Как покупали автомобили и чем заменяли лак для волос в СССР

08:00 / 18.12.2022

09.jpg

Амаль стагоддзе таму быў утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, які праіснаваў 70 гадоў і стаў Радзімай для многіх пакаленняў. Часта, гаворачы пра жыццё-быццё, мы, народжаныя ў СССР, узгадваем той перыяд, настальгічна параўноўваючы: а вось у наш час
Падзяліцца ўспамінамі і прыгадаць савецкае мінулае, мы папрасілі жыхароў астравеччыны. 

Гістарычная даведка
З першых дзён існавання савецкай улады ў цэнтры ўвагі Камуністычнай партыі было будаўніцтва шматнацыянальнай сацыялістычнай дзяржавы.
Паміж РСФСР і незалежнымі савецкімі рэспублікамі, утворанымі ў выніку сацыялістычнай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, пачалі складвацца федэратыўныя сувязі. Рэспублікі заключылі шэраг саюзных дамоўленасцей:
30 верасня 1920 г. – РСФСР і Азейбарджан,
28 снежня 1920 г. – РСФСР і УССР,
16 студзеня 1921 г. – РСФСР і БССР,
21 мая 1921 г. – РСФСР і Грузія.
12 сакавіка 1922 года ўтварыўся Федэратыўны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Закаўказзя, у які ўвайшлі Грузія, Арменія і Азейбарджан. 
Верасень 1922 года. 
У. Ленін звяр­нуўся да членаў паліт­бюро з прапановай аб аб’яднанні раўна­праўных савецкіх рэспублік у адзіную саюзную дзяржаву – СССР.
У кастрычніку-снежні 1922 года пле­нумы ЦК камуністычных партый Украіны, Беларусі, Азейбарджана, Арменіі і Грузіі выказаліся за аб’яд­нан­не савецкіх рэспублік.
Снежань 1922 года. 
Рашэнне аб неаб­ход­насці ўтварэння СССР адзін за дру­гім прымаюць з’езды Саветаў: 
VII Усеукраінскі, I Закаўказскі, 
IV Усебеларускі, Х Усерасійскі.
30 снежня 1922 года сазваны І з’езд Саве­таў СССР, які зацвердзіў Дэкла­рацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор, а таксама прызначыў У. Леніна старшынёй Савета народных камісараў СССР.
У 1924 годзе на ІІ з’ездзе Саветаў пры­нята першая Канстытуцыя СССР.
                                                                       Уладзімір ЯГОРЫЧАЎ, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.


Дзяўчаты на танцах адварочваліся, калі ў войску не служыў
Расказвае Уладзімір Пятровіч, г. Астравец:

23.jpg

– Я родам з Гервят. Пайшоў у армію ў 1987 годзе. У астравецкім ваенкамаце пасадзілі на аўтобус – і на Гродна, на прызыўны пункт. Прайшлі там медкамісію, а пасля прыязджалі «купцы» і разбіралі прызыўнікоў. Тыдзень прабыў у абласным цэнтры – у пункце і жылі, і спалі на трохпавярховых ложках, харчаваліся ў сталоўцы. «Забралі» нас маракі – і на цягнік. Куды едзем, ніхто не казаў. У выніку ў вучэбку трапіў у г. Піянерскі Калінінградскай вобласці, а праз паўгода адправілі ў Эстонію. Хацеў служыць у аўтароце, а выпала ў марфлоце – у Таліне. Праўда, мара вадзіць аўтамабіль усё ж спраўдзілася: вазіў спярша начальніка палітаддзела, а пасля – начальніка штаба ваенна-марской базы. Вадзіцелем прызначылі, таму што меў правы і патрэбныя катэгорыі, да таго ж у калгасе паспеў папрацаваць шафёрам – вопыт быў.
За час службы 2 разы ў адпачынак дамоў прыязджаў – 10 сутак давалі і плюс двое ў адзін бок – на дарогу. Раней цягнік хадзіў Талін-Мінск праз Гудагай, суткі – і ў хаце. Але хацелася ж яшчэ хутчэй на радзіму патрапіць, дык я ішоў на аўтобус Талін-Вільнюс: у 8 вечара сядаеш, а ў 8 раніцы ўжо ў Вільнюсе, адтуль на гірскі аўтобус – і ў Гервяты. З роднымі і сябрамі часта перапісваўся, ліст атрымаў – і адразу ж адказ высылаеш, бацькам пра адно расказваеш, хлопцам – пра іншае.

22.jpg

Пра армію нагадвае цяпер дзембельскі альбом са здымкамі (самі фатаграфавалі, рэактывы для праяўкі развадзілі, сушылі фота) і адрасамі саслужыўцаў – з розных краін Савецкага Саюза хлопцы былі: таджыкі, рускія, башкіры, казахі, латышы, беларусы… Дружна жылі.
Усе сябры-аднакласнікі 2 гады служылі, а мне выпала 3 – бо ў марфлоце. Аднак я не шкадую! І не разумею сучасных маладых людзей, якія «косяць», баяцца арміі. У мой час гэта сорамна было, на танцах ніводная дзяўчына з хлопцам танцаваць не ішла, калі ведала, што ў войску не быў – значыць, нешта з ім не тое. 

Каб набыць аўтамабіль ці мэблю, трэба было запісацца 
Расказвае Рычард Статкевіч, аг. Варона:

IMG_5952.jpg

– Сабраць грошы на машыну – не азначала, што яна ў цябе ўжо амаль у кішэні, трэба было яшчэ «адстаяць» чаргу. На яе запісвалі ў раённым цэнтры, да прыкладу, мяне, як працаўніка калгаса, – ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. У спісах пазначалі, якую марку аўто чалавек жадае набыць – я хацеў «Жыгулі» першай мадэлі. Дзесьці праз год купіў (гэта быў 1983-ці), але трэцюю мадэль, бо першай на той момант не было – давялося б зноў чакаць. А яшчэ ж і грошай не хапала – бацькі дапамаглі. Каштавала мая «ластаўка» 8 500 рублёў.
У Астраўцы далі выпіску, тут жа ў банку аплаціў за машыну і з квітком выправіўся ў Гродна ў аўтамагазін. З колерам не вагаўся, што прапанавалі ўзяць, на тое і згадзіўся – прыгнаў дамоў цёмна-сінія «Жыгулі». Ад’ездзіў 4 гады, а потым прадаў за столькі ж, за колькі і купіў, і паклаў тыя грошы на «кніжку» – і сёння яны там ляжаць. Мог за іх «Масквіча» ўзяць, але не хацеў. Пра «сямёрку» марыў… 
А вось з мэбляй прасцей было. У калгаснай канторы запісвалі, што хочам набыць. Выбіралі, па прынцыпе, як і з машынай: што было, праўда, разлічваліся на месцы, у магазіне. Мы з жонкай узялі вялікую, на ўсю сцяну, лакіраваную секцыю, яна і цяпер у нас стаіць. Набылі яе за страхоўку. 
За прадуктамі ездзілі ў літоўскую Вілейку. Каўбасы, рыбу, хлеб, садавіну, малочныя прадукты бралі… Закупішся на 25 рублёў – цэлы тыдзень ясі. Ды і па адлегласці было недалёка: за абедзенны перапынак паспявалі туды і назад. Лічы ўвесь наш раён там «сядзеў». (Смяецца.) Не заграніцай, а адной вялікай краінай мы былі. Тыя часы ўзгадваю з настальгіяй, так жылі ўсе – і для нас гэта не было нечым дрэнным.

IMG_5937.jpg


На выхад абувалі боты-казачкі, а лакам для валасоў была салодкая вада
Расказвае Яніна Грынчук, г. Астравец:

IMG_5977.jpg

– Прыгадаю моду сярэдзіны 1970-х – пачатку 1980-х – гэта гады маёй маладосці. Адзенне ў асноўным мама шыла. Сукенкі насілі сярэдняй даўжыні, а вось на вяселле ўбіраліся ў доўгія, бо ка­рот­­кія  лічыліся несвяточнымі.
Выбару тканіны ў магазінах у той час асабліва не было. У нашу вёску (я родам з Ашмяншчыны) да родзічаў прыязджалі палякі і прывозілі крымплен і крышталон – гэта лічылася вышэйшым шыкам. Мы купілі тую тканіну і аднеслі да швачкі. Яна зрабіла мне модную блузку з вострым каўнерыкам і манжэтамі на гузіках і спадніцу ў чатыры кліны за калена. Помню, убралася, надзела на руку гадзіннік «Заря» – ён меў форму ромба, а па краі насечка зроблена – іду па вёсцы і спецыяльна руку выцягваю, каб бачылі, які ў мяне гадзіннік. А ўсе дзівуюцца, дзе такі прыгожы купіла. (Смяецца.) Завушніцы тады мала хто насіў, у асноўным – кліпсы, а на шыі – пацеркі.
У трэндзе былі боты-панчохі на абцасах – ніз лакіраваны, а верх – замшавы; і высокія боты-казАчкі (зімовыя) з закругленым носікам і на высокіх абцасах. Да слова, абутак быў вельмі якасны: купіш, носіш-носіш, хацелася б і штосьці новае, а яму зносу няма.

IMG_5976.jpg

З верхняй вопраткі часцей насілі паліто, шубы ў асноўным са штучнага футра. Галаўныя ўборы – вязаныя махеравыя і футравыя шапкі.
Хлопцы на выхад надзявалі доўгія, якія амаль закрывалі абутак, штаны-клёш – іх шылі на заказ – з востра адпрасаванымі стрэлкамі і каляровыя прыталеныя кашулі з завостранымі каўнярамі і запінкамі на манжэтах.
Каб зрабіць прычоску, дзяўчаты валасы змочвалі салодкай вадой (яна была замест лаку) і завівалі на бігудзі, а калі даўжэйшыя, то карысталіся самаробнымі анучкамі – нарэзанай на пасачкі шырынёй у сантыметр тканіны з закручанай на яе паперай. Часам высвятлялі грыўкі аміякам. У хлопцаў была мода на доўгія, да плеч, валасы.

Выпісвалі шмат літаратуры, а настаўнікі ладзілі шыкоўныя святы
Расказвае Кацярына Каваленка, аг. Малі:

38.jpg

– У сям’і любілі чытаць і бацькі, і дзеці. Бібліятэка ў нас была вялікая. Праўда, кнігі вядомых аўтараў былі дэфіцытам. Па папярэднім запісе ў мясцовым кніжным магазіне можна было набыць асобнікі папулярных айчынных і замежных пісьменнікаў. Выпісваў тата кнігі і па пошце. Прывозілі літаратуру і ў арганізацыі – працаўнікам прапаноўвалі купляць выданні, якія карысталіся попытам у чытача, але ў «нагрузку» да іх абавязкова дадавалі некалькі непапулярных, звычайна невялікіх па фармаце, кніжачак. Напрыклад, гэта маглі быць парады садаводу ці штосьці кшталту гэтага. У якасці бонусу за здадзеную макулатуру таксама была магчымасць набыць творы любімых паэтаў і пісьменнікаў. Да слова, кошт кнігі быў даступны.
Шмат мы выпісвалі перыёдыкі – часта паштовая скрыня не змяшчала ўсяго. Чыталі да паўночы. (Усміхаецца.) Прыходзілі ў наш дом газеты «Труд», «Правда», «Астравецкая праўда», «Комсомольская правда», часопісы «Огонёк», «Вокруг света», сатырычны «Вожык». А яшчэ часопіс «Бурда Модан» – адтуль я брала выкрайкі і шыла сабе ўборы. Часам мяняліся газетамі з суседзямі.
Дзеці з нецярпеннем чакалі чарговых нумароў часопісаў «Мурзилка», «Юность», газет «Зорька», «Знамя юности», «Пионерская правда» – там змяшчалі цікавыя апавяданні, артыкулы пра школы, піянерскія арганізацыі краіны. Чыталі, а потым дзяліліся ўражаннямі з аднакласнікамі… 
Дарэчы пра школу. Гэта былі 1950-1960-я гады. Якія ж цудоўныя святы ладзілі для нас настаўнікі! Сколькі мерапрыемстваў праводзілі! Асабліва помняцца два. На Дзень піянерыі ў Астравец з’язджаліся дзеці з раёна, праходзіла свята каля лесапарку – на гары, абавязкова распальвалі вялікае вогнішча, спявалі піянерскія песні; быў арганізаваны гандаль: прадавалі марожанае і ліманад. А яшчэ святкавалі Дзень ураджаю. Ля нашай школы (цяпер – частка сучаснай СШ №2: двухпавярховы будынак, які «глядзіць» на гарадскі сквер. – Заўв. аўт.) былі вялікі агарод і сад – імі апекавалася настаўніца біялогіі Кацярына Філатава, а дзеці дапамагалі даглядаць. Усё вырашчанае ішло для дзіцячага харчавання. Дык вось, калі агародніна і садавіна былі сабраныя, настаўніца ладзіла свята. Вучні і педагогі збіраліся на другім паверсе школы, накрывалі стол, нават салаты гатавалі, а потым частаваліся, танцавалі, спявалі, а лепшых памочнікаў па агародзе-садзе ўзнагароджвалі граматамі і кнігамі.

