супрацоўнікі апранаюць спецыяльныя касцюмы перад выездам на вызаў. Старэйшым навучэнцам дазволілі нават прымераць гэтыя касцюмы: усе, як адзін, прыйшлі да высновы, што яны важаць шмат кілаграмаў. Увазе дзяцей былі прадстаўлены і касцюмы, у якія апранаюцца выратавальнікі пры пажары і якія вытрымліваюць тэмпературу да 800 градусаў. А спецыяльныя прыстасаванні, якімі карыстаюцца выратавальнікі, вызвалі сапраўдны гул здзіўлення: многія і пра назву іх ні разу не чулі.
Усе прысутныя з задавальненнем прымяралі і каску пажарніка. Але самыя вялікія ўражанні дзеці атрымалі, калі ім дазволілі забрацца ў кабіну машыны. Кожны, не выключаючы дзяўчынак, смела паглядаў зверху ўніз – і радаснымі ўсмешкамі свяціліся твары дзяцей. Гэта быў першы крок на шляху кожнага з дзіцяці да выбара сваёй прафесіі. Можа, праз некалькі гадоў нашы дзеці таксама будуць расказваць сваім малодшым сябрам пра прафесію выратавальніка.
Дзякуй вам за спакойнае жыццё без пажараў і лёгкай вам працы, нашы выратавальнікі.


Жанна Лаўрэцкая,
дырэктар Мальскага НПК.