Допуск специалистов к выполнению квалифицированной работы определяется законодательством

11:00 / 18.04.2014
Перад кіраўнікамі арганізацый і спецыялістамі кадравых службаў часта паўстаюць пытанні аб правамернасці прыёму на кваліфікаваную работу асоб, якія не маюць адпаведных дакументаў аб прафесійнай падрыхтоўцы. Парушэнні наймальнікамі патрабаванняў працоўнага заканадаўства выяўляюцца падчас праверак дзяржаўных інспектараў працы.

Допуск работніка да выканання кваліфікаванай работы вызначаны заканадаўствам. Пры прыёме на работу, у адпаведнасці з пунктам 3 часткай 1 артыкула 26 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, наймальнік абавязаны патрабаваць, а грамадзянін прад’явіць наймальніку дыплом аб адукацыі або дакумент аб адпаведным навучанні. Прыём на работу без гэтых дакументаў не дапускаецца. Парушэнне такога патрабавання можа прывесці да сур’ёзных, а часам і трагічных вынікаў.
Мінулым летам майстар аднаго з вытворчых прадпрыемстваў, які меў вышэйшую тэхнічную адукацыю, не справіўся з кіраваннем аўтапагрузчыка і быў смяротна траўмаваны. Расследаванне паказала: у работніка адсутнічала пасведчанне на права кіравання аўтапагрузчыкам. Гэта і стала адной з прычын няшчаснага выпадку. Варта заўважыць, што за паўгода да трагедыі дзяржаўны інспектар працы ў выніку праведзенай праверкі забараніў эксплуатацыю аўтапагрузчыка з-за адсутнасці на прадпрыемстве асоб, якія б мелі права ім кіраваць. Нягледзячы на выданае прадпісанне, работы па пагрузцы і выгрузцы пры дапамозе аўтапагрузчыка прадпрыемства не спыняла. Акрамя таго, у гэтай арганізацыі не было ўстаноўлена адпаведнага кантролю за бяспечнай эксплуатацыяй аўтапагрузчыка, а таксама не былі прыняты меры па замацаванні пагрузчыка за вадзіцелем, які мае адпаведную падрыхтоўку.
Такія сітуацыі недапушчальныя і для астатніх катэгорый работнікаў, якія эксплуатуюць абсталяванне, машыны і механізмы, – станочнікаў, слесараў, апаратчыкаў, машыністаў і г.д. Гэтае патрабаванне прадугледжана і Міжгаліновымі агульнымі правіламі па ахове працы.


------------------------------------------------
А. СТАСІЛОВІЧ, галоўны дзяржаўны інспектар працы.