Чем год минувший запомнился, рассказали островчане

17:31 / 30.12.2022
Амаль суткі засталіся да надыходу новага года. А чым запомніўся адыходзячы? Можа, спраўдзіў надзеі ці падарыў прыемныя неспадзяванкі – пра тое карэспандэнт распытаў у жыхароў раёна.

Роспіс у мароз, а вяселле ў спёку
Прапанову рукі і сэрца Арцём Катовіч зрабіў каханай пад Новы год – 31 снежня. Распісалася пара праз год.

01.jpg

– Я тады вучылася на апошнім курсе ўніверсітэта, Арцём толькі прыйшоў з войска і яшчэ не ўладкаваўся на працу. Вяселле хацелі рабіць самі, а для гэтага патрэбны былі грошы, – тлумачыць адтэрміноўку Кацярына. – Працэсам падрыхтоўкі займаўся вясельны арганізатар: мы гаварылі ёй свае пажаданні, а яна раіла. Разам з Арцёмам рабілі падарункі для гасцей – араматызаваныя свечкі.
– Распісаліся 22 лютага 2022 года – выбралі прыгожую дату. А вясельную ўрачыстасць запланавалі на канец чэрвеня – хацелася, каб цёпла было. І ў той дзень стаяла такая спёка! – далучаецца малады чалавек. – Вяселле рабілі ў сядзібе, бо хацелася прыгожых пейзажаў, вулічную фотазону і, хоць па дакументах ужо былі мужам і жонкай, выязную рэгістрацыю – заручальнымі пярсцёнкамі абменьваліся яшчэ раз.
– Здарыўся і неспадзяванчык: падчас нашага танца запалілі халодныя фейерверкі, а калі мы пачалі кружыцца, пусцілі для прыгажосці дым – падумалі, што Каціна сукенка загарэлася, – смяюцца муж з жонкай.

Новая прапіска
Летам жыхарка Альхоўкі Рэната Пацойць стала гараджанкай – сям’я пераехала ў Астравец.

Пацойць Рэната.jpg

– Я працавала ў Альхоўскай школе намеснікам дырэктара, мне прапанавалі пасаду дырэктара Гудагайскай школы, бонусам да гэтага было арэнднае жыллё ў горадзе. І яно стала рашаючым фактарам, каб, не вагаючыся,  згадзіцца. Да слова, думка жыць у горадзе ў мяне даўно ўзнікала, – дзеліцца Рэната. – У Альхоўцы жылі ў доме мужавай бабулі. Трымалі невялікую гаспадарку, садзілі агарод – з аднаго боку, здавалася б,  чаго хацець. А з іншага: жыллё не ўласнае, кацёл на цвёрдым паліве – брыкету і дроў нарыхтуй, хата вялікая – паліць доўга трэба, тыя ж агарод ды гаспадарка догляду патрабуюць, а я часта адна з двума дзецьмі – муж працуе далёка.
Адаптацыя да новага месца прайшла хутка. Старэйшы сын ездзіць са мной у Гудагайскую школу – не хацела мяняць беларускамоўнае навучанне на рускамоўнае, малодшы наведвае астравецкі ДЦРД №1. І я ўжо прывыкла, што большая частка хатніх спраў адпала. Мы атрымліваем асалоду – ад усяго: касцёл блізка, магазінаў шмат, басейны… А на градкі –  да мамы ў Варону, каб  паразмінацца. (Смяецца.)   
Рада, што ўсё так склалася. І калектыў на новым месцы прыняў вельмі добра, сардэчна – з першых дзён адчуваю сябе сваёй, быццам увесь гэты час тут і была. Ды і калегі-дырэктары шмат дапамагаюць, некаторыя з іх былі маімі настаўнікамі: Алена Іванаўна Юркойць, Людміла Станіславаўна Сасноўская. 

Нараджэнне першынца
Напрыканцы лістапада ў Валерыя і Святланы Сухарэўскіх нарадзілася дзіця.

Сухарэўская Святлана.jpg

– Калі мы з мужам даведаліся, што ў нас будзе хлопчык, сталі думаць, як назавём. Глядзелі варыянты ў інтэрнэце і амаль за паўгадзіны сышліся на імені Мікіта. Адразу пачалі закупляць адзенне для малога: цяпер у магазінах столькі ўсяго прыгожага! На шчасце, розум пераважаў – не хапала усё, што падабаецца. Куды б цяпер падзела  тое, што хацела накупляць! – смяецца Святлана. – Калі надышоў час нараджаць, крыху хвалявалася. Валера падтрымліваў, уздымалі настрой і надавалі бадзёрасці духу смачняшкі, якія муж мне ў раддом перадаваў.
Ляжала ў Астравецкай бальніцы, мне збіраліся ў вызначаны дзень стымуляваць роды. А тут на змену заступіла доктар, якая вельмі падабалася. «Вось каб яна ў мяне роды прымала», – сказала я. А мне ў адказ: дамаўляйся са сваім сынам. І малы пачуў. (Усміхаецца.) Удзячна ўсім, хто дапамагаў у той момант. Мне было спакойна, упэўнена: доктар падхвальвае, санітарка па галаве гладзіць… Да слова, гэты год быў знакавым для маіх дзвюх сябровак і стрыечнай сястры Дзіяны – яны таксама сталі мамамі.

Першая камунія
Алег Мундуць лічыць, што менавіта пасля таго, як дайшоў да першай споведзі і прыняў святую камунію, стаў сапраўдным католікам.

Алег з бацькамі.jpg

– Гэта адбылося ў чэрвені ў кямеліш­скім касцёле. На ўрачыстасці разам са мной былі бацькі – яны мяне бласлаўлялі, а яшчэ – хросная маці і бабуля з дзядулем, – дзеліцца Алег. – Я хадзіў на навуку два гады. Нам расказвалі пра Бога, Касцёл, пра хрысціянскія абавязкі. Мы вучылі малітвы, выконвалі дамашнія заданні ў спецыяльных сшытках, чыталі, размаўлялі, малявалі, глядзелі мульцікі... Было ўсё зразумела, на беларускай мове. 
– На першую камунію мы апрануліся ў альбы. Той дзень быў для мяне хвалюючым: баяўся, каб чаго не пераблытаць. Але ўсё прайшло добра. Нам падарылі малітоўнікі, ражанцы, кніжачкі пра Бога. А потым мы хадзілі на белы тыдзень, у апошні дзень якога паехалі на экскурсію ў астравецкі, варнянскі і гудагайскі касцёлы. У Гудагаі нам надзелі шкаплерыкі, – працягвае хлопчык. І дадае: – Шчырая споведзь і пакаянне ў грахах – абавязковыя для хрысціяніна, і да камуніі трэба прыступаць не дзеля таго, што так заведзена, а з любові да Бога, з пастановай выправіцца, стаць лепшым.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: