Воіны-інтэрнацыяналісты Астравеччыны сустрэліся с выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба

17:00 / 16.02.2023
Шчымлівыя ўспаміны, цікавыя пытанні, цёплыя пажаданні і адзін агульны запавет: ведаць гісторыю, ушаноўваць памяць і ахоўваць Радзіму – у СШ №3 адбылася сустрэча воінаў-інтэрна­цыяналістаў з выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба.  

 Яны сядзелі па розныя бакі стала: юнакі і дзяўчаты ў кадэцкай форме і чацвёра мужчын, на пінжаках якіх зіхацелі ўзнагароды. Першыя ведаюць пра вайну ў Афганістане толькі з кніг і фільмаў, другія – яе ўдзельнікі, сведкі тых далёкіх, але памятных падзей.
– У апошні час ёсць спробы перапісаць нашу гісторыю і замяніць гераічныя ўчынкі нашых продкаў іншымі, хлусівымі паняццямі, – адзначыў госць мерапрыемства намеснік камандзіра вайсковай часці 7434 Міхаіл Халшчэўнікаў. – Але сёння ў вас, шаноўныя выхаванцы клуба, ёсць цудоўная магчымасць пагутарыць з сапраўднымі героямі – вось яны, сядзяць насупраць вас. Вось з каго трэба браць прыклад. Вось наша жывая гісторыя, якую трэба ведаць і шанаваць.

І пачаўся дыялог пакаленняў. Напачатку крыху нясмелы, сарамлівы, нешматслоўны, а затым усё больш адкрыты і эмацыянальны. Воіны-інтэрнацыяналісты ўзгадалі некаторыя моманты сваёй службы, паказалі фотаздымкі і ўзнагароды. А калі выхаванец клуба Данііл Турчын пранікнёна выканаў песню пра дэсантніка, Уладзімір Алізар, які служыў у гэтых войсках, папрасіў у юнака гітару. І зайгралі струны, і паліліся словы, напісаныя воінамі падчас Афганскай вайны: «Все необычно в маленькой столице: и сумрак гор, и робкий голос птицы, и улиц просыпающихся гул. Я вспоминаю утренний Кабул…» 



Слова воінам-інтэрнацыяналістам
Уладзімір Драган:
– Я служыў у войску ў 1981-83 гадах: да 1983 года не ведаў, што накіруюць за межы СССР. Калі Радзіма сказала «трэба», існуе толькі адзін адказ: «ёсць!». Мы ехалі ў Афганістан не ваяваць, а дапамагчы сяброўскай краіне, мы выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. І так павінен рабіць кожны грамадзянін.

Вацлаў Казлоўскі:
– Там я прайшоў школу жыцця, зведаў, што такое армейскае брацтва, многаму навучыўся. І калі б паўстала пытанне, ці ісці служыць у Афган зноў, адкажу без сумнення: безумоўна.  

 Аляксандр Андралойць:
– Няпраўда, што абсалютна ўсе мясцовыя жыхары ненавідзелі савецкіх салдат. Не варта аб усіх меркаваць аднолькава, людзі ўсюды розныя. У мяне быў афганскі сябар, які па гадах больш падыходзіў у бацькі, ён многаму мяне навучыў. Душманы знішчылі амаль усю яго сям’ю. 

Уладзімір Алізар:
– У Афганістане зразумеў, што такое сапраўднае сяброўства. Мы былі адным цэлым і стаялі адзін за аднаго гарой. У мяне там быў таварыш, мы разам праходзілі «вучэбку». За 2 месяцы да дэмбеля яго «паклаў» снайпер. Але ў маім сэрцы ён жывы заўсёды.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич