Аварийность на дорогах Островетчины

10:00 / 15.02.2013

Як прайшоў мінулы год па дарогах Астравецкага раёна? Павялічыўся ці зменшыўся ўзровень аварыйнасці ў параўнанні з папярэднімі гадамі? Якія праблемы ўдзельнікаў дарожнага руху застаюцца найбольш вострымі?


За больш падрабязнай інфармацыяй і адказамі на гэтыя пытанні мы звярнуліся да начальніка ДАІ Астравецкага РАУС У.І. Александровіча.


– Як можна ахарактарызаваць сітуацыю на дарогах у мінулым годзе?
– Калі параўнаць з 2011 годам, летась назіраўся рост аварыйнасці. У 2011-м годзе было зарэгістравана 16 дарожна-транспартных здарэнняў, а ў мінулым – 18. Павялічылася пры гэтым і колькасць пацярпеўшых: 6 чалавек загінулі (на аднаго больш, чым у 2011 годзе) і 16 атрымалі цялесныя пашкоджанні розных ступеняў цяжкасці (у 2011 – 14).
Калі раздзяліць ДТЗ па відах, то даводзіцца канстатаваць, што найбольш было наездаў на пешаходаў (7 выпадкаў). Таксама ў мінулым годзе адбылося 5 аварый з перакульваннем аўтамабіляў, 2 выпадкі лабавых сутыкненняў, па адным наездзе на веласіпедыста, на дзікую жывёлу, на перашкоду і спадарожнае сутыкненне.


А што наконт нецвярозых аматараў пакатацца за рулём?
– Па іх віне колькасць аварый зменшылася: у 2011 годзе іх было 8, у 2012 – 6. Праўда, былі зарэгістраваны два ДТЗ з удзелам вадзіцеляў мотатранспарту, якія таксама былі нецвярозымі. Больш таго, адзін з іх быў пазбаўлены правоў, а другі меў вадзіцельскае пасведчанне толькі з катэгорыяй “В”.


– На якіх участках дарогі часцей за ўсё адбываліся аварыі?
– На жаль, дарожна-транспартныя здарэнні – з’ява непрадказальная, а дарога часам падкідвае нечаканыя і сур’ёзныя экстрэмальныя сітуацыі. І каб можна было зараней іх прадугледзець і прадухіліць, думаю, сітуацыя на дарогах у нас была б амаль ідэальнай. Але дарога, умовы надвор’я і іншыя фактары дыктуюць свае правілы. Таму нельга адназначна сказаць, што толькі нейкія пэўныя ўчасткі на дарогах раёна з’яўляюцца небяспечнымі.
Калі ж прааналізаваць аварыйнасць у мінулым годзе, то найбольш высокай яна была на дарогах рэспубліканскага значэння Р-45 (Полацк – Глыбокае – мяжа Літвы) – тут адбылося тры ДТЗ і Р-52 (Газа – АЭС – Астравец) – дзве аварыі. Небяспечная сітуацыя назіралася і ў Астраўцы – на дарогах горада здарыліся тры ДТЗ. Сярод сельскіх Саветаў найбольш аварый адбылося ў Астравецкім – 4, найменш – у Падольскім і Спондаўскім сельсаветах – па адной. На тэрыторыі Гудагайскага, Міхалішкаўскага і Кямелішкаўскага сельскіх
Саветаў аварый наогул не было зарэгістравана.


– Хто часцей за ўсё вінаваты ў здарэннях на дарозе і якія асноўныя прычыны гэтага?
– Большасць аварый (72%) адбылося па віне вадзіцеляў аўтатранспарту. Аднак гэта не азначае, што пешаходы на праезджай частцы заўсёды паводзяць сябе бездакорна. Пра гэта сведчаць і асноўныя прычыны аварый: няправільна выбраная хуткасць руху нецвярозымі вадзіцелямі і парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходамі. І пешаходы, і вадзіцелі павінны разумець, што ў складанай сітуацыі трэба “не правы качаць”, а праявіць разуменне, дапамагчы і пастарацца разам знайсці выйсце з найменшымі праблемамі і затратамі.


– Што трэба рабіць усім, кааб зменшыць аварыйнасць на дарогах?
– Адным з важнейшых фактараў уплыву на абстаноўку дарожнай бяспекі з’яўляецца актыўная прафілактычная работа з насельніцтвам, якую мы стараемся праводзіць. Рэгулярна змяшчаем прафілактычныя артыкулы ў раённай газеце, праводзім тэматычныя выступленні ў працоўных калектывах і школах. Аддзяленнем ДАІ сумесна з аддзелам адукацыі арганізавана работа па папярэджванні дарожна-транспартнага траўматызму. У кожнай школе створаны атрады юных інспектараў дарожнага руху, вясной праводзіцца конкурс на лепшы з іх. Дзейнічаюць добраахвотныя дружыны па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху. На працягу года праводзіліся розныя прафілактычныя мерапрыемствы: “Увага – дзеці!”, “П’яны пешаход”, “Спыні бяду”, “Асцярожна – пешаход”, “Прышпіліся!” і іншыя. Для прымусовага зніжэння хуткасці на найбольш небяспечных перакрыжаваннях дарог былі абсталяваны, так званыя “спячыя паліцэйскія”.
А для бяспекі пешаходаў пераходы абсталяваныя дадатковым асвятленнем. Напрыклад, на працягу мінулага года было ўстаноўлена 10 пражэктараў з металагалагенавымі лямпамі.
Словам, мы стараемся растлумачыць, папярэдзіць, прадухіліць аварыі. Аднак у любым выпадку ўсяго гэтага будзе недастаткова, калі людзі будуць ігнараваць уласную бяспеку і працягваць парушаць правілы, паводзіць сябе некарэктна на дарозе. Удзельнікі дарожнага руху павінны зразумець, што толькі пры супрацоўніцтве, узаемаразуменні і ўзаемадапамозе мы можам зменшыць аварыйнасць на дарогах.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.