Як рыхтуецца да Каляд і сустракае свята Божага Нараджэння сям’я Адула з Варнян

07:13 / 25.12.2022

IMG_9623.jpg

Больш за дзве тысячы гадоў назад святая сям’я не знайшла прытулку ні ў адным доме. Іх саграваў не агонь у печы, а дыханне жывёл у стайні. Маленькі Езус спаў не ва ўтульнай калысцы, а ў драўляных яслях з мулкім сенам… Нягле­дзячы на ўсе выпрабаванні, яны былі разам і, думаецца, былі самымі шчаслівымі ў свеце…  І цяпер ёсць шмат сямей, дзе шануюць і захоўваюць традыцыі продкаў; дзе над матэрыяльным пераважае духоўнае: вера, адносіны, чалавечнасць, павага адзін да аднаго і людзей; дзе на першае месца выходзіць «мы», а не «я»… Сям’я Юрыя і Наталлі Адулаў з Варнян, якія выхоўваюць 13-цігадовую дачушку Вольгу і 5-цігадовага сына Дзяніса, – якраз з такіх. 
Яны ўзгадалі калядныя традыцыі свайго дзяцінства і дарогу да веры, расказалі, як рыхтуюцца і сустракаюць Божае Нараджэнне, і адрасавалі пажаданні маленькаму Езусу і людзям.

IMG_9593.jpg

Рыхтавацца – значыць, чакаць
У Адвэнце – посце, які папя­рэд­нічае святу, ёсць цудоўная традыцыя – Рараты. Ранішні змрок у касцёле асвятляюць трапяткія агеньчыкі свечак і лампад – і святло веры ў вачах людзей. Адулы, па магчымасці, прысутнічаюць на такіх службах у варнянскім касцёле Святога Юрыя.
– Кожнаму дзіцяці ксёндз Вік­тар дае найклейкі. У таго, хто збярэ ўсе, атрымаецца карціна з выявай Божага Нараджэння. Мы з Дзяніскам таксама збіраем гэтыя пазлы, – расказвае Вольга. – Наш святар праводзіць латарэі. Звычайна ніхто не застаецца без падарункаў: ручак, каляровых алоўкаў і салодкіх прысмакаў. 
– Ксёндз адкрыты кожнаму і ў любы час. Ён ніколі не сустрэў чалавека без умешкі і добрага слова. Гэта, думаю, адчуваюць усе парафіяне, а дзеці – у першую чаргу. На Раратах святар расказвае павучальныя гісторыі з жыцця. Калі на ранішніх імшах бачу 30-40 хлопчыкаў і дзяўчынак – сэрца радуецца. Мне здаецца, і Бог гэтым цешыцца, – да размовы далучылася Наталля. – Святкаванне Божага Нараджэння ў нашай парафіі ўрачыстае. Веру, што цяперашняя зацікаўленасць дзяцей абавязкова перарасце ў звычку і ў большасці з іх вера застанецца ў сэрцы. 
Напярэдадні Адвэнту Адулы робяць два калядныя вянкі з га­лінак елкі: адзін прыма­цоўваюць на ўваходныя дзверы, як сімвал таго, што тут жыве каталіцкая сям’я, другі – з чатырма свечкамі – ставяць у пакоі.
– Нашай сям’і сёлета споў­нілася 15 гадоў. Увесь гэты час мы стараемся жыць па Божых запаветах. Традыцыі свайго дзя­цін­ст­ва пастараліся з Юрам пера­несці ў нашу сям’ю, – працягвае Наталля. – Вянок дапа­магалі плесці дзеці. Чатыры свечкі ўнутры яго сімвалізуюць працягласць тыдняў Адвэнту. Калі сядаем снедаць, абедаць ці вячэраць, запальваем неабходную іх колькасць. Такім чынам і Дзяніска разумее, што свята набліжаецца. 
– У нас ужо чатыры свечкі гараць, значыць – хутка з’явіцца Маленькі! – зазначае хлопчык. 

IMG_9634.jpg

Юрый і Наталля ўпэўнены, што дзяцей трэба выхоўваць праз ўласны прыклад. 
– Сына сталі браць у касцёл, як крыху падрос. Спачатку Дзяніс не разумеў, як сябе трэба паводзіць, але гэта прыйшло з часам. На Раратах ён адзін з самых малодшых, але не сваволіць, – расказвае Юрый. 
– Цяпер сын цікавіцца: чаму Божанька на небе? Чаму яго не бачна, але ён сярод нас? На першы погляд, гэта наіўныя пытанні, але адначасова яны глыбокія і філасофскія. Дапамагаюць і нам з мужам паглядзець на веру дзіцячымі вачыма, – лічыць Наталля. – Яшчэ некалькі гадоў назад Олю часам трэба было ўгаворваць схадзіць у касцёл, цяпер яна ведае: што ў нядзелю ідзём на беларускую імшу. 

Зорка – у небе і на ёлцы 
Каляды – ціхае сямейнае свята, калі ўсе збіраюцца разам. Пад белым абрусам ляжыць духмянае сена, а на стале стаіць 12 посных страў – па колькасці апосталаў. Яркімі агеньчыкамі падміргвае прыгажуня-ёлка. Пасля сумеснай малітвы ўсе дзеляцца аплаткай і жадаюць адзін аднаму дабрыні, шанцавання, спагады… 
– У нас штучная ёлка. Яе ўпры­гожваем з дзецьмі за тыдзень-два да свята. Цацкі пакупныя. У магазінах багаты выбар: адшукаеш шары любых памераў і колеру, – расказвае Наталля. – У маім дзяцінстве дрэва з лесу прыносіў тата. Цацкі беражліва даставалі са скрынкі. Калі якая паб’ецца – для нас з сёстрамі гэта было трагедыяй. Дарэчы, бацькі і цяпер упрыгожваюць ёлку тымі цацкамі. Калі прыязджаем да іх на свята, гля­джу на дрэва і ўзгадваю дзяцінства. Раней на галінкі чаплялі цукеркі. Яны так вабілі! Здаралася, з’ядалі з дзяўчатамі да таго, як разбіраць ёлку. Мне здаецца, мы больш чакалі Каляд, чым цяпер нашы дзеці, – прысмакі яны бачаць кожны дзень, а не толькі на свята.
– У нас была «завядзёнка» ста­віць ёлку менавіта 24 снежня. Днём бацька запрагаў каня ў сані і ехаў у лес. Старэйшыя браты былі шчаслівымі, калі тата іх браў з сабой. Мне, малодшаму, такой магчымасці не выпадала. Дрэва мацавалі на спецыяльнай падстаўцы, якая, сілкуючыся ад электрычнасці, круцілася, – узгадвае дзяцінства Юрый. – Нас у сям’і пяцёра. Пакуль мама з бабуляй Ядвігай завіхаліся на кухні, мы ўпрыгожвалі ёлку, і абавязкова разбівалі якую-небудзь цацку. А кожная была асаблівая – са сваёй гісторыяй. На галінкі чаплялі падсвечнікі са свечкамі і цукеркі, якія пазней у ўпотайкі ад бацькоў цягалі. Вечарам тата з суседніх Хралоў прывозіў бабулю Марыяну. З першай зоркай сядалі за стол – яго пасля вячэры не прыбіралі да раніцы. Касцёл быў зачынены, таму маліліся дома. Сена, якое клалі пад абрус, потым аддавалі жывёле. Менавіта ў калядную ноч – не на Новы год – да нас прыходзіў Дзед Мароз.
– У Кямелішках касцёл пра­цаваў. Калі мне было 6 га­доў, да нас прыслалі ксяндза Леанарда Чухоньскага. Ён знаходзіў падыход да кожнага, згуртоўваў ля сябе моладзь і дзяцей. Спачатку мне было проста цікава, потым вера пасялілася ў сэрцы – глыбока, – расказвае Наталля. – Да першай споведзі ў нашым касцёле тады даходзіла 100 чалавек рознага ўзросту. Разам з пробашчам мы святкавалі Калядкі. З тым часам звязаны самыя цёплыя і светлыя ўспаміны. Вельмі ўдзячна і бабулям за прыклад малітвы. Дзякуючы ім, шчырая і сапраўдная вера ў Бога адрадзілася праз пакаленне. Бабці Марыя і Яня жылі ў Ша­дзюнах: адна – з намі, другая – па суседстве. Каляды і Вялікдзень мы святкавалі разам. І ў моцную завіруху, і ў куслівы мароз пасля куцці ішлі ў касцёл на пастэрку. 
У Адулаў да Каляд рыхтуюцца разам: Оля і Дзяніс робяць вушкі, пакуль матуля занята іншымі прыгатаваннямі, – а тата ім дапамагае.
– Самае запамінальнае свята Божага Нараджэння – напэўна, леташняе, калі мы на куццю запрасілі бацькоў да сябе, – расказвае Юрый.
– Увогуле Каляды адзначаем па-рознаму: адзін год у маіх таты з мамай у Шадзюнах, куды прыязджаюць і  сёстры з сем’ямі, – удакладняе Наталля. – У Варнянах у нас яшчэ адна маці, Юрына, таму на другі год святкуем з ёй. Не хочацца, каб хтосьці з бацькоў быў абдзелены. Нават калі разам з роднымі не адзначаем Божае Нараджэнне, імкнёмся павіншаваць іх 25 снежня. Веру, што нашы дзеці, калі вырастуць, пра нас таксама не забудуць. 
…У вігілійны вечар Адулы запаляць свечку, памоляцца і, дзелячыся аплаткай, папросяць прабачэння за ўсе крыўды і пажадаюць адзін аднаму цудаў. Бо калядная ноч – самы час верыць і ведаць, што нічога немагчымага ў свеце не існуе, калі вы ра­зам і калі вы з Богам. 

IMG_9608.jpg

Пажаданні людзям і Дзіцятку Езусу

Наталля:
– Каб Божае Дзіцятка нарадзі­лася ў сэрцы кожнага чалавека і засталося там жыць. Каб людзі спадзяваліся на лепшае, верылі ў добрае і любілі бліжніх. Калядная ноч – асаблівая, шчырая і пранікнёная, і яе трэба перажыць годна. Хочацца, каб гэтае свята нешта перамяніла ў лю­дзях: у іх поглядах, адносінах. Каб яны разумелі, што самае галоўнае ў жыцці – заставацца чалавекам. 

Юрый: 
– Веры, надзеі і цярплівасці нам усім. 

Наталля:
– У гэтую чароўную святую ноч хочацца прашаптаць: «Езус, нарадзіся ў нашых сэрцах. У сэрцах нашых дзяцей і ў сэрцах блізкіх і знаёмых».

Юрый:
– І пасяліся ў душах людзей, якія ў цябе не вераць.

Вольга:
– Усім жадаю не сварыцца. Каб у гэтую ноч былі шчаслівымі, каб ніхто не быў адзінокім – ні ў гэты дзень, ні ў жыцці. Каб знайшліся тыя, хто зможа раздзяліць ра­дасць свята з пакінутымі. Мы па­вінны зрабіць усё, каб Езус быў шчаслівым – і мы разам із ім. 

Дзяніс: 
– З днём нараджэння, маленькі Езус!

Текст:
Фото: Алена Ганулич