52.jpg


На партыйных сходах бралі сацабавязацельствы
Расказвае Аляксандр Пятроўскі, г. Астравец:

IMG_6002.jpg

– Быў я і піянерам, і камсамольцам. У каму­ністыч­ную партыю ўступіў падчас службы ў арміі, у 1965 годзе. Калі вярнуўся на Аст­ра­веччыну, райкам адправіў у Масцяны, быў майстрам трактарнай брыгады ў БМУ меліярацыі. Кожны месяц з заробка вылічвалі членскія ўзносы – гэта ўсё пазначалася ў спецыяль­най кніжачцы.
А пасля перайшоў працаваць вадзіцелем у Астравецкую сельгастэхніку. Камуністаў там было няшмат. Сакратар партыйнай ячэйкі сумяшчаў грамадскую дзейнасць з асноўнай. Штомесяц праводзілі агульныя сходы, на якіх збіралі ўсіх, незалежна ад таго, з’яўляліся работнікі членамі партыі ці не. Мы разглядалі рашэнні пленумаў, працоўныя пытанні вырашалі, абмяркоўвалі падрыхтоўку да дзяржаўных свят; вылучалі кандыдатуры для ўдзелу ў раённых справаздачных сходах, партканферэнцыях, а таксама для занясення на Дошку гонару; бралі як асабістыя, так і калектыўныя сацабавязацельствы па выканні планаў на месяц, квартал або год – па іх выніках потым узнагароджвалі перадавікоў. Я часта выступаў на такіх сходах.
Камуністы заўсёды былі ў першых радах – што на парадах, што на іншых мерапрыемствах. І мелі пэўныя прывілеі. Напрыклад, калі на арганізацыю выдзялялі новую тэхніку, то ў першую чаргу яе атрымліваў работнік, які з’яўляўся членам партыі, – ад гэтага, вядома ж, залежала і зарплата. Альбо жыллё: сярод тых, хто меў патрэбу ў ім, перавагу аддавалі камуністам. 
Дарэчы, калі чалавека вылучалі на кіруючую пасаду, то гэта адбывалася па рэкамендацыі райкама партыі.

Дзед Мароз прыязджаў на санях і частаваў «падушачкамі»
Расказвае Ядвіга Васілеўская, г. Астравец:

IMG_5994.jpg

– Нарадзілася я ў Смаргонскім раёне, дзяцінства прыпала на 40-я -50-я гады мінулага стагоддзя. Новы год, як і ўсе малыя, вельмі чакала. Асабліва Дзеда Мароза, які прыязджаў на запрэжаным у сані кані! Не так, канешне, выглядаў, як цяпер – у шыкоўным уборы. Твар у яго быў размаляваны – не пазнаць, сціплая вопратка… Але як дзеці радаваліся – для нас гэта быў самы найчароўнейшы чараўнік. Мы загадзя ведалі, калі ён з’явіцца ў вёсцы, з хаты нікуды не выходзілі, каб не размінуцца. Дзед Мароз заходзіў у кожны дом, малыя расказвалі яму вершы, я і песню магла саспяваць, і за гэта ў падарунак атрымлівалі цукеркі-падушачкі ў папяровых кульках.
У зале да гэтага часу ставілі невялікую ёлачку – тата з лесу прыносіў, яе мы разам упрыгожвалі. Цацак куплёных мала было, рабілі самі – з паперы выстрыгалі ліхтарыкі, з саломкі ланцужок майстравалі, а вось гірляндаў-агеньчыкаў не было ў мой час, да галінак мацавалі маленькія свечачкі на пры­шчэпках і запальвалі толькі тады, калі ў хаце былі. А я ўжо радая тады, танцую ад шчасця! Пад ёлку Дзед Мароз таксама прыносіў мне падарунак – ці кофтачку, ці сукеначку.
Калі пайшла ў школу, на навагоднія ранішнікі мама са старэйшай сястрой мне рабілі касцюмы. І зайчыкам была, і мядзведзікам, і Снягурачкай – сукенку з накрухмаленых марлевых фіранак мама пашыла. А якой жа здавалася велічэзнай школьная ёлка! Сёння разумею, што не вышэйшай яна была за тыя, што цяпер у хатах ставяць. (Смяецца.)
У вёсцы мала хто спраўляў Новы год. А мы адзначалі. Страў асаблівых, як цяпер, не было: катлеты, каўбаскаў мама наварыць, яек, паляндвічкі вяленай нарэжа, агуркі салёныя з бочкі, квашаную капусту накладзе, булачак напячэ – і гэта лічылі святочным сталом.
І яшчэ абавязковая традыцыя ў нашай сям’і была – супольна памаліцца ў Новы год.
У маёй вёсцы не «салютавалі» на гэтае свята. Што яго стрэ­ламі сустракаюць, я ўпершыню пачула, калі выйшла замуж і пераехала жыць на Астравеччыну, у Свіршчызну, – з ружжаў палілі.
Нялёгка нам жылося, але пакрысе ўсё ішло да лепшага… І, ведаеце, ніколі не думала, што дачакаю такога добрага жыцця, як цяпер.

IMG_5991.jpg

Фота аўтара і з архіва герояў.






Текст: