Ворнянские школьники посетили пациентов Михалишковской больницы

14:48 / 13.01.2023

564321.jpg

На зімніх канікулах варнянскія школьнікі паспелі не толькі адпачыць, а знайсці час для добрых спраў. Запрасіўшы Дзеда Мароза і Снягурку, дзеці наведалі настаўніка-ветэрана Таццяну Волкаву і пацыентаў Міхалішкаўскай бальніцы сястрынскага догляду.

– З Таццянай Нікіфараўнай сувязь трымаем пастаянна: наведваем, віншуем са святамі, дапамагаем, калі трэба, – расказвае Вікторыя Мятлеўская, па сумяшчальніцтву Снягурачка. – У навагоднія дні таксама зайшлі: снег пачысцілі, гасцінцы прынеслі, пагаманілі па душах, яна ўзгадала сваё нялёгкае ваеннае дзяцінства.

У Міхалішках Дзеда Мароза, Снягурку і іх памочнікаў пацыенты не чакалі – для іх гэта была прыемная неспадзяванка.

5432.jpg

4231.jpg

Наведвальнікі зрабілі гасцінцы самі: купілі ўсё неабходнае для булачак, а школьныя повары дапамаглі іх напячы. Свежыя, духмяныя, пульхныя, яны нагадалі цеплыню роднага дома адзінокім людзям, якія знаходзяцца ў бальніцы. Хто плакаў, хто ўсміхаўся, хто ўзгадваў дом…

– Каб вы бачылі як пацыенты бальніцы сустракалі Дзеда Мароза са Снягурачкай: вершы ля ёлачкі расказвалі, песні спявалі! Да тых, хто не можа хадзіць, мы наведаліся ў палату – нікога не абмінулі ўвагай, – гаворыць Вікторыя. – Думаю, большасць дзяцей не ведаюць, наколькі важна адзінокім людзям не толькі матэрыяльная, а і душэўная падтрымка.

– Было бачна, што нам рады, а мы шчаслівыя ад таго, што змаглі падарыць хвіліны радасці – хоць крыху разнастаіць будні пажылых людзей, магчыма, вярнуць кагосьці думкамі ў лепшыя часы свайго жыцця, – кажуць школьнікі.

12112.jpg

Фота з архіва Варнянскай СШ.

Текст: