Астраўчане расказалі, якімі дасягненнямі беларускай навукі мы можам ганарыцца

16:29 / 26.01.2023
За тры дні выставу навукова-тэхнічных дасягнен­няў «Беларусь інтэлектуальная» наве­дала больш за тысячу чалавек з многіх рэгіёнаў краіны. Суайчыннікам ёсць што паказаць і чым пахваліцца, пачынаючы ад медыцыны і сельскай гаспадаркі і заканчваючы штучным інтэлектам. У жыхароў Астравеччыны карэспандэнт запытаў, якімі дасягненнямі беларускай навукі мы можам ганарыцца і чаму.

Тамара Батура, мастацкі кіраўнік харэаграфічнага калектыву «Чаромушкі»:

5454.jpg

– Галоўнае багацце кожнай краіны – людзі. Лічу, што ў Беларусі моцная акадэмічная школа, шмат профільных вышэйшых навучальных устаноў, аддзяленняў Нацыянальнай акадэміі навук. Адным з галоўных дасягненняў – прыемна, што гэта непасрэдна тычыцца і нашага раёна, – лічу развіццё атамнай энергетыкі. Будаўніцтва на Астравеччыне першай Беларускай АЭС дало штуршок да прытоку ў наш рэгіён вузкіх высокакваліфікаваных кадраў і імклівага развіцця інфраструктуры горада. Беларусь, хоць і невялікая па памерах, але ў ёй шмат высокаінтэлектуальных, творчых, актыўных жыхароў, як сярод моладзі, так і сярод людзей старэйшага пакалення. 

Павел Маркун, настаўнік гісторыі:

2454221.jpg

– За шматгадовую гісторыю беларускай нацыі ў нас сфарма­валіся навуковыя школы, шмат вучоных, прозвішчы якіх вядомы ва ўсім свеце. Яны распрацавалі шэраг буйных тэарэтычных і прыкладных накірункаў у хіміі і біялогіі, матэматыцы і фізікі, навук аб чалавеку, Зямлі, космасе, гуманітарных і сацыяльных галін. 
Лічу, што найбольш яркім дасягненнем бела­рускай навукі, якім мы можам і павінны ганарыцца, была, ёсць і будзе беларуская мова. Яна заўсёды выступала фактарам фар­мі­равання нацыянальнай самасвядомасці і аб’яд­ноўвала людзей у этнічнае цэлае. Беларуская літаратурная мова – багатая і самабытная. Яна з’яўляецца важнейшым элементам культуры і неад’емным скарбам народа. Гэта так званы беларускі генетычны код.

Святлана Дзенісенка, страхавы агент:

56565.jpg

– Галоўнай падставай для гонару лічу развіццё медыцыны. Беларускія хірургі на чале з Алегам Румо першымі на постсавецкай прасторы сталі рабіць перасадкі органаў. З адкрыццём у Астраўцы цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы і з’яўленнем сучаснага медыцынскага абсталявання ў нашым горадзе робяць унікальныя аперацыі на сэрцы, праводзяць высокаякасную дыягностыку.
Па роду дзейнасці пастаянна стасуюся з літоўцамі, палякамі. Яны ў захапленні ад нашай малочнай прадукцыі. Беларускае – гэта не толькі смак, але і якасць. Хваляць згушчонае малако, сыры, тварагі, сумесі для дзіцячага харчавання.  

Віктар Штыковіч, пенсіянер (без фота):
– У выпуску навін глядзеў сюжэт пра гэтую выставу. Нашы беларускія вучоныя малайцы. Калі Юрый Гагарын у 1961 годзе паляцеў у космас – радаваўся увесь Савецкі Саюз. Ніколі не падумаў бы, што праз некалькі дзесяцігоддзяў гэта стане магчымым і ў нашай роднай Беларусі. Ведаю, што вядзецца падрыхтоўка беларускага касманаўта да палёту на міжнародную касмічную станцыю. Больш таго, вызначаны шэсць прэтэндэнтак на званне першага беларускага касманаўта ў гісторыі нашай суверэннай краіны. Нам ёсць кім і чым ганарыцца!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: