Астравецкая школа мастацтваў адзначыла юбілей “на дзве пяцёркі” (+ відэа)

11:07 / 20.12.2022

IMG_6106.jpg

Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў адзначыла 55 гадоў з часу стварэння.

Як ляціць час!

Думаю, гэтыя словы часта прамаўлялі ўслых ці ў думках тыя, хто прыйшоў у мінулую пятніцу на канцэрт, прысвечаны 55-годдзю Астравецкай школы мастацтваў.

Перад тым я гартала архіўныя падшыўкі «Астравецкай праўды» і з цікавасцю перачытала рэпартаж са святкавання 30-годдзя тады яшчэ музычнай школы, інтэрв’ю з яе выпускнікамі: салістам ансамбля “Песняры” Аляксандрам Кацікавым і загадчыкам аддзялення Мінскай філармоніі Тарэсай Шэміс (Тарас).

Напэўна, тое ж падумалі выкладчыкі-ветэраны Данута Папеня, якая разам з братам Генадзем Стацінам у 1967 годзе стварала першую ў Астраўцы музычную школу; былы дырэктар Генрых Волчэк – ён 27 гадоў узначальваў калектыў; Святлана Ялоўская, Святлана Павалоцкая, Марыя Жэбіт – жанчыны прысвяцілі жыццё навучанню дзяцей музыцы. Яны з захапленнем глядзелі на колішніх выхаванцаў, якія выходзілі на сцэну ўжо ў якасці выкладчыкаў, з цяжкасцю пазнаючы ў прыгожых, таленавітых, апантаных, крэатыўных настаўніках сарамлівых, часам непаслухмяных дзяўчынак і хлопчыкаў.

IMG_6096.jpg

На гэтай думцы, пэўна ж, лавілі сябе бацькі тых вучняў, што ўжо скончылі школу, спрабуючы пазнаць у звонкагалосых юных артыстах ўласных дзяцей. І тыя, хто любаваўся сынамі і дочкамі, са здзіўленнем, нібы ўпершыню, заўважаючы, як яны выраслі, пасталелі, як упэўнена трымаюцца на сцэне.

Гэта адзначалі і гледачы – пастаянныя ўдзельнікі разнастайных імпрэз у школе мастацтваў, якія ў любую пару года прыходзяць сюды за добрым настроем і прыдачыненнем да свету цудоўнага. Кожны раз выкладчыкі і выхаванцы не перастаюць здзіўляць, прыдумваючы нешта новае. А на юбілейным канцэрце яны, здаецца, пераўзышлі самі сябе!

IMG_6076.jpg

IMG_6094.jpg

Кожнае выступленне народнага ансамбля народных інструментаў “Скарбніца”, які сёлета адзначыў 35-гадовы юбілей і якім бяззменна кіруе Надзея Шарэйка, – гэта сустрэча з Яе Вялікасцю Музыкай і радаснае здзіўленне дылетантаў кшталту мяне, што ім, таленавітым прафесіяналам, падуладны любы твор – ад класічнага да поп.

Узорныя дзіцячыя калектывы – хор “Ветразь” і ансамбль “Міхалінкі” – новыя тварыкі, галасы – і ўсё тая ж апантанасць.

Голас Дануты Блашкевіч, што б яна ні спявала, – заўсёды мароз па скуры.

Выступленне “духавікоў”, выкладчыка Уладзіслава Сапегі і яго вучня Максіма Бекетава, сёння – калег па групе “Вегас бэнд” – ногі самі просяцца ў скокі.

Кожны выхад на сцэну Таццяны Канчанін, Таццяны Падгайскай, Аксаны Баршэвіч і Ірыны Бордак з ансабля “Кансонанс” – гарантаваная асалода ад цудоўнага шматгалосся.

А Алена Капылова, якая выступіла ў дуэце з калегай Вольгай Грагоўскай са Смаргонскай школы мастацтваў, прадстала ў новым, нечаканым для тых, хто ведаў яе ўраўнаважанай і спакойнай, вобразе. Жанчыны, якія, як высветлілася, сябруюць з дзяцінства, літаральна “парвалі залу”, прадэманстраваўшы, якімі нечакана запальваючымі, экстравагантнымі, агністымі могуць быць цымбалы і цымбалісткі.

Вядома, як і на кожным юбілеі, гучалі ў той вечар віншаванні, падзякі і прызнанні, юбілярам уручалі ўзнагароды і падарункі.


IMG_6087.jpgIMG_6064.jpg

IMG_6104.jpg

IMG_6158.jpg

А самы каштоўны падарунак атрымалі ўсе, хто прыйшоў на канцэрт, – зала, да слова, была перапоўнена. Думаю, не толькі ў мяне ў той вечар у вушах і ў душы гучала цудоўная музыка і з вуснаў не сыходзіла ўсмешка…


З першых вуснаў

Генадзь Бычко, намеснік старшыні райвыканкама:

– Ваш юбілей – сапраўды на “дзве пяцёркі”, ці, у сучаснай сістэме адзнак, – на “дзясятку”. І такую ж ацэнку можна паставіць вашай работу.

Але заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Сёння ў вас чатыры калектывы, якія маюць званні “ Народны і “ Узорны” – але творчы патэнцыял школы мастацтваў дазваляе мець іх больш. Хочацца, каб вашы выпускнікі праслаўлялі Астравецкі раён далёка за яго межамі, каб імі ганарылася ўся краіна.


Сяргей Давыдзік, начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтва і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенкага аблвыканкама:

– Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў – адна з лепшых навучальных устаноў у сферы культуры нашай вобласці. Дастаткова сказаць, што летась за два мінулыя гады тут было 15 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У пэўнай ступені гэта вынік пастаяннай работы па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў музычнай адукацыі.


Вольга Баяровіч, загадчык сектара культуры райвыканкама:

– У гэтым годзе выхаванцы школы мастацтваў атрымалі 438 дыпломаў на розных творчых конкурсах – і гэта сведчыць пра якасць адукацыі. Хачу пажадаць вашаму калектыву захаваць усё лепшае, што было напрацавана за 55 гадоў, – і няспыннага руху наперад, да новых вышынь.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Видео: Нина Рыбик