Тепло и комфортно прошла литературная встреча в рамках семинара для школьных библиотекарей

08:00 / 18.04.2014
Звычайна сустрэчы з літаратарамі (не істотна, гэта масцітыя майстры слова або толькі пачынаючыя) носяць маналагізаваны характар. А вось літаратурная сустрэча, якая адбылася ў Варнянскіх яслях-садзе-сярэдняй школе ў рамках семінара для школьных бібліятэкараў “Інфармацыйна-рэкламная дзейнасць у бібліятэцы як аснова арганізацыі работы па далучэнні да чытання” дала штуршок да сапраўднага дыялогу, які прайшоў у цёплай і сяброўскай атмасферы.

Гаспадыня літаратурнай гасцёўні – бібліятэкар Марыя Іванаўна Александровіч – нагадала ўсім прысутным, што на варнянскай зямлі тварылі такія майстры паэтычнага і празаічнага слова, як Стары Улас, Часлаў Навіцкі, Рычард Бялячыц, Валянціна Коўтун... А вучні старэйшых класаў дапамаглі бібліятэкару крыху бліжэй пазнаёміць усіх прысутных з творчасцю аўтараў, якія нарадзіліся або жылі ў мястэчку.
Паэтычную эстафету перахапілі госці. Алена Гануліч падзякавала адміністрацыі школы і арганізатарам семінара за запрашэнне на сустрэчу. Па меркаванні аўтаркі, адкрыты дыялог, у якім удзельнічае “літаратурная трыяда” – творца, чытач і бібліятэкар, – дае кожнаму ўдзельніку літаратурнага працэсу магчымасць быць пачутым і пачуць.
Таццяна Раткевіч, якую многія варнянцы (і не толькі!) ведаюць па народным ансамблі народнай песні “Світанак”, парадавала бібліятэкараў, настаўнікаў і вучняў новай байкай. Людміла Кухарэвіч пранікнёна прачытала вершы са свайго новага паэтычнага цыкла. Радкі, дзе лёгкія і лірычныя, а дзе хітрасплеценыя і філасофскія, неслі ў сабе адвечныя тэмы: вясна чалавека і прыроды, разважанні ў посце, месца чалавека ў жыцці.
У другой частцы літаратурнай сустрэчы гасцей чакалі пытанні. У які час лепш пішацца? Улюбёныя і нелюбімыя тэмы? Натхненне – гэта міф або рэчаіснасць?.. А бібліятэкараў і вучняў чакалі не толькі адказы і пытанні ад гасцей, але і актыўнае абмеркаванне ўвогуле літаратуры і праблем матывацыі да чытання ў школьнікаў.
Гэтая сустрэча, нягледзячы на, так бы мовіць, “хатні” фармат, адкрыла для кожнага ўдзельніка “літаратурнай трыяды” нешта новае…
Творцы прадаўжаюць тварыць, школьныя бібліятэкары – несці слова да дзяцей, а дзеці – чытаць… Нягледзячы ні на што.


Алена ЮРКОЙЦЬ